Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Ночная набережная Храм Постав Набережная Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Храм Постав
Набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
13 мая 2016

Урачыста, удзячна, незабыўна

З кожным годам усё далей адыходзіць у гісторыю самая кровапралітная і жорсткая вайна ў гісторыі Айчыны. Але колькі б гадоў ні аддзяляла нас ад мая 1945 года, свята Перамогі было і застаецца сімвалам урачыстасці жыцця. Гэта пацвердзілі і мерапрыемствы, якія прайшлі ў райцэнтры.

8 мая ажыўлена было на адкрытай пляцоўцы ля кінатэатра “Радзіма”, дзе пад назвай “Спявае пераможная вясна” з канцэртнай праграмай выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і маладыя выканаўцы цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. Прыхільнікі ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Леаніда Косава і вакальна-інструментальнага ансамбля “Музей” сустрэліся з гэтымі калектывамі ў раённым Доме культуры на прэм’еры новай праграмы “Незабыўныя мелодыі”.

Насычанай атрымалася першая палова дня 9 мая. У рамках аўта­прабегу былі ўскладзены вянкі да помнікаў і абеліскаў, устаноўленых на месцах пахавання мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мінутай маўчання і ўскладаннем вянкоў і кветак была ўшанавана памяць савецкіх воінаў і партызан, пахаваных у брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай. А галоўныя дзеі адбыліся ў цэнтры горада, куды сыходзіліся святочныя калоны навучальных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый.

Воінскаму подзвігу — жыць

У па-святочнаму ўпрыгожаным скверы, ля помніка праслаўленым камандзірам генерал-маёру Ігнацію Вікенцьевічу Кляра і гвардыі палкоўніку Дзмітрыю Васільевічу Харольскаму, якія загінулі пры вызваленні Пастаўшчыны, адбыўся мітынг. Ганаровае месца тут занялі ветэраны вайны і працы, вязні, зведаўшыя фашысцкую няволю, воіны Пастаўскага гарнізона, школьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый горада. У 71-ы раз сустрэлі свята Вялікай Перамогі Мікалай Яўстаф’евіч Зубовіч, Аляксандр Аляксандравіч Антух, Віктар Іванавіч Ашчэпкаў, Іларыён Савельевіч Русалоўскі, Барыс Дзмітрыевіч Сямашка і іншыя ветэраны вайны.

— Для Беларусі Дзень Перамогі сапраўды свята са слязамі на вачах, — адзначыў, вітаючы прысутных, старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў. — У барацьбе з ворагам наша краіна панесла велізарныя страты. За гады акупацыі матэрыяльны ўрон перавысіў бюджэт рэспублікі 1940 года ў 35 разоў. Фашысты спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Самай балючай і цяжкай аказалася гібель людзей. У гады вайны ў Беларусі загінуў кожны трэці. На тэрыторыі раёна было спалена 39 населеных пунктаў, знішчана больш за 5500 мірных жыхароў.

Адзначаючы гэта вялікае свята, мы выказваем глыбокае прызнанне і падзяку ўсім удзельнікам вайны: франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, працаўні­кам тылу. Мы ганарымся подзвігам народа-пераможцы, нізка схіляем галовы перад памяццю загінулых. На тэрыторыі нашага раёна ў брацкіх магілах знайшлі вечны спачын больш за 770 савецкіх воінаў і партызан. У выніку пошукава-даследчай работы на Пастаўшчыне ўстаноўлены 224 прозвішчы загінулых, якія раней лічыліся невядомымі. Гэта работа працягваецца і сёння.

— Час няўмольны. З кожным годам радзеюць рады тых, хто здабываў Перамогу, — працягваў далей В. С. Гутараў. — Сёння ў Пастаўскім раёне пражываюць толькі 32 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і 102 былыя вязні фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і гета. Дзяржава робіць і будзе рабіць усё для вырашэння іх сацыяльна-бытавых праблем. Нашай агульнай задачай з’яўляецца ўмацаванне сувязяў гераічнага мінулага з днём сённяшнім, выхаванне ў маладога пакалення патрыятызму, любові да Беларусі. З гонарам нясуць эстафету старэйшых, надзейна ахоўваюць мір і спакой у нашым агульным доме — Беларусі — воіны Пастаўскага гарнізона. Вялікі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі ўно­сіць раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ініцыятарам многіх значных грамадзянска-патрыятычных акцый і праграм выступае раённы камітэт БРСМ. Шмат добрых і карысных спраў на рахунку раённай піянерскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае каля 2700 школьнікаў.

Дзеці, унукі і праўнукі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны годна прадаўжаюць працоўныя традыцыі. Нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, у народнагаспадарчым комплексе раёна выконваюцца асноўныя вытворчыя паказчыкі. У складаных кліматычных умовах вядуцца веснавыя палявыя работы. Стабільна функцыянуюць установы сацыяльнай сферы. Мы жывём пад мірным, ясным небам, маем магчымасць працаваць, гадаваць дзяцей, вучыцца.

Кіраўнік раённай вертыкалі пажадаў удзельнікам свята моцнага зда­роўя, шчасця, міру і згоды, дабрабыту ў сем’ях.

