Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 3-10-14 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Набярэжная Паставы ноччу Палац Тызенгаўза Храм Паставаў Начная набярэжная
Набярэжная
Набярэжная
Паставы ноччу
Палац Тызенгаўза
Храм Паставаў
Начная набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 лістапада 2022

Адзначаны лепшыя байцы

Словы падзякі за добрасумленную працу, сувеніры і падзякі райкама БРСМ — у Паставах падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра-2022.

У гэтым працоўным семестры ў Пастаўскім раёне працавалі 15 студэнцкіх атрадаў - усяго 328 байцоў. Летам хлопцы былі задзейнічаны на зборцы вырабаў з драўніны ў ААТ «Паставымэбля», працавалі на зернесушылках і збожжаскладах у ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай». А восенню гэтым жа сельскагаспадарчым арганізацыям дапамагалі ва ўборцы бульбы. Прыклалі руку байцы студатрадаў і да ўборкі лёну, вырашчанага работнікамі Пастаўскага льнозавода. На ўрачыстую цырымонію закрыцця працоўнага семестра запрасілі лепшых з іх.

— Вы — вялікія малайцы! У складзе студэнцкіх атрадаў правялі час з карысцю не толькі для сябе, але і для нашага раёна, — звярнулася да хлопцаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — Вам пашчасціла на час стаць часткай працоўнага калектыву, убачыць, як уладкаваны ўзаемаадносіны ў ім, узрадавацца ўласнаручна заробленым грашам. Дзякую вам за добрасумленную працу і жадаю не змяншаць набраных тэмпаў. Лёгкай працы не бывае, а поспех прыходзіць толькі да тых, хто ставіць перад сабой высокую мэту і паступова ідзе да яе. Гэта выразна можна прасачыць па біяграфіі любога знакамітага чалавека: адметныя рысы кожнага - вялікая працавітасць і мэтанакіраванасць.

 

Спынілася Галіна Мікалаеўна і на багатай гісторыі студатрадаўскага руху, знакамітых маладзёжных будоўлях, дасягненнях пастаўскіх байцоў (наш раён неаднаразова станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва студатрадаў, адзначаўся на рэспубліканскім узроўні). Пазнавальным для моладзі было і апавяданне пра байцоўкі мінулых гадоў, тым больш што адну з іх можна было ўбачыць — сваю байцоўку з сапраўды арыгінальным дызайнам на сустрэчу прынесла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка. У свой час у ёй яна працавала ў Стаўрапольскім краі, пра што нагадвае вышыўка на рукаве.

Па выніках трэцяга працоўнага семестра 24 байцы студэнцкіх атрадаў адзначаны падзякамі і сувенірамі. Другі сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова ўпэўнена, што яны прайшлі цудоўную працоўную загартоўку і абавязкова стануць для аднагодкаў прыкладам працавітасці, сумленнасці і патрыятызму, будуць і ў далейшым актыўнымі ўдзельнікамі студатрадаўскага руху. Зрэшты, аб гэтым мараць і самі хлопцы. Большасць з іх сёлета ўліліся ў працоўны працэс упершыню. Кажуць, што засталіся вельмі задаволеныя і прымаючымі арганізацыямі, і заробленымі грашыма. Сапраўдны «ветэран» сярод пастаўскіх байцоў - Валянцін Пучыла. Цяперашні працоўны семестр для хлопца ўжо 5-ы па ліку і, як і папярэднія, запамінальны і прадуктыўны.

Вераніка Філановіч, раённая газета «Пастаўскі край»

Фота Крысціны Рубель