Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Поставы ночью Дворец Тызенгауза Храм Постав Набережная Ночная набережная
Поставы ночью
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Набережная
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
8 июня 2020

Пераадолець сябе і перашкоды

«Манькавічы—Паставы. 12 км. Маршрут пабудаваны. Хутка сплавы. Далучайцеся!» Гэта адзін з першых запісаў на Інстаграм-старонцы пастаўскага каяк-клуба «Маяк», які два месяцы назад пачаў сваю дзейнасць у райцэнтры. І імгненна стаў папулярным сярод прыхільнікаў актыўнага адпачынку.

Заснавальнік клуба — дырэктар пастаўскай турыстычнай фірмы «Джуманджы», а заадно вандроўнік і аматар здаровага ладу жыцця Віталій Улыбін.

— На каякераў звярнуў увагу яшчэ гадоў 10 назад. Калі бачыў, як яны сплаўляюцца па рэках у Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, у мяне проста замірала сэрца, — прызнаўся Віталій.— Аднак самому сесці ў каяк заўжды нешта перашкаджала. І тут у мінулым годзе сябры запрасілі мяне на сплаў па рэчцы Вузлянцы на Мядзельшчыне. З першых метраў на вадзе зразумеў: гэта сапраўды маё. Было настолькі крута! Чаканні і рэальнасць усіх гэтых 10 гадоў супалі, і каякі захапілі мяне канчаткова.

Віталій Улыбін паехаў на сплаў другі раз, трэці... Праз некаторы час захацеў набыць сабе 2 каякі, каб сплаўляцца па рэках сям’ёй. У выніку ў Польшчы заказаў… 10, бо ўзнікла ідэя развіваць каякінг у родным Пастаўскім раёне — для гэтага тут ёсць усе умовы.

Важна, што ініцыятыву маладога прадпрымальніка падтрымалі намеснік старшыні райвыканкама Ю. Кісялёў, начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама С. Чымбург, старшыня Юнькаўскага сельскага Савета В. Врублеўскі, дырэктар Пастаўскага лясгаса У. Місачэнка, ксёндз-пробашч пастаўскай парафіі Антонія Падуанскага В. Прасяной. Ім Віталій вельмі ўдзячны за садзейнічанне ў развіцці новага для горада віду турызму.

— Пробныя сплавы арганізаваў ранняй вясной, у гэтым мне вельмі дапамог мой партнёр Леанід Кабяк, — расказваў далей суразмоўца. — Але перад гэтым шлях па Мядзелцы з Пастаў да Манькавіч даследавалі на маторнай лодцы. Ва ўсялякім разе паспрабавалі гэта зрабіць: прабілі яе два разы і за 6 гадзін прайшлі ўсяго 6 кіламетраў. Іншая справа — каяк. Наколькі ён манеўраны, зручны! Яшчэ неаднойчы мы з сябрамі вярталіся на іх на раку, каб даследаваць маршрут, прыбраць смецце. Галлё, паваленыя дрэвы пакідалі прынцыпова. Каякінг — гэта пераадольванне перашкод. Людзі ж запісваюцца на джып-трыал не для таго, каб пакатацца па роўнай дарозе. Гэтаксама і тут. Чым больш перашкод — тым цікавейшыя сплавы.

За час існавання клуба адбылося каля дзесяці водных падарожжаў. Прычым самаму малодшаму каякеру было 3 гады, старэйшаму — 74. Водзывы першых турыстаў можна апісаць коратка: «Вау!» У захапленні засталіся нават тыя, хто раней пра каякінг не меў аніякага ўяўлення. І я выдатна іх разумею.

…Прапанову Віталія Улыбіна паўдзельнічаць у адным са сплаваў прыняла не раздумваючы. І толькі калі ён ужо праводзіў інструктаж па тэхніцы бяспекі, дапамагаў надзець выратавальную камізэльку, прыйшло ўсведамленне, на якую авантуру падпісалася. Першы раз бачу каяк, плаваць добра не ўмею. Але хоць адну добрую навіну сказаў кіраўнік клуба: вёслы зламаць мне не пад сілу.

