Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Дворец Тызенгауза Набережная Поставы ночью
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
11 мая 2017

Будзем вартыя Вялікай Перамогі!

Сёлета споўнілася 72 гады са дня Вялікай Перамогі, а памяць пра подзвіг вызваліцеляў ад фашысцкага нашэсця не толькі не памеркла ў сэрцах мільёнаў беларусаў, а стала яшчэ больш назгаснай. Іх мужнасць, гераізм і самаахвярнасць для нас, пакалення нашчадкаў пераможцаў — прыклад, на які трэба раўняцца. Нездарма 9 Мая ў нашай краіне з’яўляецца сапраўды ўсенародным святам, а таму адзначаецца з асаблівым размахам.

Пастаўчане да Дня Вялікай Перамогі пачалі рыхтавацца загадзя. Аддаючы даніну памяці загінулых герояў, усе воінскія пахаванні ў раёне былі добраўпарадкаваны і ажывіліся кветкамі. Больш за тысячу савецкіх салдат і афіцэраў назаўсёды засталіся ў брацкіх магілах на Пастаўшчыне. Сярод пахаваных на нашай зямлі героі Савецкага Саюза Васіль Кірычук, Аляксей Галубкоў, Мікалай Красільнікаў, Васіль Сідарэнка. Сёння праводзіцца вялікая навукова-пошукавая работа па ўвекавечанні памяці загінулых воінаў. Атрымалася аднавіць 667 новых імёнаў, з іх 149 чалавек у спісы пахаваных былі ўнесены ў бягучым годзе. Працягнецца гэта работа і ў далейшым. Восенню запланавана правядзенне чарговых пошукаў спецыялізаваным батальёнам.

На вялікі жаль, з кожным годам жывых сведкаў вайны становіцца ўсё менш. 72-ю гадавіну Вялікай Перамогі на Пастаўшчыне сустракалі ўсяго 18 ветэранаў (у 2016 годзе іх было 32). Зразумела, што ўсе яны — людзі паважанага ўзросту. Да прыкладу, пастаўчанін І. С. Русалоўскі сёлета адзначыў 100-гадовы юбілей. У рамках рэспубліканскай акцыі РГА «Белая Русь», да якой далучылася і наша раённая арганізацыя гэтага аб’яднання, напярэдадні 9 Мая да Іларыёна Савельевіча завіталі госці. Намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» М. А. Кабайла і вядучы спецыяліст А. А. Храпун шчыра яго павіншавалі і ўручылі прадуктовы набор і сувеніры ад “Белай Русі”. Такія ж падарункі атрымалі і іншыя ветэраны-юбіляры раёна.

Увогуле праграма святочных мерапрыемстваў, прысвечаных чарговай гадавіне Вялікай Перамогі ў нашым горадзе, была вельмі насычанай. 6 мая ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыліся ўрачысты сход і канцэрт “Пераможны май”. З прывітальным словам да прысутных ад імя мясцовай улады звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў:

— Перамога… За гэтым словам стаяць мужнасць і гераізм мільёнаў савецкіх салдат, партызан і мірнага насельніцтва. Мы ганарымся тым, што ў слаўным ваенным летапісе ёсць доля подзвігаў і нашых землякоў. Жыхары Пастаўшчыны абаранялі Маскву, блакадны Ленінград, Сталінград, вызвалялі родную Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, Польшчу, Чэхаславакію, змагаліся ў баях на тэрыторыі Венгрыі, Італіі, Румыніі, штурмавалі Берлін. Звыш трох тысяч землякоў былі ўзнагаро­джаны баявымі ордэнамі і медалямі. А партызаны Фёдар Маркаў і Ганна Маслоўская ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У той светлы пераможны майскі дзень многім здавалася, што вайна больш не вернецца ніколі. Але новы час не пазбавіў чалавецтва ад войнаў. Сёння зноў ірвуцца снарады і гінуць людзі. Таму зараз як ніколі важна памятаць галоўны ўрок Вялікай Айчыннай: ніякія інтарэсы не каштуюць таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці.

Будзем вартыя Вялікай Перамогі, захаваем і памножым тое, што было створана папярэднімі пакаленнямі, і зробім яшчэ больш прыгожым кожны куточак роднай Пастаўшчыны!

У раённым Доме культуры ў гэты дзень сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў: ветэраны вайны і працы, вайскоўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў і навучальных устаноў горада. Такім жа разнастайным быў і склад удзельнікаў святочнага канцэрта: ад самых юных пастаўскіх артыстаў і да народнага хору ветэранаў вайны і працы. Гледачы шчыра віталі музычныя і харэаграфічныя нумары, сольныя і калектыўныя выступленні, народныя песні і сучасны эстрадны рэпертуар. Ужо не першы год запар юныя пастаўчане далучаюцца да маштабнай рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай акцыі па захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Перамогу “У страі заўсёды, у памяці навечна”. Каля сотні навучэнцаў з усіх гарадскіх школ па зале пранеслі ў руках партрэты сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тым самым яшчэ раз даказалі, што ў сем’ях нашых землякоў шануюць памяць пра сваіх продкаў.

