Штогод памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, праходзяць па ўсёй рэспубліцы. Вось і ў нашым раёне напярэдадні гэтай даты сустрэчы пачалі праходзіць ва ўстановах адукацыі. Так, 12 лютага з навучэнцамі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа сустрэліся старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане Валерый Лушчык, а таксама ветэраны-"афганцы" Валерый Гарачка і Тажыдзін Міралаў.
Разам з навучэнцамі і педагогамі яны ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў — выпускнікоў навучальнай установы Міхаіла Лапко і Аляксандра Урбеля — ля мемарыяльнай пліты, прысвечанай героям. Затым размова пра падзеі той далёкай ад Беларусі вайны прадоўжылася ля выставачнай экспазіцыі і ў актавай зале каледжа.
У той жа дзень прадстаўнікі райвыканкама, сельвыканкамаў, сацыяльнай службы, воінскіх часцей і грамадскасці наведалі месцы пахавання воінаў-інтэрнацыяналістаў Радзівона Мішуто, Аляксандра Урбеля і Міхаіла Лапко. Удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі вянкі і кветкі да магіл загінуўшых і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.










