Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Набережная Поставы ночью Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Набережная
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
19 мая 2021

Музей – гэта не толькі мінулае, але і будучыня

У гэтым пераканана дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. Карэспандэнт «ПК» сустрэлася з ёй напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая, і распытала пра сучасныя будні захавальнікаў гісторыі.

— Таццяна Гвідонаўна, ваша ўстанова ўжо другі год працуе ва ўмовах каранавіруса. Як ён паўплываў на дзейнасць музея?

— Да пачатку пандэміі ў нашым музеі быў наладжаны пэўны рытм работы, актыўна праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Праблем з іх наведвальнасцю не было. З пачаткам пандэміі сітуацыя, безумоўна, змянілася: аўдыторыю стала збіраць цяжэй, мерапрыемствы сталі яшчэ больш камернымі. Аднак галоўнае, што атмасфера засталася душэўнай. Наш калектыў робіць усё ад яго залежнае, каб людзі прыходзілі ў музей і адчувалі сябе тут максімальна камфортна.

— Зусім нядаўна Беларусь святкавала 76-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Як адзначылі гэту дату?

— 9 мая ў нас адбылося традыцыйнае мерапрыемства пад назвай «Успомнім ра­зам бацькоў і дзядоў». Яго галоўная мэта — даць магчымасць гасцям і жыхарам раёна расказаць пра сваіх родзічаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. На сустрэчу яны прынеслі фотаздымкі, шчыра па­дзяліліся сваімі ўспамінамі. Частку праграмы падрыхтавалі мы, музейшчыкі. Напрыклад, расказалі прысутным пра пахаваных у Паставах Ігнація Кляра і Дзмітрыя Харольскага. Гучалі песні ваеннай пары, у тым ліку пад гітару. Напрыканцы зладзілі сумеснае чаяванне. 

— Хто яны — найлепшыя сябры пастаўскага музея?

— Іх шмат, і дзякуючы ім наша дзейнасць яшчэ больш насычаная. Шчыльна супрацоўнічаем з валанцёрамі «Заходняга рубяжа», дабрачынным культурна-гістарычным фондам «Крокі», якія аднаўляюць памяць пра ахвяр і падзеі Першай сусветнай вайны. Сябруем з краязнаўцамі Аляксандрам Кузняцовым, Міхаілам Гілём і іншымі, з грамадскім аб’яднаннем «Экаагратур», падтрым­ліваем праект СШ №4 «Ства­раем гісторыю разам». Цесныя сувязі ў нас з навуковым аддзелам Нац­парка «Нарачанскі», з маскоўскім гісторыка-патрыятычным таварыствам «Баграціён», мядзельскім, вілейскім і іншымі музеямі, шматлікімі беларускімі гісторыкамі, навукоўцамі і культурнымі дзеячамі.

У той жа час мы пастаянна атрымліваем шэраг пісьмаў ад людзей, якія про­сяць дапамагчы ўстанавіць месцы пахавання продкаў, знайсці пра іх любую дадатковую інфармацыю. І гэта ўдаецца зрабіць.

Раённы краязнаўчы музей быў адкрыты для наведвальнікаў у лютым 1976 года. Ён знаходзіцца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. 

— Любіце сваю работу?

— Без гэтага працаваць у нашай прафесіі немагчыма. Складанасці ёсць, але шмат і цікавага, натхняльнага. Вось літаральна сёння раніцай (14 мая — аўт.) у музей завіталі жанчына з Мінска, яе дачка і ўнучка, якія жывуць у Галандыі. Папрасілі правесці для іх экскурсію. Яны з вялікай цікавасцю слухалі ўсё, што я гаварыла. Узгадала і тэму Вялікай Айчыннай, расказала пра нядаўнюю выставу, прысвечаную гэтай тэме. Жанчына (а яе завуць Людміла Лук’янская) вельмі пашкадавала, што не застала выставу. Аказалася, што яна — дачка Анатолія Аляксеевіча Сударыкава, які быў камандзірам партызанскага атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава. Ён сябраваў і з Маркавым, і з іншымі вядомымі людзьмі.

Жанчына перадала музею здымкі свайго бацькі і паабяцала летам прывезці яшчэ і яго ўзнагароды.

— Што сёння найбольш цікавіць наведвальнікаў музея?

— Іншагародніх — найперш наша, мясцовае, традыцыйнае. У пастаўчан густы розныя. Адным падабаюцца папугаі і ўпрыгажэнні, іншым — сур’ёзныя выставы на гістарычную тэму. Але магу сказаць адно: што б ні «чапляла» наведвальнікаў, музеі не павінны засты­ваць на адным месцы. Трэба пастаянна развівацца, азіраючыся на сучасныя тэндэнцыі, тэхналогіі. Мне вельмі падабаецца ідэя стварэння ў Паставах адзінага турыстычнага цэнтра, дзе была б акумулявана ўся інфармацыя пра турызм у рэгіёне, у тым ліку і пра наш музей.

Нягледзячы на сціплае фінансаванне, мы робім усё ад нас залежнае, каб у музея было не толькі мінулае, але і будучыня. Так, у аснове нашай дзейнасці гісторыя, але важна ўжо сёння стварыць умовы, каб нашы дзеці хацелі яе ўвекавечваць надалей.

— Раскажыце пра планы на перспектыву.

— Мы вельмі спадзяёмся, што неўзабаве распачнецца будаўніцтва новага корпуса ЦРБ і будынак палаца Тызенгаўзаў цалкам будзе аддадзены пад музей. Ужо цяпер ідзе работа над канцэпцыяй новай экспазіцыі. Галоўная задача — ства­рыць месца з непаўторнай атмасферай, дзе можна было б ладзіць самыя розныя мерапрыемствы — ад канферэнцый да баляў. Працуем і над удасканаленнем музея пад адкрытым небам у Дуках. У планах — зрабіць там побач з нямецкай і рускую лінію абароны: з акопамі, шпіталем. Спа­дзяёмся, нашы задумы падтрымае Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

За апошнія тры гады Пастаўскі раённы краязнаўчы музей наведалі каля 15 тысяч чалавек. За гэты перыяд супрацоўнікамі праведзена 490 экскурсій і 125 мерапры-емстваў. 

— Што для вас галоўнае ў рабоце?

— Калектыў. І я ім ганаруся. У нас атрымаўся ідэальны, на мой погляд, сплаў маладосці і вопыту. Уліўся ў работу малады спецыяліст — віцябчанін Дзмітрый Васільеў. Прафесіяналізмам вызначаецца старшы навуковы супрацоўнік Валянціна Друсь, якую магу наз­ваць сваёй правай рукой. Яна выдатна сябе праяўляе не толькі як работнік музея, але і як старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Сёлета занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. Будзе адзначана і на «вобласці».

Заўжды можна паспадзявацца і на тых, хто ў музеі працуе даўно. Я нават не магу нікога назваць падначаленым. Усе мы — калегі, аднадумцы. Сярод нас (як і сярод сяброў музея) няма выпадковых людзей, а толькі тыя, хто ўлюбёны ў родны край, апантаны сваёй справай і ідэямі. У такой камандзе мы зможам зрабіць нашмат больш, чым кожны паасобку.

Іна Сняжкова, газета «Пастаўскі край»Фота аўтара

На фота: Валянціна Друсь і Таццяна Гарошка

Интернет-ресурсы