Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Ночная набережная Храм Постав Поставы ночью Набережная Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Поставы ночью
Набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
11 ноября 2015

Саду — квітнець. У Пастаўскім раёне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Сад надзеі»

6 лістапада ў Пастаўскім раёне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя для ўстаноў сацыяльнай сферы «Сад надзеі», якую Першы нацыянальны канал Беларускага радыё праводзіць сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын», Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскай асацыяцыяй «Белсадгадавальнік». 

Месцам правядзення дабрачыннай акцыі наш раён выбраны невыпадкова: пра добрыя справы, якія што­дня рэалізуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ўзначальвае Дзіяна Іванаўна Пякарская, добра ведаюць за яго межамі. Акцыя прымеркавана да 90-годдзя Беларускага радыё, якое адзначыць свой юбілей літаральна на днях — 15 лістапада. Удзел у ёй прынялі спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Святлана Башылава, кансультант аддзела па вытворчасці плодаагародніннай прадукцыі Мінсельгасхарчу Галіна Камінская, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Рэгіна Давідовіч і намеснік старшыні рэспубліканскай асацыяцыі «Белсадгадавальнік» Віктар Славецкі, якія разам з саджанцамі дрэў прывезлі і іншыя падарункі. Да арганізатараў з задавальненнем далучыліся прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы, прафсаюзныя лідары і іншыя жыхары раёна. Для ўсіх была арганізавана экскурсія па структурным падраздзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, якое пачало працаваць месяц таму.

— У сімвалічны для Беларускага радыё год паўстала пытанне: што, акрамя штодзённых сустрэч і музычных падарункаў у радыёэфіры, падарыць самым дарагім людзям, дзеля якіх мы і працуем? Хацелася, каб падарунак прыносіў не толькі эстэтычнае задавальненне, але і карысць, чаму цалкам адпавядае фруктовы сад. І асабліва ў ім маюць патрэбу сацыяльныя ўстановы, — увяла прысутных у курс справы Святлана Башылава.

«Сад надзеі» заклалі адразу ў чатырох месцах. Двухгадовыя саджанцы сліў, яблынь летніх, восеньскіх і зімовых гатункаў, а таксама кусты чорных парэчак «прызямлілі» на тэрыторыях абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь», Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва.

— Сад асабліва радуе вясной, калі абуджаецца прырода: спачатку брыняюць пупышкі на дрэвах, затым яны паступова змяняюцца лісцем і суквеццямі, ад якіх паветра напаўняецца казачным водарам, — падзяліўся сваімі назіраннямі Віктар Славецкі. — Развядзеннем пладовых дрэў я займаюся ўжо 23 гады, але ўсё роўна кожны раз адкрываю ў іх усё новыя і новыя грані.

Таксама ён падарыў спецыяльную літаратуру і правёў майстар-клас па пасадцы саджанцаў і іх доглядзе, які стаў сапраўдным адкрыццём для многіх ­удзельнікаў акцыі. У прыватнасці, навучыў, як падвязваць дрэўцы, абараняць ад шкоднікаў, апрацоўваць і паліваць іх, фарміраваць крону. Абяцаў і ў далейшым кансультаваць па ўсіх пытаннях, якія ўзнікнуць у працэсе догляду саду.

Падводзячы вынікі сустрэчы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Мікалаеўна Чаплінская падзякавала арганізатарам акцыі за такія цудоўныя падарункі раёну і выказала агульную думку, перафразаваўшы вядомыя радкі У. Маякоўскага:

Я знаю — польза будет,
Я знаю — саду цвесть,
Когда такие люди
В республике нашей есть.

Таксама ў гэты дзень на базе Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была створана раённая грамадская арганізацыя «Сялянка» — падраздзяленне аднайменнага аддзялення, якое ўваходзіць у склад Беларускага саюза жанчын. Пра гэта чытайце ў бліжэйшых нумарах раённай газеты.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Интернет-ресурсы