Галоўныя ўрачыстасці ў Паставах адбыліся 9 мая. Раніцай з плошчы Леніна стартаваў аўтапрабег «Памяці загінулых герояў». Прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі вянкі да помнікаў воінам-вызваліцелям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Не бу­дзе перабольшаннем сказаць, што ў святочных мерапрыемствах былі за­дзейнічаны літаральна ўсе працоўныя і вучнёўскія калектывы горада. На асфальце ад плошчы Леніна да плошчы Камсамольскай вучні дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера стварылі малюнкі. Дырэктар школы Жанна Уладзіміраўна Курдо адзначыла:

— Сёлета свае адносіны да свята Вялікай Перамогі праз малюнкі на асфальце пажадалі выказаць каля 90 дзяцей усіх узроставых груп, нават з падрыхтоўчай. Трэба падкрэсліць, што сустрэлі яны гэтую прапанову з вялікім імпэтам. Многія загадзя рыхтаваліся, рабілі эскізы на паперы, куплялі каляровую крэйду, хаця наша школа часткова яе прадастаўляла.

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва за кубачкам гарбаты сабра­ліся былыя вязні (да гэтай катэгорыі сёння ў раёне адносяцца 87 чалавек). Яны дзяліліся ўспамінамі з валанцёрамі з ліку маладога пакалення, якое не застала жахаў ваеннага ліхалецця. Гэтая сустрэча прайшла ў рамках праекта, які фінансуецца германскім фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” па праграме “Месца сустрэчы: дыялог” пры падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне”. Працягам іх сустрэчы стаў удзел у мітынгу-рэквіеме на плошчы Леніна. Па традыцыі сюды з розных канцоў горада сцякаліся святочныя калоны працоўных калектываў райцэнтра, моладзі і ваеннаслужачых Пастаўскага гарнізона. У гэты дзень гучала многа цёплых віншавальных слоў у адрас воінаў-вызваліцеляў, дзякуючы якім мы маем магчымасць жыць пад мір­ным небам.

— Сёння мы адзначаем самае дарагое і блізкае сэрцу свята — Дзень Перамогі, — вітаў пастаўчан старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў. — Нашаму народу ніколі не забыць, якую вялікую цану мы заплацілі за тое, каб быць свабоднай, незалежнай краінай. Фашысты ператварылі Беларусь у жудасны канвеер смерці, стварыўшы тут каля 260 канцлагераў і 110 гета.

Вайна пакінула свой страшны след і на пастаўскай зямлі. Горыч страт не абышла ніводную сям’ю. За тры чорныя гады акупацыі фашысты знішчылі ў раёне больш за 4 тысячы чалавек, вывезлі ў Германію каля 2 тысяч, у асноўным моладзь, разбурылі прадпрыемствы, школы, клубы, створаныя да вайны калгасы. Карнікі спалілі 87 вёсак і 1820 хат, а вёску Альцы — разам з жыхарамі. Больш за 2 тысячы нашых землякоў склалі свае галовы на франтах вайны і знайшлі апошні прытулак далёка ад родных мясцін.

Мы ніколі не забудзем тых, хто загінуў за нашу свабоду. Паважаныя ветэраны! Прыміце нашу шчырую падзяку і нізкі паклон! Хай неба над нашай роднай Беларуссю заўсёды будзе мірным!

Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні дзяржаўнай установы «1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» маёр Аляксей Валянцінавіч Навуменка запэўніў прысутных, што воіны Пастаўскага гарнізона з годнасцю нясуць службу і памнажаюць даўнія традыцыі старэйшага пакалення вайскоўцаў.

Стала добрай традыцыяй падчас святкавання Дня Перамогі лепшых навучэнцаў гарадскіх школ прымаць у рады грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Урачыстае абяцанне зачыталі вучаніца 10 класа СШ №1 Анастасія Гарус і вучань 11 класа Пастаўскай гімназіі Дзміт­рый Радулевіч, а ганаровую місію завязаць піянерскія гальштукі выканалі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы.

Кульмінацыйным момантам мітынгу стала ўскладанне жывых кветак і вянкоў да магілы загінулых воінаў. Доўгая людская рака перад абеліскам — як сімвал удзячнасці нашчадкаў пакаленню, якое абараніла нашу краіну. Важна, каб і далей памяць пра салдат Вялікай Айчыннай вайны не згасала ў сэрцах людзей, каб іх подзвіг жыў у стагоддзях.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.
Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА
.

Интернет-ресурсы