Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Храм Постав Ночная набережная Набережная Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Ночная набережная
Набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
3 октября 2018

І грукат шалёны стаяў кананад

30 верасня ў Паставах адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю заканчэння першай сусветнай вайны.

У імя памяці

Мерапрыемствы — плён сумеснай шматграннай работы многіх апантаных людзей, якія па закліку сэрца аднаўляюць памяць пра падзеі Вялікай вайны, што калісьці баямі грымела і на тэрыторыі нашага раёна. Пра тое, што зроблена шмат і захады ў гэтым кірунку толькі пашыраюцца, сведчыць і міжнароднае супрацоўніцтва, наладжанае з Пасольствам Францыі. Дзякуючы яму, пастаўская дэлегацыя сёлета наведала горад Вердэн, дзе вывучала вопыт французаў па ўвекавечванні памяці той забытай вайны. А ў нядзелю ў наш горад разам з сям’ёй прыбыў Першы Саветнік Пасольства Францыі ў Беларусі Аляксандр Піке. Ён запэўніў, што прымаць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных агульнай гісторыі, для яго — вялікі гонар, і ён спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва паміж Паставамі і Вердэнам.

Дзесьці сумна-кранальны, дзесьці пазнавальны, а дзесьці і відовішчна-забаўляльны экскурс у гісторыю для жыхароў і гасцей райцэнтра падрыхтавалі Пастаўскі райвыканкам, раённы краязнаўчы музей, валанцёры руху “Заходні рабеж”, Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, Дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны “Крокі”, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Даніна павагі

Сёлета падчас раскопак, якія правёў 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Беларусі, на тэрыторыі раёна знойдзены астанкі 106 салдат Рускай імператарскай арміі. Цырымонія перапахавання іх праху адбылася на гарадскіх могілках.

— У лясным масіве каля вёскі Манькавічы падняты астанкі 100 воінаў Рускай імператарскай арміі. Яшчэ 6 знойдзены паблізу вёсак Мажэйкі і Дукі, — гаварыў падчас перапахавання намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Па гільзах, у якіх захоўваліся запіскі з указаннем поўнага імя, воінскага звання і месца нараджэння, трох чалавек удалося ідэнтыфікаваць. Мы ведаем, што сёння аддаём зямлі ўраджэнца Вяцкай губерні Бальшакова Фёдара Сцяпанавіча, ураджэнца Курскай губерні Палякова Гаўрыіла Іванавіча, ураджэнца Цвярской губерні Зайцава Рыгора Іванавіча, забітых падчас Нарацкай аперацыі. Наш грамадзянскі абавязак — адшукаць усе безыменныя во­інскія пахаванні.

Справа кожнага

Музейная экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне, ужо каторы год радуе наведвальнікаў падвальных памяшканняў палаца Тызенгаўзаў. Цяжка пералічыць усіх тых, хто мае дачыненне да яе стварэння і ўдасканалення. Аднак падчас сустрэчы ў музеі яго дырэктар Таццяна Гарошка паспрабавала гэта зрабіць, знайсці цёплыя словы ў адрас кожнага, уручыла Падзякі адданым сябрам установы.

— Першым да даследавання тэмы Першай сусветнай на Пастаўшчыне прыступіў краязнаўца Ігар Пракаповіч. І зрабіў вельмі шмат, — узгадала Т. Гарошка. — Што да ідэі стварэння экспазіцыі, то яна належыць былому кіраўніку ўстановы Раісе Курачэнка, якая здолела аб’яднаць вакол сябе цэлую армію зацікаўленых лю­дзей. Гэта і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, без чыёй падтрымкі, бадай, нічога не атрымалася б, і архітэктар-дызайнер Ігар Пружалаў, дзякуючы якому задума набыла мастацкае ўвасабленне, і валанцёры руху “Заходні рубеж” Андрэй Мацур, Валянцін Жамойдзь, Павел Курто, Ілья Буткевіч.

Разам з імі ў адзіным “страі” крочаць вядомыя ва ўсёй краіне даследчыкі Вялікай вайны Барыс Цітовіч, Вячаслаў Бандарэнка, Уладзімір Багданаў. А таксама многія-многія іншыя.

Уладзімір Сайко і яго работа “Сібірскія стралкі”

Згаданая экспазіцыя ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі, якія шчодра дораць музею яго сябры. Вось і ў той дзень беларускі мастак Уладзімір Сайко перадаў установе сваю карціну “Сібірскія стралкі”. Часова ўпрыгожыць музейную экспазіцыю і выстава прыватных калекцыянераў Сяргея Мамошкіна, Уладзіміра Варанца і Дзмітрыя Антановіча “Рэха Вя­лікай вайны”. Узнагароды таго часу, посуд, дакументы, паштоўкі і іншае знойдзена на тэрыторыі нашага і Мядзельскага раёнаў.

