Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Ночная набережная Храм Постав Набережная Поставы ночью Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Набережная
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
1 марта 2021

За 50 гадоў – звыш 18 тысяч вадзіцеляў падрыхтавала раённая арганізацыйная структура ДТСААФ

Заўтра калектыў адзначыць юбілейную дату. Напярэдадні яе карэспандэнт «Пастаўскага краю» пагутарыла са старшынёй структуры Валерыем Лушчыкам.

— Валерый Антонавіч, пачнём з гісторыі…

Яна неаддзельная ад гісторыі краіны. У першыя пасляваенныя гады структуры абароннага таварыства прыступілі да ваеннага навучання насельніцтва, падрыхтоўкі рэзерву для Узброеных Сіл. З гэтай мэтай у буйных гарадах былі створаны аўтамабільныя школы, а ў раённых цэнтрах — іх падраз­дзяленні. Менавіта ў той перыяд у Паставах з’явілася арганізацыя ДТСААФ: спачатку як філіял Віцебскай аўташколы, затым — Шаркаўшчынскага аўтамотаклуба. Самастойнай структурай яна стала ў 1971 годзе — 25 лютага старшыня Віцебскага абласнога камітэта ДТСААФ падпісаў загад аб стварэнні Пастаўскага спартыўна-тэхнічнага клуба (у 2003 годзе ён быў перайменаваны ў раённую арганізацыйную структуру). З таго часу мінула паўстагоддзя.

— Хто ўзначальваў калектыў і якую матэрыяльна-тэхнічную базу меў клуб?

— Пастаўчане старэйшага пакалення добра памятаюць Міхаіла Вараб’ёва, які быў назначаны першым старшынёй клуба і плённа адпрацаваў на гэтай пасадзе шмат гадоў. На змену яму прыйшоў Іосіф Падгайскі, а 20 апошніх гадоў калектывам кірую я. Не магу не назваць і тагачасных майстроў Іосіфа Танану і Віктара Кукеля, выкладчыка Івана Гецьмана, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы, то яна была беднай. Напачатку клуб меў толькі 2 грузавыя аўтамабілі, 1 легкавы і 1 матацыкл.

— А колькі тэхнікі ў карыстанні цяпер?

— Намнога больш: 5 легкавых аўтамашын, 1 КамАЗ, 1 ГАЗ-52. За ўласныя сродкі перабудавалі гаражы, якія сталі добраўпарадкаванымі. З дапамогай райвыканкама ўдалося абуладкаваць выдатны аўтадром ля Юнек. Створаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі вадзіцеляў.

— Немалаважна і тое, хто навучае.

— У калектыве ўсяго 9 чалавек. Кадры ў нас адказныя. Майстры і выкладчыкі працуюць у асноўным на 1,25 або 1,5 тарыфнай стаўкі. Аксакал па ўзросце і вопыце работы Вячаслаў Спасібенка. Найвышэйшай кампетэнцыяй валодае Анатолій Чараваценка. Амаль 100% навучэнцаў Анатолія Місуны здаюць экзамен у ДАІ з першага разу. Ураўнаважаны, настойлівы ў дасягненні мэты Аляксей Пашкевіч. Анатолій Чараваценка і Аляксей Пашкевіч неаднойчы займалі прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства майстроў і выкладчыкаў. Нядаўна прыйшоў у калектыў і добра зарэкамендаваў сябе Уладзімір Кугара. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі галоўны бухгалтар Ала Далінкевіч і бухгалтар Аксана Лушчык.

Па 15-20 гадоў адпрацавалі ў калектыве і пакінулі пасля сябе добры след Эдуард Казура, Іван Лятко, Уладзіслава Ожаль, Ірына Януковіч, а Сяргей Фралоў — з 1974-га да сёлетняга года.

— Вашай арганізацыяй за 50 гадоў падрыхтавана 18 тысяч вадзіцеляў розных транспартных сродкаў.

— Дакладней — 18 113 вадзіцеляў грузавых і легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў, аўтапаяздоў. Штогод выпускаем каля 300 вадзіцеляў аўтамабіляў розных катэгорый. А 2009-ы стаў рэкордным — 468! З 2018-га вядзём перападрыхтоўку з катэгорый «В» і «С» на катэгорыю «А». У 2019-м адкрылі курсы вадзіцеляў міжнародных перавозак. Летась іх закончылі 104 чалавекі. Нашы паслугі заўсёды запатрабаваныя. Пра высокую якасць навучання сведчаць добрыя вынікі на экзамене і ўдзячныя водзывы былых курсантаў.

— А чым яшчэ, акрамя падрыхтоўкі вадзіцеляў, займаецеся?

— Калектыў раённай арганізацыйнай структуры, члены грамадскага савета пры ім і актывісты праводзяць вялікую патрыятычна-выхаваўчую работу з моладдзю. Асабліва папулярны стралковы спорт. Мы даём школам пнеўматычныя вінтоўкі, кулі, мішэні, прызы для пераможцаў раённых спаборніцтваў. Некалькі вінтовак за бюджэтныя грошы набыў для школ раён. Юныя пастаўскія стралкі штогод вызначаюцца ў абласных спаборніцтвах: займаюць прызавыя месцы, выходзілі чэмпіёнамі. Садзейнічаем развіццю картынгу. Выступаем арганізатарамі і спонсарамі розных спаборніцтваў сярод школьнікаў і навучэнцаў каледжа. Сустракаемся з дапрызыўнікамі, прывіваем ім пачуццё патрыятызму.

— Аднак вернемся да юбілею…

— Юбілейная дата — гэта нагода падвесці вынікі зробленага і акрэсліць перспектывы на будучыню. Напрамкі нашай работы застануцца ранейшымі. Працягнем яе ўдасканальваць. У завяршэнне размовы хачу павіншаваць з юбілеем і сказаць словы ўдзячнасці тым, хто працаваў раней або працуе зараз у арганізацыі, а таксама пажадаць поспехаў усім былым і цяперашнім курсантам.

Гутарыла Фаіна Касаткіна, газета «Пастаўскі край»

Интернет-ресурсы