Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Храм Постав Дворец Тызенгауза Ночная набережная Поставы ночью
Набережная
Набережная
Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
16 января 2023

Нам прымнажаць багацце Віцебшчыны

15 студзеня 1938 года быў прыняты Закон аб утварэнні Віцебскай вобласці. Сёлета адзначаем яе 85-годдзе. Чаго ўдалося дасягнуць за гэты час, чым ганарацца пастаўчане, якія мерапрыемствы пройдуць з нагоды юбілею? Пра гэта і іншае карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў сваіх рэспандэнтаў.

Станіслаў Чымбург, намеснік старшыні райвыканкама

— Сучасная Віцебшчына — гэта высокаразвіты прамыслова-­аграрны рэгіён. І стаў ён такім дзякуючы стваральнай працы тысяч нашых землякоў. Захаванне памяці пра іх дасягненні і летапіс будняў сучаснікаў будуць у эпіцэнтры юбілейных мерапрыемстваў.

Цяпер прамысловыя прадпрыемствы вобласці экспартуюць больш за 1,5 тысячы найменняў прадукцыі ў 77 краін свету, у тым ліку ў Туніс, Эфіопію, Дамініканскую Рэспубліку, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўскую Аравію. Гэта гаворыць пра запатрабаванасць тавараў паўночнага рэгіёну. Попытам карыстаюцца вырабы з дрэва, льну, прадукты харчавання. Для паставак прадукцыі на кітайскі рынак нядаўна атэставаны верхнядзвінскі масласырзавод, полацкі малочны камбінат, віцебскі мясакамбінат і іншыя. А таксама наш малочны завод.

Віцебшчына лічыцца рэгіёнам рызыкоўнага земляробства. Тым не менш рэкордны ўраджай зерневых гэтага года — больш за 1 мільён тон — гаворыць пра тое, што пры захаванні дакладных тэхналогій сяўбы, свое­часовым унясенні ў дастатковай колькасці ўдабрэнняў можна дабіцца годнага выніку.

У вобласці, згодна з Указам №70 Прэзідэнта краіны, працуюць 6 аграпрамысловых аб’яднанняў, адно з іх у нашым раёне. Яны фарміруюць палову вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі Віцебшчыны.

Маштабная мадэрнізацыя ў мінулым годзе закранула сферу аховы здароўя вобласці. Новыя кабінеты МРТ адкрыты ў Полацку і Оршы. Камп’ютарныя тамографы, якія ёсць у міжраённых цэнтрах, у разы павышаюць даступнасць высокатэхналагічнай дыягностыкі для насельніцтва аддаленых раёнаў. У Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу ў мінулым годзе паступіла больш за 30 адзінак тэхнікі і абсталявання. Гэта электракардыёграф, дэфібрылятар, УГД- і ШВЛ-апараты, стаматалагічныя ўстаноўкі і іншае. У 2023—2025 гадах павінны рэканструяваць стацыянар №1 ЦРБ.

Безумоўна, асноўнае багацце рэгіёна — людзі. Цэнтральнай падзеяй юбілейнага года стане ўшанаванне лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Разам з перадавікамі героямі ўрачыстасці стануць ветэраны, якія заклалі аснову сучаснага развіцця вобласці. Усе запланаваныя мерапрыемствы разлічаны на тое, каб кожны чалавек мог адкрыць для сябе новыя старонкі Віцебшчыны.

Юрый Шымчык, дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай»

— Я — ураджэнец Гродзеншчы­ны. Каля 30 гадоў жыву на Пастаўшчыне. Палюбіў не толькі яе, але і ўвесь паўночны рэгіён, яго людзей. Як дэпутат імкнуся ўнікаць ва ўсе пытанні, што выносяцца на абмеркаванне сесій, і перш чым прагаласаваць за тое ці іншае рашэнне, узважваю яго карысць. Што да зваротаў выбаршчыкаў, стараюся дапамагчы кожнаму.

