Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Дворец Тызенгауза Поставы ночью Ночная набережная Набережная
Храм Постав
Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Ночная набережная
Набережная
Главная / Новости / Новости района
16 октября 2017

Майстры вёскі жывуць у Кураполлі

У шосты раз на Пастаўшчыне прайшоў міжнародны конкурс “Майстры вёскі”. Сёлета месцам яго правядзення стаў аграгарадок Камаі.

Знаёмства

Лынтупскі сельсавет прадстаўлялі Ігар і Іна Макрыцкія. Іна — настаўніца, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе Радзівона, якому нядаўна споўніўся годзік. Ігар працуе ў сельскім Савеце. Іх старэйшай дачушцы Рэнаце ідзе чатырнаццаты год, сыну Арцёму — дзесяць. Дзмітрый і Святлана Янушкоўскія з трохгадовай дачушкай Ірынкай прыехалі з Курапольскага сельсавета. Ён працуе вадзіцелем, яна — бухгалтарам у ААТ “Кураполле-агра”. Гонар Камайскага сельсавета абаранялі Канстанцін і Святлана Лапіны. Муж — ветурач, жонка — бухгалтар. Выхоўваюць чатырохгадовую дачушку Злату і двухгадовага сыночка (на жаль, Паўлік прыхварэў, таму не ўдзельнічаў у свяце, а застаўся дома з бабуляй). За 300 кіламетраў прыехалі з Латвіі Уладзімір і Ірына Поўхс з сынам Цімурасам і дачушкай Ганнай-Марыяй. Яны жывуць у Рэзекненскім краі, працуюць на чыгунцы, трымаюць вялікую падсобную гаспадарку. Латвійскі горад Віесітэ прадстаўлялі Яніс і Сабіна Зупа з дачушкай Мадарай. Яны фермеры, на свяце шчодра частавалі ўсіх прадуктамі з уласнай гаспадаркі.

Фірменныя стравы, выпечку, вышыўку, работы з бісеру, разьбу па дрэве і многае іншае, чым захапляюцца сем’і, канкурсанты размясцілі на сталах у фае Дома культуры. Гледачы падоўгу затрымліваліся каля сапраўдных цудаў, вырабленых рукамі ўдзельнікаў конкурсу. Цікава было пачытаць рэцэпт “стравы” пад назвай “Сямейнае шчасце”, прыдуманы Дзмітрыем і Святланай Янушкоўскімі. Для яго прыгатаваня трэба “змяшаць” радасць, клопат, узаемаразуменне, дабавіць аптымізму, веры, цярпення, ветлівасці. Усё “заліць” любоўю, упрыгожыць пялёсткамі дабрыні і ўвагі, падаць з “гарнірам” з цёплых слоў і шчырай усмешкі. А прыступкамі “Лесвіцы шчасця” Лапіных з’яўляюцца каханне, давер, разуменне, павага, вернасць.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў, старшыня Думы Рэзекненскага краявога самакіравання Монвідс Шварц і дэпутат Думы Віесіцкага краявога самакіравання Петэрыс Ліціс. Затым старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык перадаў сімвал конкурсу — гліняны чайнічак, вылеплены ў аграсядзі­бе майстроў Шчэрбаў у Навасёлках (конкурс “Майстры вёскі” ўпершыню праводзіўся на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета), старшыні Камайскага сельскага Савета Генадзію Часлававічу Урбанайцю. Дарэчы, Камаі “Майстроў вёскі” прымалі ў другі раз.

Пасля жараб’ёўкі распачаўся конкурс візітовак “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я”. Кожнаму трэба было коратка і прыгожа ахарактарызаваць сваю сям’ю. Падчас мультымедыйнай прэзентацыі з экрана дэманстраваліся здольнасці і захапленні, сумесная праца і адпачынак, радасці і паўсядзённыя клопаты. Яскравым дапаўненнем да ўбачанага сталі выступленні канкурсантаў, якія праз вершы і прозу, танцы і песні пастараліся паказаць, на што яны здольныя. Найбольш арыгінальна — усходнім танцам — прэзентавала сябе сям’я Поўсх. А Лапіны цікава расказалі пра сямейныя рэліквіі.