Адзін эпізод вайны

Шквал эмоцый і неверагодныя ўражанні, якімі яшчэ доўга будуць дзяліцца гледачы, выклікала ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Пастаўскі рубеж”. Яна прайшла на адноўленым участку лініі фронту паблізу вёскі Дукі. А ўзнавілі трагічныя падзеі сакавіка 1916 года ў гістарычна дакладным месцы баёў каля 40 удзельнікаў з Мінска, Брэста, Масквы, Санкт-Пецярбурга і Калінінграда.

Ну а пакуль “Пастаўскі рубеж” не ператварыўся ў арэну баявых дзеянняў, усе маглі ўразіцца побытам двух варожых лагераў. Стан “рускіх” размясціўся на лясной сонечнай паляне. У перавязачным пункце сёстры міласэрнасці прымаюць параненых, паблізу нясе варту кулямётная каманда. Невялікая чарга салдат выстраілася па ежу каля палявой кухні, астатнія сталуюцца непадалёк. Посуд адпавядае часам стогадовай даўнасці: самавары, кубкі, міскі, драўляныя лыжкі.

— Прадстаўляем “114-ты Наваторжскі пяхотны полк” і “Курляндскіх сясцёр міласэрнасці”, — расказвае пра сябе група з шасці чалавек. — Удзельнічалі ў падобных рэканструкцыях у Польшчы, Францыі, Славакіі. Мы — з Калінінграда.

Да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны гэты горад называўся Кёнігсбергам і належаў Усходняй Прусіі. Вядома, гэтыя рэканструктары не з’яўляюцца нашчадкамі немцаў, якіх у сярэдзіне мінулага стагоддзя дэпартавалі з гэтага рэгіёна, аднак такі збег абставін усё роўна выклікае ўсмешку.

Самы каларытны сярод “рускіх” — кітаец Ван Фа. Хлопец з дынастыі ваеннаслужачых. Яго дзядуля быў асабіста знаёмы з Мао Цзэдунам і ваяваў на чале з ім. Зараз Ван Фа вучыцца ў аспірантуры адной з мінскіх ВНУ, наведвае клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “54-ты Мінскі пяхотны полк”.

Праз раку, на ўмацаванай вышыні, размясціўся абуладкаваны і адносна бяспечны бетонны “горад” “немцаў”, ролю якіх выконвалі мінчане і брэстаўчане. “Нямецкія” бліскучыя пікельхельмы красуюцца з перадавога акопа. На подступах да фартыфікацыйных збудаванняў — загароды з калючага дроту, праз іх пушчаны электрычны ток. Узяць такую лінію абароны надзвычай складана.

І вось “атака” пачалася. Руская пяхота набліжаецца да берага ракі. Нямецкі кулямёт сустракае яе шквальным агнём. Завязваецца жорсткая барацьба. У адзіную мелодыю бою зліваюцца ружэйныя стрэлы, выбухі пушачных снарадаў і гранат, раз-пораз вялізным чырвоным шарам у паветра “выдыхае” агнямёт. Раз’езд рускай кавалерыі, штыкавая, узяцце першай лініі абароны, адступленне, час сясцёр міласэрнасці… Не зразумець тое, што адбывалася на полі бою, было проста немагчыма, бо ўсе падзеі выдатна каменціраваў Вячаслаў Бандарэнка, што толькі надало ім захапляльнасці і вастрыні.

Прыблізна праз паўгадзіны баталіі скончыліся, змоўклі кананады, развеяўся дым. Аднак ні дарослыя, ні дзеці разыхо­дзіцца не спяшаліся, даследавалі “Пастаўскі рубеж”, смакавалі салдацкую кашу, якой усіх жадаючых частавалі вайскоўцы 1-га радыётэхнічнага цэнтра.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ, газета «Пастаўскі край»
Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА

Да ведама

У 1916 годзе французы не спраўляліся з нападамі “Траістага саюза” і рызыкавалі страціць кірунак на Парыж у бітве пад Вердэнам. Францыя папрасіла саюзніцу па “Антанце” — Расію — дапамагчы адстаяць сталіцу краіны: нанесці па немцах удар, які адцягнуў бы іх увагу ад Вердэна. Што Расія і зрабіла падчас Нарацкай аперацыі. Аднак спробы прарваць нямецкую абарону, якія суправаджаліся кровапралітнымі баямі, не мелі поспеху. А вось Францыі расійская армія дапамагла: пагроза для Парыжа была ліквідавана.

http://www.postawy.by/2018/10/i-grukat-shaljony-staja-kananad/

Интернет-ресурсы