Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 3-10-14 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Паставы ноччу Палац Тызенгаўза Набярэжная Храм Паставаў Начная набярэжная
Паставы ноччу
Паставы ноччу
Палац Тызенгаўза
Набярэжная
Храм Паставаў
Начная набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
1 чэрвеня 2022

Рабі як ведаеш

Да пачатку лета пытанне «куды пайсці вучыцца?» выходзіць на пік сваёй актуальнасці. Выпускнікі Пастаўшчыны рыхтуюцца пакараць установы адукацыі ў самых розных беларускіх гарадах. Пры гэтым не ўсе ўсведамляюць, што запатрабаваную прафесію яны могуць атрымаць, нікуды не з'язджаючы, - у Пастаўскім дзяржаўным каледжы.

Думаю, многія здзівяцца, даведаўшыся, што тут вучацца падлеткі з Мінска, Віцебска, Оршы, Полацка і іншых вялікіх гарадоў. Кожны год сярод абітурыентаў нямала выпускнікоў і з суседніх рэгіёнаў: Браслаўскага, Мядзельскага, Глыбоцкага… У іх наконт прэстыжнасці навучання ў нашым каледжы менш стэрэатыпаў, чым у саміх пастаўчан. Нездарма ж кажуць: збоку лепш відаць.

Што ж самае важкае ў адукацыі, якую даюць навучэнцам пастаўскага каледжа? Якія новыя спецыяльнасці тут прапануюць атрымаць? Даведалася пра гэта непасрэдна ў каледжы, дзе ўжо 15 чэрвеня пачынаецца ўступная кампанія і дзе ўжо сёння можна падвесці вынікі адыходзячага навучальнага года.

Аб каштоўным і неацэнным

Як людзей сустракаюць па адзенні, так навучальная ўстанова — па вонкавым выглядзе будынка, абсталяванасці і ўтульнасці навучальных класаў. У каледжы ўвага гэтаму надаецца ўвесь час. Толькі летась на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы зрасходавана амаль 160 тыс. рублёў. На гэтыя грошы набыты кампутарны клас, вытворчыя сталы для навучальнай лабараторыі, спортінвентар, спецвопратка і іншае. Сродкі таксама затрачаны на рамонт інтэрната і аснашчэнне сталовай.

Але аднымі матэрыяльнымі дабротамі сыты не будзеш. Важна і тое, што тут лічаць неацэнным, - кадры.

- Лепш за ўсё педагогаў характарызуюць поспехі іх вучняў, - пераканана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Наталля Шылько. - І сёлета, і раней нашы навучэнцы праявілі сябе на конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, прычым не толькі абласных і рэспубліканскіх, але і міжнародных. Яны ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях у Татарстане, Расіі - Пензе, Маскве, Санкт-Пецярбургу. У скарбонцы ўзнагарод сабралася вялікая колькасць дыпломаў, у тым ліку ў нашай «кароннай дысцыпліне» - у тэхнічнай творчасці. Шмат поспехаў у хлопцаў і ў спорце. Гэтаму садзейнічае спартыўная база каледжа, якая аснашчана на 100%.

Навучальныя дасягненні навучэнцаў сапраўды ўражваюць. Напрыклад, нядаўна на алімпіядзе па правілах дарожнага руху і дыягнаставанні тэхнічнай эксплуатацыі транспартных сродкаў, якая праводзілася ў Полацку, прадстаўнікі каледжа занялі 2-е і 3-е месцы. І гэта з 75 удзельнікаў!

Аб новых спецыяльнасцях

Якія прафесіі сёння можна атрымаць у каледжы? Сярод абітурыентаў гэта пытанне самае папулярнае. Адказ на яго можна знайсці на сайце ўстановы http://пгк.бел.

— Цяперашняя ўступная кампанія мае шэраг асаблівасцяў, - адзначаў дырэктар каледжа Сяргей Герасіменка. - У гэтым годзе мы вядзем набор на новую спецыяльнасць - «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль», дзе на аснове агульнай базавай адукацыі будзем рыхтаваць бухгалтараў. У групу набіраем 25 чалавек, паступаць можна і па мэтавым накіраванні. На аснове агульнай базавай адукацыі ўпершыню будзем навучаць па спецыяльнасці «Сацыяльны работнік, кантралёр-касір». Усяго сёлета мы набіраем 192 першакурснікі, якія ў далейшым атрымаюць дыпломы тэхнікаў-механікаў, повараў 5-га разраду, слесараў, вадзіцеляў катэгорыі «С», трактарыстаў-машыністаў і іншых кваліфікацый. Па-ранейшаму адукацыю ў нас можна атрымаць на завочнай форме навучання, ёсць і аддзяленне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі.

Пакуль выпускнікі школ рыхтуюцца да паступлення, выпускнікі каледжа думаюць пра будучыя будні на сваіх першых працоўных месцах. Усяго гэту ўстанову ў 2022 годзе скончылі 74 навучэнцы дзённай формы навучання. Усе новаспечаныя трактарысты, вадзіцелі, зваршчыкі, аўтамеханікі працаўладкаваны, большасць — у Пастаўскім раёне.

Пра гонар і магчымасці

Педагогі каледжа ганарацца многімі сваімі выпускнікамі. І падкрэсліваюць: каб стаць паспяховым, запатрабаваным спецыялістам, ВНУ заканчваць не абавязкова.

— Важна быць адказным, мэтанакіраваным, працавітым, і тады ў прафесіі будзе адкрыта шмат дарог, — казала Наталля Шылько. - Нашы навучэнцы гэта пацвярджаюць. Напрыклад, выпускнік каледжа Васіль Бурак працуе шэф-кухаром у санаторыі «Пліса». Да гэтага ён быў шэф-кухаром у мiнскай кавярні «На ростанях». Беларускае тэлебачанне здымала пра Васіля сюжэт, і вельмі прыемна было пачуць ягоныя словы аб тым, што ў аснове станаўлення яго як прафесіянала — пастаўскі каледж. Яшчэ адзін наш выпускнік працуе ў Калінінградскай вобласці кокам на параходзе. Гэта таксама прыклад таго, што магчымасцей маладым людзям у нас даецца шмат — трэба толькі здолець і захацець імі скарыстацца.

У размове Наталля Аляксандраўна сакцэнтавала ўвагу і на тым, што вучыцца недалёка ад дома — гэта больш бюджэтна і... лепш у плане выхавання.

— Былі выпадкі, калі бацькі, пераацаніўшы свае фінансавыя магчымасці, адпраўлялі дзяцей вучыцца ў Маладзечна, Мінск, Віцебск, — расказвала субяседніца. - Але ў выніку не «пацягнулі» выдаткі на жыллё, харчаванне, праезд і іншае і прасілі перавесці сваіх студэнтаў да нас. У параўнанні са шматлікімі ўстановамі адукацыі тут, у каледжы, у разы таннейшая плата за інтэрнат, а таксама за харчаванне (яго мы істотна патанняем за кошт навучальнай гаспадаркі каледжа). Важна і тое, што падлеткі не выпадаюць з поля зроку бацькоў, яны таксама знаходзяцца пад пастаянным наглядам куратараў, выхавальнікаў у інтэрнаце. Яго, дарэчы, мы даем усім іншагароднім.

Да пачатку прыёму дакументаў застаецца зусім няшмат часу. Вызначыцца з будучай прафесіяй давядзецца кожнаму выпускніку. Пажадаем ім, каб іх выбар аказаўся правільным!

Іна Сняжкова, рэдакцыя раённай газеты «Пастаўскі край»

Фота падаў каледж