Руплівыя, дружныя, таленавітыя

Наступны этап конкурсу пад назвай “Сельская спартыўная эстафета” праходзіў на пляцоўцы перад Домам культуры. Не пашанцавала з над­вор’ем: было пахмурна, холадна, ішоў дождж. Але гэта не напалохала ўдзельнікаў. Муж і жонка ў пары спрытна валодалі ручной пілой і на хуткасць распілоўвалі бярвенне. Мужчыны імпэтна шчапалі калодкі, пераносілі мяшкі з бульбай. Жанчыны акуратна складвалі дровы, насілі вядзерцам ваду. Разам чысцілі бульбу, моркву, цыбулю, буракі.

Крэатыўна падышлі канкурсанты да напісання сямейнага партрэта, захапляльна расказвалі пра свае дасягненні.

Членам журы ў скла­дзе намесніка старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёва, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінскай, старшыні раённага камі­тэта прафсаюза работні­каў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменкі, другога сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” В. Л. Казлоўскай і старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” М. П. Нагановіч прыйшлося складана.

— Адчувалася, што ўсе вы дасканала рыхтава­ліся, — гаварыў, падво­дзячы вынікі Ю. М. Кісялёў. — Пра гэта сведчаць візітоўкі, тыя арыгінальныя стравы і вырабы, якія вы прывезлі. Журы ўлічвала многія моманты: адпаведнасць візітоўкі тэматыцы конкурсу, веданне і прэзентаванне сямейных традыцый, мастацкі і музычны ўзровень, артыстызм, творчы падыход да раскрыцця тэмы, хуткасць у спартыўнай эстафеце. Усе выступілі цудоўна. Але конкурс ёсць конкурс. Толькі некалькі балаў аддзяляюць адну сям’ю ад другой. Вы ўсе заслугоўваеце самых высокіх слоў пахвалы і падарункаў.

Месцы ж размеркаваліся наступным чынам: трэцяе раздзялілі паміж сабой Макрыцкія і Зупа, другое прысуджана сем’ям Лапіных і Поўхс, першае заваявалі Янушкоўскія.

— Адкрыю сакрэт, — гаварыў М. М. Яльчык, віншуючы пераможцаў і ўручаючы ім торт, — мы адабралі тры сям’і. Праводзілі з імі рэпетыцыі, прыглядаліся, як трымаюцца на сцэне, і спынілі свой выбар на Дзмітрыі і Святлане. І яны не падвялі. Малайцы! Утрымалі планку нашых Вешчанікіных, якія былі пераможцамі летась, і ў чарговы раз даказалі, што сапраўдныя майстры вёскі жывуць у Кураполлі. Сёння вы бачылі некаторыя Дзімавы вырабы з дрэва — у яго залатыя рукі. Парадак каля дома, прыгажосць у кветніку — заслуга Светы. Цудоўная сям’я!

Эмоцыі перапаўнялі гасцей з Латвіі. “Мы ехалі да вас не па перамогу, а па незабыўныяі ўражанні, — гаварылі яны. — І атрымалі культурны “шок”. Беларусы — дружны і моцны народ. Спадабаліся горад, гасціннасць гаспадароў, згуртаванасць сем’яў, шчырая падтрымка іх родных і калег”.

Спонсарамі конкурсу былі раённы выканаўчы камітэт, прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённыя грамадскія арганізацыі “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і БРСМ. А вялікую канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі тэатра песні “Вясковы экстрым” Камайскага сельскага Дома культуры, ансамбль народнай музыкі “Маладзіца” і навучэнцы Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Тэкст і фота
Анны АНІШКЕВІЧ, газета «Пастаўскі край»

Интернет-ресурсы