Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Дворец Тызенгауза Храм Постав Ночная набережная Поставы ночью
Набережная
Набережная
Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Ночная набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
3 августа 2016

Свята з нагоды 250-годдзя святыні

23 ліпеня ў парафіі Святога Юды Тадэвуша ў Лучаі адзначаліся 250-годдзе заснавання святыні і адпустовая ўрачыстасць Святой Ганны. На свята сабраліся шматлікія вернікі, госці, артысты. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Мураваны будынак касцёла быў закладзены ў 1766 годзе на месцы былога драўлянага і з’яўляецца апошнім езуіцкім касцёлам на нашых землях. Храм пабудаваны італьянскім архітэктарам Карла Спампані ў стылі, пераходным ад барока да класіцызму, на сродкі ўладальнікаў Лучая Агінскіх.

Пачалося святкаванне з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Разважанні на тэму Эўхарыстыі і адарацыйныя спевы ў выкананні моладзі пад гітарны акампанемент сталі падрыхтоўкай да святой Імшы. Упершыню ў лучайскую парафію завіталі дудары, якія аздобілі пачатак святой Імшы музыкай на старажытным беларускім музычным інструменце. На ўрачыстасці прысутнічалі ксёндз-дэкан Павел Самсонаў з Дунілавіч, а таксама святары Павел Кнурэк з Лынтуп, Міхаіл Татарэнка з Лужкоў, Ежы Ноцунь з Барадзевічаў. Паўдзельнічаць у святкаванні юбілейнай даты святыні з Чаду (Афрыка) прыбыў на сваю малую радзіму ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня. Таксама прыехалі дыякан Аляксей Паплёўка, семінарысты Алег Зямчонак з Парыжа і Алег Хмылка з Лынтуп.

Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Аляксандр Яшэўскі закрануў тэму гісторыі будаўніцтва святыняў, узгадаў пра Арку Запавету і першы храм у гісторыі чалавецтва. Іерарх падкрэсліў важнасць узвя­дзення храмаў, бо ў святыні жыве Бог, і там чалавек сустракаецца з Ім.

Парафіяльны хор з Глыбокага ўпрыгожыў спевам Літургію ў суправаджэнні лучайскага аргана з двухсотгадовай гісторыяй. Падарункам з нагоды юбілею святыні стаў верш «Малітва за Лучай», які напісаў і прачытаў семінарыст Алег Зямчонак.

Імша завяршылася працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол касцёла. Была асвечана перадапошняя фігура апостала Барталамея са скульптурнай кампазіцыі на прыкасцельнай тэрыторыі. З нагоды ўспаміну Святога Крыштафа — апекуна ўсіх падарожных — адбылося асвячэнне аўтатранспартных сродкаў.

Працягам святка вання стаў канцэрт. Святочная праграма, у якой удзельнічалі выканаўцы розных жанраў і стыляў, працягвалася да апоўначы. Вядучымі былі дыктар радыё Таццяна Якушава і спявачка Валянціна Альшанская. Выступілі як вядомыя зоркі — Лявон Вольскі і Павел Аракелян, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», Дзмітрый Корсак і Андрэй Жукоўскі, Сяргей Савіцкі, Дзімітрый Сяргееў, — так і моладзь з Навасёлак, Ляхаўшчыны, самабытны музыка Часлаў Рачыцкі з шаркаўшчынскай парафіі.

Вогненнае шоу падарыў гурт “Дзісар”. Канцэрт завяршыўся супольным выкананнем лучайскага гімна і салютам з 250 залпаў у гонар гістарычнай даты. Напрыканцы свята ксёндз-пробашч Мікалай Ліпскі падзякаваў прысутным за падрыхтоўку і ўдзел у свяце, за вялікую працу, якая вядзецца ў парафіі, і запрасіў на свята ведаў, якое адбудзецца ў касцёле 21 жніўня.

Алена КЛІМЗА-КОЛТАН


Интернет-ресурсы