Раённы выканаўчы камітэт прыняў распараджэнне “Аб святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь”. У адпаведнасці з ім, асноўныя мерапрыемствы пройдуць 3 ліпеня ў Паставах. Пачнуцца яны ў 11.00 на плошчы Леніна з мітынгу і ўскладання вянкоў і кветак да помніка загінуўшым воінам. У 11.30 — урачыстае шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзі з плошчы Леніна ў гарадскі парк, дзе з 11.45 ладзіцца вялікі канцэрт “Са святам, краіна!”. У ім прымуць удзел народныя калектывы “Паазер’е”, “Заранка”, “25 плюс-мінус” і эстрадныя выканаўцы. Адначасова ў парку будзе шырока разгорнуты гандаль (з юшкай рыбгаса “Навінкі” і шашлыкамі), арганізаваны гульнявыя праграмы для дзяцей і паказальныя выступленні Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы.
Вечарам святкаванне прадоўжыцца на плошчы Леніна. У 21.00 тут распачнецца канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам саліста прадзюсерскага цэнтра Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, фіналіста тэлепраекта “Акадэмія талентаў” ЛЕО-НАРДО, артысткі тэатра сатыры і гумару Раісы Падрэз і артысткі беларускай эстрады Марыі Абасавай. У 23.00 — Рэспубліканская акцыя “Спяём гімн разам!”, пасля якой да 1 гадзіны ночы — танцавальная праграма для моладзі.
Урачыстыя мерапрыемствы пройдуць і ў сельскай мясцовасці.