Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
Навіны рэгіёна
18.02.2025

Аршанскі льнокамбінат у 2024 годзе амаль у 2 разы пашырыў фірменную сетку ў Беларусі

Мінулы год для Аршанскага льнокамбіната стаў годам развіцця ўнутранага рынку, прадпрыемства амаль у два разы пашырыла рэспубліканскую фірменную сетку, якая сёння налічвае больш як 50 магазінаў. З рэбрэндынгам вытворцы вырабаў са знакамітага беларускага лёну азнаёміў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы вельмі гордыя тым, што ў ліку толькі 17 прадпрыемстваў нашай краіны Аршанскі льнокамбінат стаў уладальнікам Дзяржаўнага знака якасці, уручанага ў гісторыі суверэннай Беларусі ўпершыню. Гэта ўзнагарода адзначыла ўвесь тэхналагічны працэс вытворчасці прадукцыі, якой знакаміта наша прадпрыемства. Віцебшчына славіцца льнянымі тканінамі, што пастаўляюцца ў 43 дзяржавы", - акцэнтаваў увагу намеснік гендырэктара.

Нягледзячы на тое што львіная доля прадукцыі льнокамбіната прадаецца за мяжу, пашырае сваю прадстаўленасць вытворца і на ўнутраным рынку. Мінулы 2024 год прадстаўнік прадпрыемства назваў для льнокамбіната годам развіцця ўнутранага рынку, паколькі фірменная сетка вытворцы была пашырана практычна ў два разы і на гэты момант налічвае звыш 50 магазінаў. Яшчэ адно знакавае дасягненне льнокамбіната ў Оршы - рэбрэндынг са зменай назвы брэнда прадукцыі.

Сёння льнокамбінат выпускае каля 18 млн пагонных метраў тканіны ў год, больш як 4,5 млн штучных вырабаў, яго асартымент фарміруюць 2,5 тыс. артыкулаў прадукцыі, а калектыў складаецца з амаль 4 тыс. супрацоўнікаў. Паводле слоў Сяргея Сідзіна, унікальнасць прадпрыемства заключаецца ў тым, што тут выпускаюць прадукцыю, якая сімвалізуе Беларусь, а з улікам таго, наколькі працаёмкі працэс уяўляе сабой вырошчванне і перапрацоўка лёну, ільнокамбінат дэманструе яшчэ і высокі ўзровень прамысловай вытворчасці, дасягнуты ў краіне.

"Шмат нашай прадукцыі экспартуецца ў дзяржавы Еўропы, Злучаныя Штаты Амерыкі. З лёну вырабляецца вялікая колькасць сувенірнай прадукцыі. Я сказаў бы, што лён - гэта тое, што адрознівае нас, беларусаў, ад іншых народаў. Нездарма ж складзена прыгожая легенда, што назва нашага народа "беларусы" пайшла ад белага адзення, што насілі людзі, якія жылі некалі на гэтай зямлі. А белае адзенне - гэта, безумоўна, лён", - рэзюмаваў намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін.

Аршанскі льнокамбінат - буйнейшы вытворца льняных тканін і вырабаў з лёну ў СНД і Еўропе. Доля экспарту прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці перавышае 80 працэнтаў. Высокай ацэнцы сярод пакупнікоў прадпрыемства абавязана першакласнай якасці тавараў і пастаяннаму абнаўленню іх асартыменту.

БелТА

Да спіса