Знакамітыя людзі Пастаўшчыны

За ратныя подзвігі ў гады вайны звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены жыхары раёна Ф.Г. Маркаў і А.І. Маслоўская.

З Пастаўскім раёнам звязаны лёс многіх вядомых людзей. Гэта Героі Сацыялістычнай Працы А.А. Валодзька і В.М. Асіненка, Герой Расійскай Федэрацыі лётчык-выпрабавальнік А.М. Раеўскі, дзяржаўныя і гаспадарчыя дзеячы: народны камісар працы СССР А.Ціхон, М.М. Хвастоў, В.Ф. Януковіч, В.В. Чэпік, І.П. Шакала, Б.П. Шылько, П.М. Розынка, ваенныя дзеячы А.В. Станкевіч, І.Ф. Шубін, В.А. Юшкевіч, пісьменнікі В.М.Дубоўка, І.В.Малец, М.А. Машара, А.І. Нафрановіч, І.М. Пракаповіч.

На Пастаўшчыне ў мястэчку Каралінова (у цяперашні час тэрыторыя Камайскага сельскага Савета) жыў і тварыў вядомы мастак з сусветным імем Альфрэд Ромер.

Радзімай Пастаўшчына стала і для народнай артысткі Расіі Лідзіі Абрамавай.

Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, Героі Расійскай Федэрацыі, ураджэнцы Пастаўскага раёна.

Герой Расійскай Федэрацыі палкоўнік РАЕЎСКІ Аляксандр Міхайлавіч

Герой Расійскай Федэрацыі
палкоўнік

РАЕЎСКІ
Аляксандр Міхайлавіч

Нарадзіўся 1 студзеня 1957 года ў г.Паставы Віцебскай вобласці Беларускай ССР. Выпускнік Мінскага СВУ 1974 года. У 1979 годзе скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Пасля вучылішча праходзіў службу ў авіяцыі Ціхаакіянскага флоту на караблях «Мінск» і «Новарасійск». Удзельнічаў у дзвюх баявых службах. У 1985 годзе скончыў Цэнтр падрыхтоўкі лётчыкаў-знішчальнікаў.

Праводзіў выпрабаванні самалётаў і верталётаў авіяцыі флоту. Адным з першых асвоіў самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38. Прымаў актыўны ўдзел у выпрабаваннях карабельных самалётаў Су-25У, ТГ, Су-27К. 28 жніўня 1990 года першым з лётчыкаў-выпрабавальнікаў выканаў самастойную пасадку на карабель самалёта Су-27К (Су-33).

Прадолеў шлях ад радавога лётчыка да лётчыка-выпрабавальніка, а з 1992 года ад старшага лётчыка-выпрабавальніка да начальніка Дзяржаўнага лётна-выпрабавальнага цэнтра Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.

Удастоены звання Героя Расійскай Федэрацыі Указам Прэзідэнта ад 15 жніўня 1995 года за праяўленыя адвагу і высокі прафесіяналізм падчас здзяйснення пасадкі дарагога доследнага самалёта на палубу авіянясучага крэйсера ў складаных метэаралагічных умовах пры адмове на крэйсеры аптычнай сістэмы, без якой пасадка на палубу не выконваецца.

З 1990 года да заканчэння лётнага этапу выпрабаванняў у верасні 1994 года здзейсніў 78 пасадак на палубу авіяносца, з іх больш за 50 – ва ўмовах, спалучаных з рызыкай для жыцця.

У 2002 годзе ўдастоены звання заслужанага лётчыка-выпрабавальніка.

Трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў жніўні 2008 года.

Герой Савецкага Саюза МАРКАЎ Фёдар Рыгоравіч

Герой Савецкага Саюза

МАРКАЎ
Фёдар Рыгоравіч

Нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў вёсцы Качанішкі Пастаўскага раёна.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у 1936 – 1939г.г. знаходзіўся ў канцлагеры, а затым у віленскай турме.

