Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Дворец Тызенгауза Поставы ночью Набережная Ночная набережная
Храм Постав
Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Набережная
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
10 июля 2018

Спартыўнага азарту ўзлёт падарыў усім турзлёт

Два апошнія дні чэрвеня ва ўрочышчы Азёркі панавала паходная рамантыка: паўсюль разбітыя турыстычныя палаткі, разведзеныя вогнішчы, духмяны водар страў, што гатаваліся на іх, гучныя спартыўныя воклічы. Тут праходзіў раённы турыстычны злёт моладзі.

Сёлета ён быў прымеркаваны да Года малой радзімы і 100-годдзя ўтварэння Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, добрыя традыцыі якога зараз прадаўжае БРСМ. За званне найлепшага турыста змагаліся 9 каманд. У шматлікіх конкурсах свой спрыт, фізічную падрыхтоўку, уменне арыентавацца на мясцовасці, творчыя здольнасці дэманстравалі прадстаўнікі малочнага завода, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цэнтральнай раённай бальніцы, завода «Беліт», лясгаса, сельгаспрадпрыемстваў «Дунілавічы-агра» і «Навасёлкі-Лучай», Юнькаўскага і Варапаеўскага сельскіх Саветаў.

Спартыўны марафон пачаўся з пастраення. Каманды-ўдзельніцы вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік:

— Прыемна бачыць вас, маладых і энергічных, на ўнікальным спартыўна-турыстычным аб’екце раёна. Тым больш што правядзенню турыстычнага злёту спрыяе нават надвор’е. Жадаю ўсім выдатнага настрою, новых знаёмстваў, спартыўных дасягненняў і перамог. Разам з тым памятайце асноўны алімпійскі прынцып: галоўнае — не перамога, а ўдзел. У добры шлях, турзлёт!

Да віншаванняў Сяргея Васільевіча далучыліся яго намеснік Юрый Кісялёў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко, выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Вераніка Казлоўская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Міхаіл Кабайла. Усе яны адзначылі, што турыстычны злёт моладзі — свята для аматараў актыўнага ладу жыцця. Зычылі цудоўна правесці час, адпачыць, спартыўных перамог.

Спаборніцтвы стартавалі з эстафеты па арыентаванні ў зададзеным кірунку. Падчас яе прадстаўнікам каманд неабходна было за адведзены адрэзак часу (мужчынам — за га­дзіну, жанчынам — за паўтары) знайсці ў лесе 9 кантрольных кропак. Зрабіць гэта было няпроста, некаторым давялося і паблукаць, перш чым справіліся з заданнем. Найлепш яго выканалі работнікі малочнага завода.

Захапляльнымі і азартнымі атрымаліся спаборніцтвы па веласіпедным турызме, якія сёлета ў рамках турзлёту праводзіліся ўпершыню. Яны былі падзеленыя на два этапы. На першым удзельнікі павінны былі як найхутчэй пераадолець дыстанцыю працягласцю паўтара кіламетра. На другім — прадэманстраваць выдатную тэхніку выканання фігур «калідор», «арэлі», «змейка», «перанос прадмета» і іншых. Бадай, самым складаным было праехаць пад нізка ўстаноўленай перакладзінай. Аднак знайшліся і такія віртуозы веласіпеднага ваджэння. Тут не было роўных турыстам з Дунілавіч.

Падчас самага важнага і складанага конкурсу — турысцка-прыкладнога мнагаборства — каманды пераадольвалі шэраг перашкод: «штурмавалі» «вяровачны гарадок», перапраўляліся па бервяне, скакалі па драўляных купінах, праходзілі па паралельна нацягнутых вяроўках, перапраўляліся праз гаць, выконвалі практыкаванне «маятнік», завязвалі пэўны від вяровачных вузлоў, арыентаваліся на мясцовасці. Найлепшы вынік паказала каманда з Юнек.

У гульні ў паркавы валейбол і спаборніцтвах па перацягванні каната вызначылася каманда ЖКГ, у дартсе — завода «Беліт», ва ўзняцці гіры — малаказавода.

Акрамя фізічнай падрыхтоўкі, звярталася ўвага і на аргані­зацыю турысцкага быту. Ацэньвалася ўсё: устаноўка палатак, захоўванне прадуктаў, абсталяванне вогнішча і ямы, кухні, агульны выгляд і планаванне лагера, беражлівыя адносіны да прыроды і нават дысцыпліна ўдзельнікаў злёту. У гэтай намінацыі самым узорным прызнаны лагер каманды малочнага завода.

Свае творчыя здольнасці ўдзельнікі злёту дэманстравалі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці. У ім каманды паказвалі на сцэне 8-хвілінную візітную картку на тэму «З чаго пачынаецца Радзіма?». Галоўны крытэрый ацэнкі — наяўнасць фальклору сваёй мясцовасці. Зразумела, звярталася ўвага і на агульную задуму, і на музычнае афармленне, і на касцюмы. Самымі артыстычнымі аказаліся ўдзельнікі з Навасёлак, якія цэнтральным персанажам свайго выступлення зрабілі Зюзю Паазерскага і нават парадавалі гледачоў мініяцюрным салютам.

У агульным заліку, не саступіўшы мінулагодняга лідарства, пераможцай прызнана каманда малочнага завода. Другое месца заваявалі прадстаўнікі «Дунілавіч-агра», замкнула тройку лідараў каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ад арганізатараў спаборніцтваў яны атрымалі дыпломы і падарункі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ, газета «Пастаўскі край»
Фота Веранікі КАЗЛОЎСКАЙ

Интернет-ресурсы