Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 3-10-14 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Дворец Тызенгауза Поставы ночью Набережная
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Набережная
Главная / Новости / Новости района
22 сентября 2017

Агульнае мінулае — аснова для супрацоўніцтва

20 верасня Паставы наведала латышская дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Марціньшам Вірсісам (на здымку злева). Мэта візіту — знаёмства з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў, абмеркаванне пытанняў далейшага супрацоўніцтва.

Афіцыйную дэлегацыю вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік. У яе склад увайшлі саветнік пасольства Лат­вій­скай Рэспублікі ў нашай краіне Дацэ Рутка, кіраўнік консульства ў Віцебску Угіс Скуя, дырэктар Лат­війскай нацыянальнай бібліятэкі Андрыс Вілкс і прафесар Даўгаўпілскага ўніверсітэта, доктар гісторыі Хенрыкс Сомс. Кіраўнік раёна адзначыў, што патэнцыял супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларуссю вялікі, таму ўпэўнены, што яно бу­дзе пашырацца. А каб госці маглі скласці ўяўленне пра раён, прапанаваў для прагляду фільм пра Пастаўшчыну, падрыхтаваны мясцовым тэлебачаннем.

Як высветлілася падчас размовы, усе латышы, акрамя Хенрыкса Сомса, у Паставах упершыню. Прафесар шмат гадоў займаецца даследаваннем жыцця нашай агульнай гістарычнай асобы — Марыі Пшэздзецкай (дачка Канстанціна Тызенгаўза). Падчас вывучэння тэмы нават узахвоціў усю кафедру Даўгаўпілскага ўніверсітэта, якую ўзначальваў, на паездку ў наш горад. Праўда, дэталёва пазнаёміцца з палацам Тызенгаўзаў тады не ўдалося — рэканструкцыя на той момант не была завершана.

Марыя Пшэздзецкая вядомая як мецэнатка, дабрачынніца, мастачка. На яе сродкі пабудаваны касцёлы ў Паставах, Рокішках і Солах, часткова — праваслаўная царква ў нашым райцэнтры, адрэстаўраваная капліца Тызенгаўзаў у Рыжскім саборы. У ім жа па фундатарстве Марыі ўсталяваны вітражы з партрэтамі яе продкаў. Па ініцыятыве графіні і на яе сродкі быў выдадзены ўнікальны альбом “Terra Mariana” (“Зямля Дзевы Марыі”), інкруставаны каштоўнымі металамі і камянямі. Яго галоўная тэма — распаўсюджванне і традыцыі хрысціянскай веры ў Балтыі з XII па XIX стагоддзі. Гэты фаліянт у 1888 годзе быў падораны Папу Рымскаму Лявону XIII і зараз захоўваецца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы.

Пра гэта выданне латышскія даследчыкі даведаліся чвэрць стагоддзя назад і заняліся яго дасканалым вывучэннем. У выніку з арыгінала было зроблена 10 факсімільных выданняў (кожнае вагой ажно 25 кілаграмаў), а з іх — тысяча копій з каментарыямі. Адну з такіх кніг Марціньш Вірсіс у якасці падарунка ўручыў С. В. Чэпіку. А падзівіцца з факсімільнага выдання і нават пагартаць яго Хенрыкс Сомс запрасіў у Даўгаўпілскі ўніверсітэт.

Пасля афіцыйнай часткі накіроўваемся ў скляпенні палаца Тызенгаўзаў.

— Музейныя экспазіцыі размяшчаюцца на плошчы 480 квадратных метраў. Тут прадстаўлены тры ўнікальныя старонкі гісторыі Пастаўшчыны, дзякуючы якім наш горад быў вядомы калі не ўсяму свету, то ўсёй Еўропе дакладна, — праводзіць гасцей па вузкіх калідорах навуковы супрацоўнік музея Раіса Леанідаўна Курачэнка. — А паглядзіце, якія тут рабрыстыя скляпе­ністыя столі! Яны таксама ўнікальныя.

Латышы з непадробнай цікавасцю разглядвалі экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці вядомага арнітолага Канстанціна Тызенгаўза, матэрыялы, якія датычаць летніх лагераў Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы, найбагацейшую калекцыю прадметаў часоў Першай сусветнай вайны, сабраных на тэрыторыі Пастаўшчыны.

Наступны прыпынак — малаказавод. У суправа­джэнні першага намесніка дырэктара прадпрыемства Васілія Уладзіміравіча Катовіча і спецыяліста па сыравіне і вы­твор­­часці Марыі Мікалаеўны Лютынскай госці накіроўваюцца ў цэх па вытворчасці сыроў. Іх тут вырабляюць 20-24 тоны ў суткі, у тым ліку і элітныя гатункі. Пакаштаваць іх, а таксама іншую прадукцыю завода запрашаюць у залу дэгустацый. Пераступаем яе парог, і разбягаюцца вочы — адна сцяна цалкам увешаная разнастайнымі дыпломамі, у шафе на другой — макеты ўзораў выпускаемай прадукцыі.

— Гэта толькі частка ўзнагарод і нашай прадукцыі, — бачачы захапленне прысутных, тлумачаць гаспадары.

Далей маршрут пралёг на комплекс па вытворчасці аднапалоснай паркетнай дошкі Пастаўскага мэблевага цэнтра.

— Яшчэ два гады назад тут былі кусты, зараз цалкам добраўпарадкаваная тэрыторыя, — сустракае намеснік дырэктара прадпрыемства Генадзій Бярнардавіч Сіповіч. — Працуем на аўстрыйскім, нямецкім і італьянскім абсталяванні. Некаторае амаль не патрабуе ўдзелу чалавека. Вытворчасць запусцілі ў ліпені. Заключаны кантракты на пастаўку паркетнай дошкі ў Аўстрыю, Канаду, Англію, Італію, Расію. Рэалізуецца прадукцыя і на айчынным рынку.

Госці пільна вывучаюць узоры прадукцыі, цікавяцца ўстаўным капіталам, колькасцю рабочых месцаў, іншым.

У рамках знаёмства з райцэнтрам латышская дэлегацыя таксама наведала шэраг культурных і сацыяльных аб’ектаў горада, у тым ліку Дом рамёстваў “Стары млын” і ад­дзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, пазнаёмілася з помнікамі архітэктуры.

— Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ўжо ажыццяўляецца, і ёсць усе магчымасці яго развіваць. Найперш у эканамічным і турыстычным плане. Буду інфармаваць кіраўніцтва пра сваё захапленне ад знаёмства з раёнам, — падзяліўся ўражаннямі з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі.

У той жа дзень дэлегацыя адправілася ў Полацк. Там адбылася сустрэча з прадстаўнікамі органаў улады. У гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання латышы падарылі Полацкаму дзяржуніверсітэту экзэмпляр “Terra Mariana”.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ, газета “Пастаўскі край”

Интернет-ресурсы