Для размінкі выплываем на «вялікую» ваду паміж Домам рамёстваў «Стары млын» і касцёлам. Спачатку баішся паварухнуцца і думаеш выключна пра тое, каб не адкрыць плавальны сезон раней часу. Але хутка разумееш: думка, што ў каяку можна лёгка перакуліцца, усяго толькі стэрэатып. І пачынаеш атрымліваць асалоду ад таго, што ў цябе ёсць магчымасць паглядзець на іншыя Паставы — такія, якія ў сваім жыцці яшчэ ніколі не бачыў.

Пасля пераадолення 6-кіламетровага маршруту (а ён пралёг ад касцёла да мікрараёна будаўнікоў) усіх удзельнікаў сплаву чакаў пікнік. Ахвотныя нават маглі расслабіць напружаныя ад фізічнай нагрузкі мышцы ў… джакузі на колах (пра гэта арыгінальнае прыстасаванне мы яшчэ абавязкова напішам падрабязней).

— Калі вы вырашыце прайсці гэты самы маршрут яшчэ раз, то атрымаеце шмат новых эмоцый, — здзівіў Віталій Улыбін. — Нават па адной рацэ не бывае двух аднолькавых сплаваў. Прырода жывая, зменлівая, многае залежыць і ад надвор’я, пары года.

Інтарэс да каяк-клуба з боку жыхароў Пастаўшчыны (і не толькі) вялікі. Гэта бачна па той жа Інстаграм-старонцы «Маяка» — сёння ў яе ўжо больш за 1 650 падпісчыкаў. Многія з іх, пагля­дзеўшчы відэа- і фотасправаздачы са сплаваў, і самі запісваюцца ў першы ў сваім жыцці тур па рацэ.

— Я пастаянна знаходжуся на сувязі з кіраўнікамі каяк-клубаў з іншых гарадоў Беларусі,— адзначыў Віталій. — Мы не канкурэнты, мы фанаты актыўнага адпачынку, улюбёныя ў прыгажосць родных мясцін. І ра­зам думаем, як прывіць гэта іншым. Справа ж не толькі ў самім факце сплаву. Сабрацца ра­зам, пазнаёміцца з людзьмі, з якімі ты жывеш у адным горадзе, душэўна правесці вольны час — ці гэта не здорава?

У планах кіраўніка клуба — арганізацыя двухдзённых сплаваў з начлегам у палатках. Думае і пра тое, каб пакараць з пастаўчанамі іншыя рэкі — як у нашым раёне, так і па ўсёй Беларусі. Будзе магчымасць і арандаваць каяк на суткі (для сплаваў або лоўлі рыбы). Таксама вядзецца работа па стварэнні базы каякераў, для гэтых мэт вы­дзелены будынак у гарпарку.

Асабістая мара Віталія — пакарыць раку Страчу. Імклівае цячэнне, крутыя парогі, непаўторны рэльеф заказніка «Блакітныя азёры», па якім яна працякае, вабяць каякераў з усёй Беларусі. Праўда, да Страчы, як прызнаецца Віталій, трэба дарасці.

Але тым цікавей займацца любімай справай, калі ёсць да чаго імкнуцца…

Вельмі памылковае меркаванне, што прыгожа толькі недзе там, далёка за мяжой. Я аб’ездзіў шмат краін і ведаю, што кажу. Адчуць сябе часткай дзікай прыроды — гэта фантастыка! Важна, што мы ніяк на яе не ўздзейнічаем, а проста сузіраем. Прычым сузіраем з нязведанай «трасы», якую праклала сама прырода.

Фота Віталія Улыбіна і Іны Сняжковай

Видео КАЯКИ

Интернет-ресурсы