Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 3-10-14 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Храм Паставаў Начная набярэжная Паставы ноччу Палац Тызенгаўза Набярэжная
Храм Паставаў
Храм Паставаў
Начная набярэжная
Паставы ноччу
Палац Тызенгаўза
Набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
12 мая 2022

Скарэкціруе паводзіны «Падлетак»

Гэта клуб для непаўналетніх, схільных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, створаны ў сакавіку на базе інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС па рашэнні аднайменнай камісіі райвыканкама.

Кожны квартал у раённым выканаўчым камітэце разглядаюцца пытанні здзяйснення падлеткамі злачынстваў і правапарушэнняў або ўдзелу ў іх. У апошні час сітуацыя тут пачала пагаршацца: па выніках першых трох месяцаў на Пастаўшчыне назіраецца рост злачыннасці сярод асоб ва ўзросце да 18 гадоў. Каб перамагчы негатыўную тэндэнцыю, павысіць прававую культуру непаўналетніх, уцягнуць іх у актыўныя формы дзейнасці, і было вырашана арганіза­ваць клуб «Падлетак». Зараз у яго ўваходзяць 40 чалавек, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Пераважная большасць членаў аб’яднання — навучэнцы каледжа, астатнія — школьнікі з устаноў адукацыі горада і раёна.

— Рэальна цяжкіх падлеткаў, якія патрабуюць павышанай увагі да сябе, у клубе ўсяго каля 5%, — расказвала старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч— У цэлым жа ўсе дзеці адэкватныя, паддаюцца выхаваўчаму ўздзеянню. І, што немалаважна, у іх адэкватныя бацькі. Яны належным чынам клапоцяцца пра сыноў і дачок, цікавяцца іх жыццём. Ёсць сярод членаў аб’яднання і вельмі добрыя падлеткі, якія з прычыны свайго ўзросту і характару трапілі пад уплыў равеснікаў з не самымі прыкладнымі паво­дзінамі і пераступілі закон.

Знаходзіцца ў клубе непаўналетнія могуць максімум год: менавіта столькі часу право­дзіцца індывідуальна-прафілактычная работа з імі. Таму склад «Падлетка» будзе пастаянна мяняцца. Зыходзячы з гэтага, спланаваны мерапрыемствы. Яны не звязаныя паміж сабой, каб навучэнцы, якія толькі прыйшлі ў клуб, адразу сталі актыўнымі ўдзельнікамі праграмы. А яна даволі насычаная і разнастайная. Тут і сустрэчы з цікавымі людзьмі, і экскурсіі на прадпрыемствы раёна, дыскусіі, ролевыя гульні, трэнінгі, флэшмобы, працоўныя дэсанты і спартыўныя спаборніцтвы. Штомесяц па 2-3 мерапрыемствы.

Так, у сакавіку прайшла сустрэча ў каледжы са старшым памочнікам пракурора раёна Тамарай Зубко і старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і проці­дзеянні гандлю людзьмі РАУС Міхаілам Ходанам, у красавіку — працоўная акцыя па ўборцы тэрыторыі па вуліцы М. Горкага ў Паставах і экскурсія ў ААТ «Паставымэбля». 1 мая члены клуба ўдзельнічалі ў раённым лёгкаатлетычным кросе. У гэтым месяцы запланаваны таксама экскурсія ў музей СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, працоўны дэсант у Азёрках і сустрэча з гінеколагам і ўролагам ЦРБ. Затым у навучэнцаў удзел у раённым турыстычным злёце, спартыўныя баталіі з равеснікамі з Браслава, якія прыедуць да іх у госці, сумеснае патруляванне вуліц горада з інспектарамі аддзялення ДАІ і інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, рэйды з прадстаўнікамі Таварыства выратавання на водах і райаддзела па надзвычайных сітуацыях і шмат чаго яшчэ.

Раз на тры месяцы будуць праводзіцца пасяджэнні клуба «Падлетак». На іх арганізатары збіраюцца ацэньваць, якіх вынікаў дасягнуў кожны непаўналетні, і адзначаць найлепшых.

Алена Шапавалава, газета “Пастаўскі край”

Члены клуба «Падлетак» на экскурсіі ў ААТ «Паставымэбля»