Штогод на некалькі летніх дзён Пастаўшчына ператвараецца ў суцэльную канцэртную пляцоўку — жыве Міжнародным фестывалем народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». З усіх куткоў даносяцца гукі самабытнай фальклорнай музыкі ў выдатным майстэрскім выкананні калектываў з нашай і замежных краін.
У бягучым годзе музычны карагод павінен быў завіраваць з 12 па 14 чэрвеня. Аднак у сувязі з пандэміяй каранавіруса замежныя творчыя дэлегацыі адмовіліся ўдзельнічаць у ім. А без іх фестываль страчвае статус міжнароднага. Кіруючыся гэтай акалічнасцю, а таксама рэкамендацыяй Міністэрства аховы здароўя Беларусі не праводзіць масавых мерапрыемстваў, раённы выканаўчы камітэт папрасіў дазволу ў Міністэрства культуры краіны і Віцебскага аблвыканкама перанесці тэрмін правядзення «цымбалаў» на чэрвень 2021-га і атрымаў станоўчы адказ.
Вераніка Філановіч, газета “Пастаўскі край”