Каб людзі мелі добрую зарплату, годныя ўмовы для працы і жыцця, патрэбны набыткі, якія прыносілі б прыбытак сельгаспрадпрыемству. Мінулы год хоць быў няпростым, але ўсё ж плённым для нашага калектыву. Валавы намалот зерневых і зернебабовых склаў 15 тысяч тон, што на 5 тысяч тон больш, чым у папярэднім годзе. Добра ўрадзіў рапс: азімага намалацілі на круг па 31,7 цэнтнера. Парадавала кукуруза: акрамя зялёнай масы, што заклалі насілас, намалацілі яшчэ практычна 1 000 тон на насенне.

Нядрэнныя паказчыкі і ў жывёлагадоўчай галіне. Гаспадарка па надоях пастаянна ў лідарах на Пастаўшчыне. У гэтыя дні сярэднясутачны надой малака на рабатызаванай ферме «Коўзаны» перавышае 26 кілаграмаў.

Па магчымасці абнаўляем аб’екты сацыяльнай сферы, пабудавалі першы ў сельскай мясцовасці вобласці дом з электраацяпленнем, у планах узвядзенне другога. Праектуецца ферма з сучаснай даільнай залай у Пагарцах.

Лічу, што кожны чалавек абавязаны прыносіць карысць той мясцовасці, дзе ён жыве, тады і край наш будзе развівацца, прыгажэць.

Святлана Грыбава, настаўніца гімназіі:

— Толькі што вярнулася з Віцебска, куды суправаджала на абласны этап прадметных алімпіяд навучэнцаў школ раёна. У чарговы раз была магчымасць акунуцца ва ўспаміны пра студэнцкае жыццё. Матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава я закончыла 37 гадоў таму. Час вучобы — цудоўны час. У альма-матар бываю то на курсах, то на семінарах. Кожныя 5 гадоў арганізуем сустрэчу аднагрупнікаў. Віцебск люблю. Ён, вядома, значна змяніўся, стаў больш сучасным. Але тут захавалася шмат гістарычных, культурных аб’ектаў. У захапленні ад помнікаў архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў, сярод якіх гарадская ратуша, Успенскі сабор у стылі віленскага барока. А які від адкрываецца з чатырохкутнай сучаснай вежы — Духаўскага кругліка Ніжняга замка! Сэрца горада — плошча Перамогі з мемарыяльным комплексам у гонар савецкіх воінаў і партызан, побач — парк ваеннай тэхнікі.

Віцебск — гэта не толькі буйны адміністрацыйны і прамысловы цэнтр Беларусі, але і яе культурная сталіца. Кожны год тут праходзіць міжнародны фестываль «Славянскі базар». Стараюся бываць на яго канцэртах.

У горадзе на Дзвіне нарадзіўся вядомы мастак Марк Шагал. Маляўнічы куточак на беразе Заходняй Дзвіны натхніў на стварэнне мноства карцін Ілью Рэпіна. Віцебская зямля дала такіх вядомых пісьменнікаў, як Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў. Нам ёсць чым ганарыцца, а таксама прадаўжаць традыцыі, закладзеныя нашымі папярэднікамі, і стваральнай працай прымнажаць багацце Віцебшчыны.

І кадры рыхтавалі

Гісторыя вобласці — гэта і гісторыя працоўных калектываў. Жыхар райцэнтра Мікалай Мікалаевіч Жук даўно на пенсіі, але як сёння памятае той час, калі працаваў інжынерам па кадрах райсельгастэхнікі і ўзначальваў партыйную арганізацыю. Калектыву ён аддаў 26 гадоў жыцця і лічыць іх самымі плённымі. Вось што ўспамінае ветэран працы:

— Калі ў краіне былі дасягнуты першыя поспехі ў індустрыялізацыі і з’явілася магчымасць накіроўваць у калгасы значную колькасць трактароў, іншай тэхнікі, у Беларусі сталі стварацца машынна-трактарныя станцыі. Гэта з’явілася важным мерапрыемствам, накіраваным на пераўтварэнне вёскі. У 1946 годзе МТС была створана і ў нашым раёне. Затым яе перайменавалі ў РТС (рамонтна-тэхнічная станцыя), у РТМС (рамонтна-тэхнічна-меліярацыйная станцыя), нарэшце рэарганізавалі ў «Сельгастэхніку», затым — у «Аграпрамтэхніку».

