5 лістапада ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску прайшоў VII Адкрыты конкурс мастацтваў “Хрустальная ліра”. Другі год запар сярод яго ўдзельнікаў былі выхаванцы вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна пад кіраўніцтвам А. А. Нікалаевай. Студыю прадстаўлялі два калектывы — “Фантазія” і “Класная кампанія”. Абодва выступалі ў групе “Ансамблі” ва ўзроставай катэгорыі 12—15 гадоў. Першы выконваў джазавую кампазіцыю “Асенні блюз”, а другі — песню на беларускай мове “Не бывае неба лепшага”, музыку якой напісала вядомы кампазітар Алена Атрашкевіч. Так атрымалася, што яна ж узначальвала журы конкурсу, і гэта акалічнасць дабавіла яшчэ больш хваляванняў нашым юным артыстам. Тым не менш аўтару песні спадабалася і яе выкананне, і харавая аранжыроўка, зробленая Аксанай Анатольеўнай Нікалаевай.
Дамоў пастаўчане вярнуліся з дыпломамі і кубкамі. “Фантазія” заняла першае месца ў названай вышэй групе, а “Класная кампанія” — другое.
Алена ШАПАВАЛАВА, газета «Пастаўскі край»