Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Ночная набережная Поставы ночью Храм Постав Дворец Тызенгауза Набережная
Ночная набережная
Ночная набережная
Поставы ночью
Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Набережная
Главная / Новости / Новости района
2 июня 2017

…І школьны вальс на развітанне

30 мая 57 тысяч беларускіх выпуснікоў 11-ых класаў развіталіся са школай. Урачыстыя лінейкі з гэтай нагоды прайшлі ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Адбыліся яны і на Пастаўшчыне. А вечарам 11-класнікі, іх настаўнікі, бацькі і іншыя родныя сабраліся на цэнтральнай плошчы горада на традыцыйны развітальны баль.

Сёлета апошні званок прагучаў для 231 выпускніка Пастаўскай гімназіі, пяці гарадскіх, Варапаеўскай, Гуцкай, Дунілавіцкай, Камайскай, Лынтупскай і Навасёлкаўскай школ. Доўгія 11 гадоў яны крочылі па лесві­цы школьнага жыцця, збіраючы шчодры ўраджай ведаў. І вось ззаду засталіся ўрокі, канікулы і званкі, перажыванні на кантрольных і разнастайныя мерапрыемствы. Разам з вучобай у школе ў юнакоў і дзяўчат завяршылася бесклапотная пара дзяцінства. Прыйшоў час уступіць у самастойнае дарослае жыццё. Якім яно будзе, залежыць ад саміх выпускнікоў, якія стаяць на парозе выбару далейшага шляху. І першае, што ім трэба зрабіць, — вызначыцца з прафесіяй.

— Школа дала вам трывалыя веды, навучыла мысліць, нацэліла на ажыццяўленне жыццёвых планаў, — гаварыў, звяртаючыся да 11-класнікаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта С. В. Чэпік. — Многія ўжо вырашылі, у якой сферы рэалізуюць свае памкненні і таленты, нехта яшчэ думае, чым будзе займацца ў будучым. Упэўнены, што вы годна прадоўжыце тое лепшае, што дасягнута старэйшымі пакаленнямі, зробіце ўсё для працвітання роднай Пастаўшчыны і Беларусі. Жадаю вам паспяхова здаць выпускныя экзамены і ўдала зрабіць прафесійны выбар.

Цёплыя словы Сяргей Васільевіч адрасаваў настаўнікам, якія прысвяцілі сваё жыццё пачэснай і нялёгкай справе — навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, адзначыўшы, што іх адрозніваюць высокі прафесіяналізм і вернасць прафесіі. Кожны дзень настаўнікі аддаюць вучням часцінку сваёй душы, вучаць іх дабрыні і справядлівасці, дапамагаюць вызначыць прызванне, выбраць жыццёвы шлях.

Ва ўрачысты, радасны і адначасова крыху сумны дзень развітання са школай у сэрцы кожнага педагога, несумненна, гучалі ноткі гордасці за сваіх выпускнікоў. Аналагічныя пачуцці перапаўнялі бацькоў 11-класнікаў, якія ўсе гэтыя гады былі побач з імі, хваляваліся за іх, радаваліся перамогам і разам перажывалі паражэнні. Кіраўнік раёна падзякаваў настаўнікам і бацькам за добрасумленную працу, мудрасць, душэўную шчодрасць, падтрымку і ўзаемаразуменне, пажадаўшы моцнага здароўя, поспехаў ва ўсім, дабрабыту і аптымізму.

У свята апошняга званка прынята адзначаць лепшых навучэнцаў раёна, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе. Не адышлі ад гэтай традыцыі і сёлета. С. В. Чэпік шчыра павіншаваў пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алім­піяды па вучэбных прадметах, чые веды, настойлівасць і ўпартасць дапамаглі заваяваць у 2016/2017 навучальным годзе 11 дыпломаў на абласным і 1 — на заключным этапе інтэлектуальных спаборніцтваў. Пры гэтым асабліва адзначыў выпускніцу СШ №5 Ірыну Паўлаву, якая на працягу чатырох гадоў з’яўлялася пераможцай розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па рускай і беларускай мовах і літаратуры, англійскай мове і працоўным навучанні. У апошні школьны год Ірына заваявала дыпломы І ступені на раённым і абласным этапах і дыплом ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У якасці ўзнагароды дзяўчына атрымала грашовую прэмію раённага выканаўчага камітэта. А раніцай на ўрачыстай лінейцы ў школе ёй уручылі цэлы стос грамат за перамогі ў гэтым і іншых спаборніцтвах і конкурсах.

