Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 3-10-14 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Храм Паставаў Палац Тызенгаўза Начная набярэжная Паставы ноччу Набярэжная
Храм Паставаў
Храм Паставаў
Палац Тызенгаўза
Начная набярэжная
Паставы ноччу
Набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 лістапада 2022

Будаваць - не ламаць

Якая можа быць карысць ад аб'ектаў нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца? Кожны год адказ на гэта пытанне даюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія купляюць закінутыя будынкі і ператвараюць іх у эфектыўную пляцоўку для вядзення малога бізнэсу. Такія памяшканні становяцца месцамі для гандлю і новых вытворчасцей, прыносячы тым самым выгаду і прадпрымальнікам, і гарадскому бюджэту.

Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт рэгулярна аб'яўляе аб аўкцыёнах па продажы аб'ектаў нерухомасці дзяржаўнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. Праўда, як гарачыя піражкі яны разлятаюцца далёка не заўсёды: часам прасцей пабудаваць новы будынак, чым «рэанімаваць» стары. Але жадаючыя падарыць аб'ектам другое жыццё ўсё ж знаходзяцца, і гэта можна ўбачыць, гуляючы па вуліцах райцэнтра.

Многія жыхары заўважылі, як змяніўся былы адміністрацыйны будынак жыллёва-камунальнай гаспадаркі па вуліцы Ленінскай, 21 «Б». Не адзін год ён стаяў пустым і непрывабным. Але нядаўна сітуацыя стала мяняцца на вачах: ля будынка з'явіліся новыя вокны, дах, абтынкаваныя сцены сталі прыемнага светлага колеру.

Сродкі ў рамонт аб'екта ўкладвае яго новы гаспадар — Валянцін Пакашаван.

— Паставы — мой родны горад, я за яго хварэю, таму хачу развіваць сваю справу менавіта тут,— адзначыў Валянцін Міхайлавіч. - Але часам не ўсё задуманае атрымліваецца ўвасобіць у жыццё адразу. Будынак па Ленінскай быў набыты яшчэ пару гадоў таму, аднак рамонтныя работы пачаліся толькі сёлета. Плошча аб'екта складае каля 350 квадратных метраў, сродкаў у яго трэба ўкласці нямала. Але паэтапна рухаемся наперад: зараз ідзе ўнутранае аздабленне памяшкання, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.

Аб тэрмінах завяршэння работ пакуль казаць рана. Як у далейшым будзе выкарыстоўвацца аб'ект, пакуль сказаць не магу. Вядуцца перамовы з патэнцыйнымі арандатарамі.

Працуюць будаўнікі і ў былым будынку Беларусбанка па вуліцы 17 Верасня. Па прызначэнні ён не выкарыстоўваецца ўжо трэці год, і ўвесь гэты час кіраўніцтва банка спрабавала яго прадаць. Зрабіць гэта ўдалося ў жніўні гэтага года. Аб'ект набыў ураджэнец Пастаў Эміль Аліеў. Рамонтныя работы ў памяшканні плошчай каля 300 квадратных метраў будаўнікі пачалі практычна адразу. Ужо зроблена шмат і ў самім будынку, і каля яго. У хуткім часе тут адкрыецца крама.

Як аб'ект для гандлю, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаны і будынак былога інтэрната па вуліцы Вакзальнай. Набыў яго пару гадоў таму пастаўчанін Ігар Хаткевіч. Ён значна прывёў у парадак памяшканне знутры, але зараз актыўныя работы там не вядзе.

— Сёлета я актыўна займаўся будаўніцтвам СТА па вуліцы Гагарына, нямала часу, сіл і сродкаў было накіравана менавіта туды, — расказваў Ігар Хаткевіч. - Па будынку па вуліцы Вакзальнай пакуль не скончаны праектныя ўзгаднення. Аб'ём работ вялікі, улічваючы, што будынку ўжо больш за сто гадоў. Але мэту зрабіць яго прыдатным для выкарыстання ніхто не адмяняў.

Шанец на другое жыццё ў 2022 годзе атрымалі некалькі дзесяткаў будынкаў, размешчаных у Паставах і розных сельсаветах Пастаўскага раёна. Як расказала спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Аксана Чэшун, за 9 месяцаў бягучага года з аўкцыёну прададзены комплексы капітальных пабудоў паблізу вёскі Раманішкі, у Казлоўшчыне, Варапаева, Старым Двары, па вуліцах Крупскай і Чырвонаармейскай у Паставах. Прададзены будынак неўстаноўленага прызначэння каля гатэля па вуліцы Савецкай (пакупнік плануе пераабсталяваць яго пад СТА). Знайшоў сваіх гаспадароў будынак школы ў Каралінава.

Заўсёды прыемна назіраць, як у лепшы бок змяняецца аблічча старых будынкаў, а разам з імі зменьваюцца і вуліцы, на якіх яны размешчаны. І разам з тым сумна глядзець на аб'екты, якія гадамі чакаюць перараджэння. Іх па-ранейшаму шмат як у горадзе, так і за яго межамі. Колькі пустуе адных толькі будынкаў былых школ! Чакаюць пакупнікоў андронаўская, лукашоўская, ярэўская, мулярская, янкішская, пастаўская СШ №5. Ці дачакаюцца, пакажа толькі час.

 

3 лістапада з паніжэннем цаны на 80% быў прададзены комплекс капітальных будынкаў (3 аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца) у Лынтупах. Пакупнік - грамадзянін Літвы - плануе адкрыць там вытворчасць. Раней аб'екты былі часткай базы ПМС.

 

У аддзеле эканомікі райвыканкама адзначылі, што дастаткова вялікая колькасць аб'ектаў Пастаўскага раёна, якія не выкарыстоўваюцца, прадаецца з паніжэннем пачатковай цаны продажу на 80%, некаторыя і зусім можна купіць за 1 базавую велічыню. Падрабязную інфармацыю пра аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца, можна знайсці на сайце Пастаўскага райвыканкама ў раздзеле «Нерухомасць» або даведацца па тэл. 4-10-01.

Іна Сняжкова, рэдакцыя раённай газеты «Пастаўскі край»

У былога будынка інтэрната ёсць перспектыва зноў стаць запатрабаваным

У будынку Беларусбанка хутка адкрыецца крама

Рамонтныя работы па вуліцы Ленінскай, 21 «Б», працягваюцца