Найпершая мэта прадпрыемства — стварэнне трактарных брыгад, а пасля перадачы іх у калгасы — рамонт трактароў, аж да капітальнага, гандаль запчасткамі. Потым прыбавіліся рамонт і тэхабслугоўванне аўтамабіляў, быў створаны аддзел па мантажы і абслугоўванні жывёлагадоўчых ферм і водаправодаў. У сярэдзіне 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя «Сельгастэхніка» стала шматгаліновай сістэмай, якая ўключала ў сябе прамысловасць, гандаль, сельскую гаспадарку, транспарт. Яна мела больш за 150 аўтамашын. Большасць — грузавыя. Але былі і іншыя, у тым ліку так званыя лятучкі са спецыяльным абсталяваннем. Інжынеры даягнаставалі ў калгасах сельгастэхніку, у тым ліку электраабсталяванне і гідраўліку, абслугоўвалі энерганасычаную тэхніку, кантралявалі выкарыстанне ў гаспадарках новай тэхнікі ў перыяд гарантыйнага тэрміну яе эксплуатацыі.

Прадпрыемства мела сучаснае прамысловае абсталяванне, у тым ліку станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, прымянялася плазменная рэзка металу. За суткі яго расходавалі ў сярэднім да 50 тон. Працавалі ўласны дрэваапрацоўчы цэх з сушылкай, асфальтавы завод. Будавалі шмат дарог. Было створана Зарэчанскае аддзяленне, якое займалася ў калгасах унясеннем арганічных удабрэнняў, вапнаваннем глебы, вывазкай на палі тарфакрошкі. А колькі жылля ўзвялі! Інтэрнат на 150 месцаў, у кааперацыі —  75-кватэрны дом па вуліцы Юбілейнай, 4-кватэрны па вул. Гагарына, шмат 1-кватэрных дамоў па вул. В. Харужай і У. Дубоўкі ў Паставах. Чаргі на жыллё практычна не было, прытым што ў калектыве працавала амаль паўтысячы чалавек. Мелі выдатныя лазню, пральню, сталовую. Асаблівага росквіту «Сельгастэхніка» дасягнула пад кіраўніцтвам вопытнага і мудрага дырэктара Івана Машнюка. Дзякуючы яго энергічнасці і настойлівасці мы паспяхова выкарыстоўвалі не толькі свае фонды, але і тыя, якія воб­ласць выдзяляла іншым раёнам, але яны не здолелі іх асвоіць. Па выніках 1985 года калектыў быў узнагароджаны пераходным чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСП і ЦК УЛКСМ.

Я прыйшоў у калектыў у 1974 годзе (да гэтага 7 гадоў з’яўляўся старшынёй Юнькаўскага сельскага Савета) і адпрацаваў тут на пасадзе інжынера па кадрах па 2002 год. З поўнай адказнасцю скажу, што прадпрыемства было сапраўднай кузняй кадраў. У нас быў створаны свой вучэбны пункт, дзе рыхтавалі трактарыстаў, токараў, зваршчыкаў, слесараў, стропальшчыкаў. Таксама накіроўвалі людзей на вучобу ў Пастаўскае СПТВ, на курсы ў Віцебск, Мінск. Калектыў быў вялікі, але дружны. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывала пярвічная партыйная арганізацыя, якую мне даверылі ўзначальваць. Што б там сёння ні гаварылі пра Камуністычную партыю, але яна і выхоўвала, і аб’ядноўвала людзей, накіроўвала іх на дасягненне пастаўленых задач. Хачу назваць прозвішчы людзей, якія асабліва вызначыліся ў «Сельгастэхніцы», а з цягам часу выраслі ў перспектыўных кіраўнікоў. Гэта Алег Валодзька, Пётр Касцень, Міхаіл Бутар, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых, а таксама Эдуард Казура, Баляслаў Шылько, Ілья Глушонак, Пётр Скурко.

 Пасля распаду СССР «Аграпрамтэхніка» год загодам пачала здаваць свае пазіцыі і ў выніку цалкам развалілася. Бачыць гэта было вельмі цяжка. А з былымі калегамі мы да гэтага часу падтрымліваем сувязь: сазвоньваемся, сустракаемся і з настальгіяй успамінаем гады сумеснай плённай працы.

Запісала Фаіна Касаткіна, газета “Пастаўскі край”

Интернет-ресурсы