Сёння ў беларускіх школах празвінеў апошні званок, які абвясціў пра заканчэнне навучальнага года. Для тысяч дзевяці- і адзінаццацікласнікаў рэспублікі ён стаў развітальным. У апошні раз прагучала залівістая трэль, якая на працягу многіх гадоў амаль штодня клікала на ўрокі, і для 191 выпускніка 11-х класаў з нашага раёна. Сярод іх 20 гімназістаў.
Сёлета ў Пастаўскай гімназіі асабліва ганарацца сваімі выпускнікамі. Кажуць, гэта быў як ніколі моцны і дружны клас. Шасцёра яго вучняў: Лізавета Варанько, Аліса Януш, Дар’я Данілевіч, Дар’я Дрозд, Лада Аляксеева і Ларыса Скрыпко — прэтэндуюць на медалі. А ўсяго на Пастаўшчыне патэнцыяльных медалістаў 23 чалавекі.
Наперадзе ў маладых людзей выпускныя і ўступныя іспыты. Хочацца пажадаць ім пацвердзіць атрыманыя за гады вучобы ў школе веды, стаць студэнтамі абраных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і абавязкова знайсці сябе ў жыцці. Поспехаў вам, дарагія выпускнікі! Здзяйснення мар і ажыццяўлення ўсіх планаў! У добры шлях у дарослае жыццё!
Алена Шапавалава, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара
Выпускніцы гімназіі — прэтэндэнткі на медалі Дар’я Данілевіч, Дар’я Дрозд, Лізавета Варанько, Лада Аляксеева, Аліса Януш і Ларыса Скрыпко