Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Набережная Дворец Тызенгауза Поставы ночью Ночная набережная
Храм Постав
Храм Постав
Набережная
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
5 сентября 2016

Няхай гучыць дзіцячы смех у новым доме

31 жніўня ў мікрараёне 6 гарадка, па вуліцы Азёрнай, у Паставах адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу. Яго жыхарамі стала вялікая і дружная сям'я Вавінскіх. Маючы траіх уласных дзяцей — 25-гадовага Паўла, 23-гадовага Пятра і 8-гадовую Варвару, Вольга Яўгеньеўна і Аляксандр Леанідавіч зараз выхоўваюць і сямёра прыёмных — Яўгенія, Рамана, Дзмітрыя, Віталія, Валерыя, Станіслава і Аляксандра.

Прыёмнымі бацькамі Вавінскія сталі яшчэ ў 1999 годзе. Тады яны ўзялі на выхаванне першую дзяўчынку — Машу Баханкову. Цяпер Марыі 27 гадоў, і яна жыве ў Італіі. Потым былі яшчэ трое забытых роднымі бацькамі дзяцей, якіх таксама выхавалі Вавінскія. На іх месца прыйшлі новыя пакрыўджаныя лёсам дзеці. І ўвесь гэты час мнагадзетная сям'я жыла ў невялікім уласным доме па вуліцы Юшкевіча ў райцэнтры, пакуль раённая ўлада не прыняла рашэнне аб будаўніцтве дзіцячага дома сямейнага тыпу. Узводзіла яго ДКУАБП "Рассвет Пастаўскі", работнікі якога пастараліся, каб будынак атрымаўся прыгожым, сучасным і камфортным для пражывання.

І вось наступіў радасны для навасёлаў момант — урачыстае адкрыццё іх новага сямейнага гнязда. Гэта падзея сабрала вялікую колькасць гасцей. Прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў, іншыя адказныя работнікі райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, прадстаўнікі духавенства, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый Пастаўшчыны.

Першым слова ўзяў В. С. Гутараў. Ён адзначыў, што на сённяшні дзень у нашым раёне 397 мнагадзетных сем'яў, у якіх пражывае 1291 дзіця. Палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб кожныя хлопчык і дзяўчынка знаходзіліся ў сям'і, мелі калі не біялагічных, дык прыёмных маму і тату.

— Мы павінны зрабіць усё, каб дзецям было ўтульна ў такіх дамах, як гэты, — сказаў Віктар Сяргеевіч. — Думаю, у дадзеным выпадку менавіта так і будзе, таму што Вольга Яўгеньеўна і Аляксандр Леанідавіч — вельмі нераўнадушныя людзі. З імі мы знаёмыя даўно і бачылі, як яны ў сваім маленькім доміку прымалі рабят, выхоўвалі, стараліся перадаць ім усё, што ведаюць і ўмеюць самі. Спадзяюся, што іх новы дом заўсёды будзе напоўнены радасцю і дзіцячым смехам. Жадаю ўсім яго насельнікам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, а дзецям, акрамя таго, — добра вучыцца, дапамагаць дарослым і вырасці годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Асабняк плошчай амаль 250 квадратных метраў, узведзены па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі", абышоўся дзяржаўнаму бюджэту ў 3 мільярды недэнамінаваных рублёў. На яго першым паверсе размешчаны прасторны хол з акварыумам, тэлевізарам, канапай і крэсламі для адпачынку ўсёй сям'ёй і сумеснага прагляду любімых тэлеперадач. Тут жа маюцца тэнісны стол і спартыўны куток з трэнажорамі. Побач з холам — кухня з вялікім абедзенным сталом, ванны пакой, гардэробная, кладоўка і качагарка. На другім паверсе — бацькоўскі пакой, тры дзіцячыя спальні, пакой для вучобы і гульняў з яшчэ адным спальным месцам, душавая, два санвузлы і зноў жа вялікі хол. Каб зрабіць дом утульным, напоўніць яго мэбляй, неабходнай бытавой тэхнікай і прадметамі інтэр'ера, абуладкаваць прылеглую тэрыторыю, дзе ўстаноўлены лавачкі, пясочніца, альтанка і арэлі, спатрэбілася яшчэ каля 200 мільёнаў рублёў. Тут вялікі ўклад унеслі ААТ "Паставымэбля", іншыя арганізацыі. Значную суму грошай сабралі педагогі раёна, прыняўшы ўдзел у аб'яўленай акцыі «Цёплы
дом» (да слова, галава сямейства А. Л. Вавінскі працуе настаўнікам фізвыхавання ў гімназіі).

Не з пустымі рукамі прыйшлі госці і на адкрыццё сямейнага дзіцячага дома. Так, дырэктар філіяла №230 ААТ "ААБ Беларусбанк" Л. Л. Касарэўскі ўручыў навасёлам калекцыю кніг, сабраных работнікамі ў рамках дабрачыннай акцыі Беларусбанка "Кніга — найлепшы сябар і падарунак", а таксама аказаў фінансавую дапамогу ад установы, намеснік дырэктара малаказавода В. У. Катовіч — сертыфікат на суму 3 мільёны рублёў, якім Вавінскія могуць скарыстацца ў адным з фірменных магазінаў прадпрыемства. Начальнікі РАУС А. М. Гарус і Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Д. А. Місюк падарылі сям'і веласіпед, куплены за грошы, сабраныя супрацоўнікамі гэтых калектываў, а старшыні раённага аб'яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л. К. Грачанік — планшэт і кухонны камбайн. Ад раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" віноўнікі ўрачыстасці атрымалі канцылярскія тавары і салодкія прысмакі, ад райкама ГА "БРСМ" — электрачайнік.

Было і шмат іншых падарункаў, у тым ліку музычныя ад членаў клуба "Надзея", які аб'ядноўвае дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем'яў, а таксама выхаванцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі. І ўсе, хто прынёс іх, жадалі прыёмнай сям'і толькі самага лепшага ў жыцці. Асабліва ж каштоўным стаў абраз Свяціцеля Мікалая Цудатворца, які разам з пажаданнямі Божага благаславення, міру і любові ў доме падарыў гаспадарам настаяцель храма ў гонар гэтага святога протаіерэй Валерый Пашкевіч. Пасля таго, як дырэктар ДКУАБП "Рассвет Пастаўскі" А. І. Малец урачыста ўручыў Аляксандру Леанідавічу сімвалічны ключ ад іх новага дома, а старшыня райвыканкама В. С. Гутараў і старэйшы з прыёмных дзяцей Вавінскіх — студэнт першага курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Раман Матоніс — перарэзалі чырвоную стужку на ўваходзе ў яго, айцец Валерый асвяціў будынак.

Усе прысутныя змаглі ўбачыць яго знутры і ацаніць працу будаўнікоў і тых, хто дапамагаў навасёлам. У знак удзячнасці гаспадары запрасілі гасцей да накрытага салодкімі прысмакамі стала. Пазней, калі госці разышліся, Вольга Яўгеньеўна прызналася: гэты дзень стаў для іх сям'і зыходнай кропкай далейшага жыцця. Хочацца верыць, што яно будзе светлым і бязвоблачным. Не толькі для цяперашніх, але і для будучых выхаванцаў утульны, светлы дом стане па-сапраўднаму родным, у яго сценах хлопчыкі і дзяўчынкі будуць адчуваць цеплыню, пяшчоту і клопат.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара

Интернет-ресурсы