Віталію Смолку з ААТ «Навасёлкі-Лучай» (на здымку справа) — 23. Хоць самастойна на камбайне працуе першы год, вопыт па ўборцы ўраджаю мае багаты: 9 сезонаў быў памочнікам у бацькі Аляксандра Віктаравіча.
За плячыма тэрміновая служба ў арміі. Праходзіў яе ў 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Паўтара года армейскага жыцця дабавілі загартоўкі і вынослівасці. Вярнуўся дадому, паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж, атрымаў кваліфікацыі вадзіцеля, слесара, трактарыста-машыніста, цяпер прадаўжае вучобу завочна на другой ступені па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” (кваліфікацыя “Тэхнік-механік”). Кіраўніцтва ААТ “Навасёлкі-Лучай” прыгледзелася да хлопца, ацаніла яго цягу да тэхнікі, спрыт, адказнасць і даверыла камбайн.
— Трывогі не адчуваў, — расказваў хлопец. — Меў упэўненасць у сабе, ды і па параду ёсць да каго звярнуцца — бацька па-ранейшаму на камбайне. Праўда, часцей за ўсё працуем на розных участках. А вярнуўшыся дадому пад поўнач, абмяркуем надзённыя справы — і адпачываць, бо пара цяпер гарачая, працоўны дзень пачынаецца рана.
Памочнікам у Віталія навучэнец каледжа Аляксандр Добыш. Хлопец закончыў тры курсы, яшчэ 10 месяцаў вучобы наперадзе, а затым прыступіць да самастойнай работы.
Маладзёжны экіпаж застала на полі каля Валкоў. Пшаніца з буйнымі каласамі схілялася перад жаткай камбайна. Бункер напаўняўся хутка. Па першым сігнале пад’язджала машына для выгрузкі зерня ў кузаў. Толькі ў гэтыя кароткія хвіліны хлопцы і дазволілі пагутарыць з імі і сфатаграфаваць. Маўляў, пакуль сухое надвор’е, трэба рупіцца. На рахунку Віталія і Аляксандра 614 намалочаных тон, з іх 409 — зерня, 188 — шматгадовых траў і крыху рапсу. Хлопцы абышлі нават некаторых вопытных камбайнераў.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