У 1939 – 1941г.г. выбраны старшынёй Свянцянскага гарадскога Савета, намеснікам старшыні Вілейскага аблвыканкама.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Рыгоравіч ваяваў у складзе дзеючай арміі. У верасні 1941 года па рашэнні ЦК КП(б)Б быў адкліканы для работы ў тыле ворага. Свой баявы партызанскі шлях пачаў камандзірам спецгрупы партызанскага атрада. У маі 1942 года прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя Суворава, а ў лістападзе 1942 года ўзначаліў партызанскую брыгаду імя Варашылава, з'яўляючыся адначасова з красавіка 1942 года начальнікам ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б.

За баявыя заслугі, гераізм, праяўлены ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ф.Г.Маркаву 1 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 1944 года Ф.Г.Маркаў намеснік старшыні Вілейскага, Маладзечанскага аблвыканкамаў.

Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр 14 студзеня 1958 года. Яго імем названы вуліцы ў Паставах, Вілейцы, г.п.Лынтупы.

Герой Савецкага Саюза МАСЛОЎСКАЯ Ганна Іванаўна

Герой Савецкага Саюза

МАСЛОЎСКАЯ
Ганна Іванаўна

Нарадзілася 6 студзеня 1920 года ў в.Курсевічы Пастаўскага раёна.

Да вайны працавала старшай піянерважатай Лынтупскай школы Пастаўскага раёна. У чэрвені 1941 года добраахвотна ўступіла ў рады Чырвонай Арміі. Трапіла ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі. У 1942 годзе па заданні падпольнай партыйнай арганізацыі з мэтай разведкі ўладкавалася ў Паставах на працу ў швейную майстэрню, якая абслугоўвала эсэсаўцаў. З яе дапамогай падпольшчыкі знішчылі гітлераўскага генерала. З мая 1943 года намеснік камісара па камсамольскай рабоце партызанскага атрада імя Пархоменкі партызанскай брыгады імя Варашылава. З 24 снежня 1942 года па 4 ліпеня 1944 года Ганна Якаўлеўна член Пастаўскага падпольнага райкама ЛКСМБ.

Удзельнічала ў разгроме фашысцкіх гарнізонаў у Залессі, Лынтупах, Камаях, у падрыве варожых эшалонаў, чыгуначных рэек.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1944 годзе за праяўленыя мужнасць і гераізм пры выкананні адказных заданняў у тыле фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.

Памерла 11 лістапада 1980 года.

Герой Сацыялістычнай Працы ВАЛОДЗЬКА Адольф Адольфавіч

Герой Сацыялістычнай Працы

ВАЛОДЗЬКА
Адольф Адольфавіч

Нарадзіўся 17 ліпеня 1946 года ў в.Старчуны Пастаўскага раёна.

Працоўную дзейнасць пачаў у 1960 годзе трактарыстам у калгасе імя Дзяржынскага.

У 22 гады стаў старшынёй калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна (у цяперашні час СПК «Навасёлкі-Лучай»). Стаўшы самым маладым кіраўніком, ён здолеў з адстаючага калгаса зрабіць перспектыўную, квітнеючую гаспадарку, якую больш за 40 гадоў нязменна ўзначальвае.

Адольф Адольфавіч з'яўляецца ініцыятарам прымянення найноўшых тэхналогій у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, яму ўласцівы пастаянны пошук новага, здольнасць бачыць перспектыву далейшага развіцця.

Працоўная і грамадская дзейнасць Адольфа Адольфавіча адзначана многімі заслужанымі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Ордэн імя Леніна (1973), Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1981), Ордэн Дружбы народаў.

У 1981 годзе прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР».

Ганаровае званне Герой Сацыялістычнай Працы з узнагароджаннем Ордэнам Леніна і Залатым медалём «Серп і молат» прысвоена ў 1988 годзе.

Адольф Адольфавіч неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага і абласнога Савета дэпутатаў, Вярхоўнага Савета СССР.


Памёр 28 сакавіка 2019 года

Герой Сацыялістычнай Працы АСЕНЕНКА Васіль Мікалаевіч

Герой Сацыялістычнай Працы

АСЕНЕНКА
Васіль Мікалаевіч

Нарадзіўся 31 студзеня 1916 года ў в.Ліпнікі Пастаўскага раёна.