Грашовых прэмій удастоены таксама 11-класніца СШ №2 Яна Шаламіцкая, навучэнкі 10 класа Дунілавіцкай ЯССШ Надзея Якімовіч і Дзіяна Ходан, выпускніца гэтай школы Дар’я Гваздова, чацвёра навучэнцаў Варапаеўскай СШ: 11-класнік Руслан Балай, 10-класніца Алеся Балай, 9-класнік Канстанцін Адамовіч і 8-класнік Мікіта Залецкі, навучэнец 9 класа Пастаўскай гімназіі Дзяніс Саўкоў і 10-класнік СШ №1 Мікіта Шастакоў. Падзякамі раённага выканаўчага камітэта і прэміямі адзначана праца настаўнікаў, якія падрыхтавалі названых вышэй прызёраў прадметнай алімпіяды, — Р. Г. Кашко, Т. М. Захарэвіч, А. П. Макоўскай, Н. П. Латушкінай, Л. А. Брэскай, Т. П. Галаўко, А. А. Гарнага, І. М. Козіч і Л. В. Кароль. А бацькам дзяцей С. В. Чэпік уручыў Падзячныя пісьмы.

На працягу года школь­нікі не толькі атрымлівалі веды, аддаючы шмат часу і сіл вучобе. Таксама яны прымалі ўдзел у жыцці сваіх навучальных устаноў і раёна, з’яўляючыся членамі Беларускага рэспублі­канскага саюза моладзі. Самым актыўным выпускнікам — Кацярыне Мацюшонак, Уладзіславу Антановічу, Рыце Варашкевіч і Маргарыце Ермаловіч — другі сакратар Пастаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Вераніка Казлоўская ўручыла граматы райкама, падзякаваўшы за працу, настойлівасць, цярпенне і пажадаўшы ў далейшым прымнажаць свае веды і дасягаць новых вышынь. Шэраг 11-класнікаў атрымалі рэкамендацыі грамадскага аб’яднання для паступлення ў сілавыя навучальныя ўстановы краіны. Так, у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь рэкамендаваны Іван Шыман, Андрэй Скрупскі, Аляксандр Радзько, Сяргей Лысёнак, Данііл Лукашчык, Алег Кухальскі, Вадзім Кароткін і Алег Гірвель, Інстытут пагранічнай службы — Аляксандр Шаура, Іван Філановіч і Аляксандр Кузміцкі, Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — Андрэй Казлоўскі, Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў — Яўгеній Кухальскі, Валерый Мя­дзелка і Дзмітрый Танана.

Многія юнакі і дзяўчаты не адзін год займаліся ў вакальных гуртках і студыях. На балі побач з іншымі навучэнцамі яны выходзілі на сцэну, каб у песнях і вершах сказаць «дзякуй» настаўнікам за ўсё добрае, што было за 11 школьных гадоў. Развітваючыся са школай, любімымі педагогамі і сябрамі, выпускнікі па традыцыі адпусцілі ў ярка-блакітнае неба прынесеныя з сабой паветраныя шары як сімвал дзяцінства, з якім у гэты дзень расставаліся. Лёгкі рознакаляровы феерверк паляцеў у нязведаную далеч самастойнага жыцця, несучы з сабой самыя запаветныя мары і жаданні дзяцей, якія сталі дарослымі. А ў канцы вечара ўсіх 11-класнікаў закружыў развітальны школьны вальс.

Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтара.

Интернет-ресурсы