Ад імя абаронцаў Айчыны пастаўчан і гасцей горада вітаў намеснік начальніка першага радыётэхнічнага цэнтра па ідэалагічнай рабоце вайсковай часці 25888 маёр Дзмітрый Валянцінавіч Дзевятоўскі.

У апошнія гады стала добрай традыцыяй у Дзень Перамогі прымаць у піянеры лепшых вучняў устаноў адукацыі горада. Вось і сёлета такое права сваёй выдатнай вучобай, карыснымі справамі заваявалі 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ганаровае права зачытаць урачыстае абяцанне было прадастаўлена ваеннаслужачаму, старшаму лейтэнанту першага радыётэхнічнага цэнтра вайсковай часці 25888 Сяргею Корневу і старшаму лейтэнанту юстыцыі, сакратару пярвічнай арганізацыі БРСМ 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Вікторыі Дубовік. Піянерскія гальштукі новаму папаўненню павязалі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы. На ўсё жыццё гэты момант запомніцца Дашы Шэлег, Міраславе Гінько, Дашы Ясінскай, Соф’і Лазікевіч, Злаце Падалец, Дзянісу Фядзевічу, Насці Балаболавай, Ліяне Савельевай, Вераніцы Турла, Дашы Чаркес, Паўлу Каліце, Ані Русак, Дашы Катовіч, Сашу Есьману, Яне Карпуховай. Уступаючы ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, яны далі абяцанне ветэранам, сотням дарослых любіць Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, прадаўжаць слаўныя традыцыі піянерыі краіны. Адна з іх — ведаць і памятаць пра веліч подзвігу арміі і народа. У знак вечнай удзячнасці юныя ўдзельнікі свята падарылі ветэранам цюльпаны.

Мітынг завяршыўся ўрачыста-жалобнай цырымоніяй ускладання да помніка вянкоў і кветак. Яго ўдзельнікі мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых. У іх гонар прагучаў збройны салют.

Адклікнулася ў сэрцы кожнага

Затым галоўныя дзеі ўрачыстасцей перамяс­ціліся на плошчу Леніна. Тут пад назвай “І адклікнецца ў сэрцы кожнага Перамога” адбыўся святочны канцэрт з удзелам самадзейных калектываў і выканаўцаў. Адкрыў яго ансамбль барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў. А потым удзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы РДК пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні адрасавалі гара­джанам і гасцям песні “Пісьмы з 45-га” і “Паставы”. Ветэранам прысвя­ціла сваё выступленне салістка Яўгенія Бяляўцава. А вакальная група раённага цэнтра культуры і народнай творчасці песняй “Бессмяротны полк” суправаджала выхад ­удзельнікаў Усебеларускай патрыятычнай акцыі “У страі — заўсёды, у памяці — навечна”. Па плошчы з фотаздымкамі франтавікоў і партызан прайшло больш за 200 дзяцей і дарослых. У параўнанні з мінулагоднім, юбілейным, Днём Перамогі іх колькасць яшчэ больш узрасла. Дзякуючы школьнікам, дзецям, унукам і праўнукам ветэранаў, яны праз сем дзесяцігоддзяў пазіралі на нас з пажоўклых партрэтаў, выклікаючы хвалюючыя, шчырыя пачуцці. Аркадзій Васільевіч Шалугін, Уладзімір Аляксандравіч Смірноў, Іван Сямёнавіч Струй, Васілій Кандрацьевіч Швед, Іван Аляксандравіч Лаўніковіч, Якаў Іванавіч Ашых­мін і дзясяткі, сотні іншых ветэранаў прай­шлі рознымі ваеннымі дарогамі, але аднолькава любілі жыццё, працавалі дзеля мірнага сённяшняга дня. Кожны з ветэранаў — гэта цэлая гісторыя. Трапіўшы ў сімвалічны “Бессмяротны полк”, яны навечна застануцца ў яго радах і праз многія дзесяцігоддзі, як і сёння, будуць побач з намі. Праходжанне ўдзельнікаў акцыі ўсе прысутныя сустракалі стоячы, аддаючы даніну павагі і памяці пераможцам, землякам, якія загінулі на вайне, працавалі, радаваліся жыццю.

Сугучным кранальнай дзеі з’явілася папуры на тэму ваенных песень у выкананні народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” РДК. Жыцце­сцвярджальнымі, поў­нымі энергіі і народнай творчасці атрымаліся выступленні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Паазер’е” і танцавальнага калектыву “Пралескі” Пастаўскай ДШМ, узорнай эстраднай студыі “Юніта”, танцавальных калектываў “Скай Дэнс” і “Непаседы” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, салістаў Дар’і Мацкевіч, Ганны Раўданік, Аляксандра Апанасевіча. Цікавым атрымалася паказальнае выступленне са службовым сабакам супрацоўнікаў Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Святочнаму настрою паспрыяла сонечнае, цёплае надвор’е. Радавалі зеляніна дрэў, квецень садоў, шматколернасць флажкоў, шчырыя ўсмешкі на тварах лю­дзей, мноства дзяцей, для якіх знайшліся свае захапленні. А вечарам на плошчы зноў было мнагалюдна. Райкам БРСМ разам з культработнікамі арганізавалі маладзёжную акцыю “Мы памятаем” і дыскатэку.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА

Интернет-ресурсы