Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Ночная набережная Храм Постав Поставы ночью Дворец Тызенгауза
Набережная
Набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
24 ноября 2023

У раённым Доме культуры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 65-годдзю ўтварэння Рассвета Пастаўскага

У мінулую пятніцу пасля абеду работнікі КБУП «Рассвет Пастаўскі» спяшаліся не ў свае кабінеты і на будаўнічыя пляцоўкі, а ў раённы Дом культуры на ўрачыстасць, прысвечаную 65-годдзю ўтварэння прадпрыемства.

Пастаўская міжкалгасная будаўнічая арганізацыя — а менавіта так першапачаткова называўся «Рассвет Пастаўскі» — была створана 28 кастрычніка 1958 года па рашэнні агульнага сходу ўпаўнаважаных калгасаў-пайшчыкаў. 3 лістапада гэта рашэнне было зацверджана пастановай райвыканкама. За 65 гадоў існавання прадпрыемства перажыло шэраг рэарганізацый, падчас якіх не раз мяняліся яго назва і падпарадкаванасць: «Рассвет» то быў самастойнай адзінкай, то ўваходзіў у склад іншых арганізацый і аб’яднанняў.

— Мы прайшлі асаблівы, складаны шлях, які не мае аналагаў сярод роднасных арганізацый, — гаварыў са сцэны, віншуючы калектыў з юбілеем, дырэктар КБУП «Рассвет Пастаўскі» Альфрэд Малец— Адной з яго асаблівасцей было прыняцце на баланс калгаса «Рассвет». У той няпросты час, які патрабаваў напружанай працы, мы будавалі, аралі, сеялі, убіралі, выраблялі малако і мяса. Другая асаблівасць — гэта пастаянны пошук новых тэхналогій, арганізацыі работ, заказчыкаў, прычым не толькі ў сваім рэгіёне. Як прыклад: многія імкнуліся працаваць на ўзвядзенні АЭС у Астраўцы, але з усіх арганізацый Віцебшчыны атрымалася толькі ў нас. У выніку ў прадпрыемства склалася рэпутацыя надзейнага падрадчыка ў суседніх рэгіёнах. Пры гэтым галоўнай пляцоўкай заставалася, канешне ж, Пастаўшчына. Лічу, што за гады існавання «Рассвет Пастаўскі» ўнёс істотны ўклад ва ўмацаванне эканомікі раёна, будуючы жыллё, сельскагаспадарчыя, вытворчыя, сацыяльныя аб’екты, працуючы на палях.

Прадпрыемства заўсёды імкнулася быць першым. І гэта пацвярджае тое, што яно двойчы заносілася на Дошку гонару Віцебскай вобласці, мае ўзнагароды Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Саюза будаўнікоў і Прэм’ер-міністра краіны, шмат разоў перамагала ў раённым спаборніцтве. Але гэта ў мінулым. Для новых працоўных здзяйсненняў патрабуюцца новыя рашэнні, што выдатна разумее кіраўніцтва. Па словах Альфрэда Іосіфавіча, наперадзе — чарговы этап мадэрнізацыі і абнаўлення асноўных фондаў. У абнаўленне фондаў да канца бягучага года «Рассвет» плануе ўкласці каля 600 тысяч рублёў, ёсць у яго ўжо і праграма мадэрнізацыі вытворчасці на 2024—2025 гады. Неабходны таксама новыя падыходы да арганізацыі кадравай работы.

Гаворачы пра калектыў, Альфрэд Малец адзначыў, што галоўнай умовай поспехаў прадпрыемства ва ўсе часы была і застаецца апора на людзей, надзейныя прафесійныя кадры. «Я не называю прозвішчаў найлепшых работнікаў, таму што лічу: мы — адна каманда, паміж членамі якой ёсць узаемаразуменне», — канстатаваў ён. Асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік адрасаваў ветэранам, на плечы якіх выпалі найцяжэйшыя для «Рассвета Пастаўскага» гады — 90-я. Большасць запрошаных на ўрачыстасць ветэранаў знаходзілася ў зале. Ад прадпрыемства ім уручылі невялікія падарункі і кветкі.

На свяце прысутнічалі і іншыя ганаровыя госці. Сярод іх старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і яго намеснік Павел Станюш, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання Эдуард Казура, начальнік упраўлення будаўніцтва і эканамічнага рэгулявання Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Образаў, намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам» Алег Пятроў, былы генеральны дырэктар КУБП «Полацксельбуд» Алег Кудзёлка, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Васілій Катовіч, калегі «рассветаўцаў» па будаўнічай галіне з Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны. У кожнага з іх была магчымасць выказацца, павіншаваць юбіляраў.

— Мне як старшыні райвыканкама цяжка ўявіць наш раён без «Рассвета Пастаўскага», — гаварыў Сяргей Чэпік— За 65 гадоў вашымі рукамі зроблена вельмі шмат на карысць Пастаўшчыны. Вы пакінулі свой след у кожнай галіне — ці то сельская гаспадарка, ці то прамысловасць, сацыяльная сфера, будаўніцтва жылля для насельніцтва. Але на дасягнутым нельга спыняцца, трэба ўдасканальвацца, мадэрнізавацца. Упэўнены, што калектыву гэта пад сілу: у вас добры кадравы патэнцыял, выдатны кіраўнік. Наперадзе вялікія будаўнічыя праекты, і без вас мы іх не ажыццявім.

Сяргей Васільевіч пажадаў калектыву моцнага здароўя, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Практычна 50 гадоў дзейнасці прадпрыемства прайшлі на вачах у былога старшыні райвыканкама і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Эдуарда Казуры. Ён адзначыў: як бы цяжка ні было, «рассветаўцы» ў адрозненне ад многіх іншых змаглі захаваць сваю арганізацыю, і сёння яна з’яўляецца найлепшай у вобласці. Попыт на паслугі пастаўчан вялізны: да нас прыязджаюць з іншых раёнаў і абласцей і просяць узяцца за будаўніцтва розных аб’ектаў. Эдуард Пятровіч прыгадаў былога кіраўніка «Рассвета Пастаўскага» Яўгенія Чарэнку, які аддаў прадпрыемству больш за 30 гадоў і пад кіраўніцтвам якога яно актыўна развівалася і ўмацоўвалася. Годнай зменай яму стаў Альфрэд Малец. Выступоўца павіншаваў будаўнікоў з юбілеем і падзякаваў ім за нялёгкую, але вельмі ганаровую працу.

Шмат цёплых слоў і шчырых пажаданняў адрасавалі юбілярам Дзмітрый Образаў, Алег Пятроў, Алег Кудзёлка і іншыя госці. На свята яны прыехалі не з пустымі рукамі — прывезлі граматы і падзякі прадпрыемству і асобным работнікам, каштоўныя падарункі. Нямала грамат і сувеніраў на памяць уручыў сваім падначаленым дырэктар «Рассвета Пастаўскага». Побач з тымі, хто адпрацаваў у калектыве больш за 20 гадоў, іх атрымалі і маладыя, якія нядаўна прыйшлі ў прафесію. Ну а яркіх фарбаў вечару дадаў канцэрт папулярных артыстаў эстрады — салістаў заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга Руслана Мусвідаса і Аляксандра Салаўёва.

Алена Шапавалава, раённая газета «Пастаўскі край».

Интернет-ресурсы