Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 3-10-14 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Храм Паставаў Палац Тызенгаўза Паставы ноччу Набярэжная Начная набярэжная
Храм Паставаў
Храм Паставаў
Палац Тызенгаўза
Паставы ноччу
Набярэжная
Начная набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
12 студзеня 2023

Першынец і для сям'і, і для раёна

Па традыцыі да малых, якія нарадзіліся ў першыя гадзіны новага года, у нашай краіне прыкавана пільная ўвага і Кіраўніка дзяржавы, і грамадскіх арганізацый. Няхай і не пад бой курантаў, але «святочны» нованароджаны з'явіўся на свет і ў Пастаўскім раёне: у першы дзень новага года ў Дар'і і Роберта Вашкевічаў нарадзілася дачушка.

Роберт працуе зваршчыкам на Пастаўскім малочным заводзе, Дар'я да дэкрэтнага водпуску працавала афіцыянткай у бары «Лагуна». З такой значнай падзеяй маладых бацькоў аднымі з першых павіншавалі прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын Наталля Седзюкевіч і Марына Нагановіч і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахова, а таксама начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч і медыкі на чале з намеснікам галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы Аляксандрам Сварцэвічам. Шчырыя віншаванні і пажаданні, якія суправаджаюцца падарункамі, ліліся, як з рога багацця. Творча падышлі да віншавання і работнікі радзільнага аддзялення — выдалі малому першы дакумент, зроблены ўласнаручна.

 — Новы год толькі пачаўся і ў першы ж дзень прынёс у вашу сям'ю сапраўдны цуд — нараджэнне першынца, — казалі госці і медыкі. — Няхай дзяўчынка расце здаровай і шчаслівай, радуе вас, а ўсё яе жыццё будзе напоўнена мірам і стварэннем, паўтараючы тэматыку года, у які яна з'явілася на свет. Ну і, канешне, запрашаем у наступным годзе за хлопчыкам!

Ідэя добрая. Толькі наўрад ці Дар'я сур'ёзна яе разглядае цяпер: справіцца б з эмоцыямі, якія нарынулі, ад нараджэння першынца.

 — У радзільню я адправілася, сустрэўшы Новы год у коле сям'і, нарадзіла — 1 студзеня ў 22.55. Не выказаць словамі пачуццi, якія адчула, упершыню ўбачыўшы сваю дачку. Так хвалявалася, што не магла стрымаць слёз радасці, - дзялілася шчаслівая мама. — Муж хацеў менавіта дзяўчынку, абраў для яе імя Саміра. Здаровенькая. Малая з'явілася на свет вагой 3800 грамаў і ростам 53 сантыметры. Дзякуй усім за віншаванні. Спадзяюся, усе пажаданні спраўдзяцца!

 Фераніка Філановіч, раённая газета «Пастаўскі край». Фота аўтара