Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24 чэрвеня 2024

Ганна Цыбулёнак прыняла ўдзел у III Рэспубліканскім форуме маладых спецыялістаў сферы культуры

Вельмі насычанымі і запамінальнымі выдаліся мінулыя выхадныя для дырэктара Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў ім. А. Тызенгаўза Ганны Цыбулёнак. Яна была запрошана на III Рэспубліканскі форум маладых спецыялістаў сферы культуры.

Праходзіў ён у рамках XXIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2024". Віцебшчыну на ім разам з Ганнай прадстаўлялі настаўнік мастацкага аддзялення Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Докшыцкага раёна Ульяна Маркевіч, выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Карабовіч, канцэртмайстар дзіцячай школы мастацтваў Полацкага раёна Ульяна Ляхава і малодшы навуковы супрацоўнік музея гісторыі і культуры Наваполацка Аляксандр Казлоў.

- Нам, чыя працоўная дзейнасць звязана з музыкай і творчасцю, было вельмі цікава папрысутнічаць на II туры рэспубліканскага этапу нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, - расказвала Ганна Цыбуленак. - Пасля азнаямлення з асноўнымі пляцоўкамі фестывалю мы сабраліся ў банкетнай зале Палаца культуры. Тут у нас была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з заснавальнікамі вядомага беларускага гурта "Аўра" Юліяй Быкавай і Яўгенам Алейнікавым. Артысты распавялі пра сваю кар'еру, хобі і заняткі, адкуль чэрпаюць натхненне, далі парады, як дамагчыся поспеху. Затым адбыўся запальны квэст. Кульмінацыяй мерапрыемства стаў круглы стол з міністрам культуры Беларусі Анатолем Маркевічам.

Сустрэчы такога фармату сталі добрай традыцыяй Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У размове з міністрам прыняла ўдзел моладзь з больш чым 30 рэгіёнаў краіны. Навіной гэтага года стала прадстаўленне стартапаў, якія тычыліся правядзення інтэнсіваў падчас школьных канікул, уцягвання грамадскасці ў культурнае асяроддзе, папулярызацыі разам з блогерамі музычнай культуры, падтрымкі інклюзіўнай творчасці, змястоўнага вольнага часу моладзі, удасканалення прафарыентацыйнай работы, даследавання славутасцяў і стварэння інтэрактыўнай карты, арганізацыі музычных мерапрыемстваў дабрачыннага фармату. Ад Віцебскай вобласці выступала Алена Карабовіч. Міністр культуры быў у ліку экспертаў. Кожны праект у будучыні можа быць рэалізаваны.

- Цёплая, сяброўская гутарка з Анатолем Маркевічам праходзіла ў форме адкрытага дыялогу, і мы абмеркавалі шмат цікавых тэм, - дзялілася ўражаннямі Ганна. - Усе ўдзельнікі з любоўю гаварылі пра родную краіну, расказвалі, што плануюць жыць менавіта ў Беларусі, дзе атрымалі адукацыю, і хочуць прымяніць свае веды на карысць Радзімы.

Ганна Цыбулёнак скончыла Маладзечанскі музычны каледж, затым - Інстытут сучасных ведаў, цяпер вучыцца ў магістратуры. Лёс прывёў яе ў родную музычную школу, у якой вучыліся дзядуля, дзядзька, мама, тата, вучыцца малодшая сястра. Тут навучаюць і выхоўваюць таленавітую моладзь, забяспечваюць ёй неабходныя ўмовы для фарміравання агульнай культуры і мастацкага развіцця, арганізуюць змястоўны вольны час, захоўваюць музычныя традыцыі продкаў.