Да вайны працаваў у Вілейскім абласным упраўленні НКУС. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў намеснікам камандзіра па разведцы атрада імя Суворава. Камандзір атрада «Слава» брыгады імя Варашылава, адначасова з красавіка 1942 года па ліпень 1944 года сакратар Пастаўскага падпольнага райкама камсамола.

Ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, падчас працы першым сакратаром Глыбоцкага райкама КПБ.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені.

З 1964 года працаваў першым сакратаром Глыбоцкага райкама КПБ, у 1967-1976г.г. старшынёй партыйнай камісіі пры Віцебскім абкаме КПБ. Член цэнтральнага камітэта КПБ у 1966-1971г.г., дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947-1951, 1963-1967г.г.

Памёр 13 чэрвеня 1977 года.

Вавілаў Антон Уладзіміравіч

Вавілаў Антон Уладзіміравіч

доктар тэхнічных навук, замежны член РААіБН і УТАНУ, прафесар

Нарадзіўся ў 1949 г. у г. Паставы, закончыў школу са срэбным медалём. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім тэхналагічным інстытуце. У 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ) спачатку стаў дацэнтам, а потым узначаліў кафедру “Будаўнічыя і дарожныя машыны”. У 1991 г. у Маскве абараніў доктарскую дысертацыю, а праз год атрымаў званне прафесара.

З 1996 г. быў прызначаны на пасаду прарэктара Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. З 2001 г. узначальвае навуковае аб’яднанне па стварэнню тэхналагічных машын. З’яўляецца замежным членам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, Акадэмікам уздыма-транспартнай акадэміі навук Украіны.

Антон Уладзіміравіч займаецца распрацоўкай навуковых асноў стварэння канкурэнтаздольнай, энерга- і рэсурсазберагальнай будаўнічай тэхнікі і прагназавання яе развіцця на перспектыву, распрацоўвае метадалогію праектавання шматфункцыянальных машын, сістэмны падыход фарміравання іх комплексаў; метады выбару эфектыўных варыянтаў механізацыі пад перспектыўныя тэхналогіі, патрабаванні да комплексаў машын, якія забяспечваюць сусветны ўзровень рэалізацыі тэхналагічных працэсаў; метады эканамічнага праектавання машын і тэхналагічных комплексаў. Аўтар 9 манаграфій, 13 кніг, каля 500 навуковых прац. Старшыня Савета па абароне доктарскіх дысертацый, працаваў экспертам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі.

У 2003 г. Інстытут біяграфій ЗША прысвоіў Вавілаву А.У. званне “Чалавек года”. У 2004-2006 гг. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы прысвоіў званне “Выбітны выкладчык і інтэлектуал ХХІ стагоддзя”.

Залуцкі Іосіф Віктаравіч

Залуцкі Іосіф Віктаравіч

доктар медыцынскіх навук, член-карэспандэнт НАНБ, прафесар

Нарадзіўся 5 верасня 1950 г. у в. Мумішкі Пастаўскага раёна. Вучыўся ў Караліноўскай васьмігадовай школе, затым у Маладзечанскім медыцынскім вучылішчы. У 1978 г. з адзнакай скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Працаваў клінічным ардынатарам, урачом-радыёлагам радыёлагічнага аддзялення НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР (1978-1982 гг.). Пасля аспірантуры працаваў у лабараторыі гіпертэрміі і клінічнай тэрапіі, аддзяленні рэабілітацыі і брахітэрапіі, аддзяленні агульнай анкалогіі і пластычнай хірургіі НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

У 1986 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1994 г. – доктарскую. У 2000 г. яму прысвоена званне прафесара. У тым жа годзе ён прызначаны дырэктарам ДУ “НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава”. З 1999 г. да 2007 г. быў загадчыкам кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У 2004 г. Іосіф Залуцкі абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. На працягу 2001-2009 гг. каардынаваў працу анкалагічнай службы рэспублікі. З 15 студзеня 2010 г. працаваў намеснікам акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі. З 26 снежня 2010 г. прызначаны дырэктарам ДНУ “Інстытут фізіялогіі” НАН Беларусі.

І.В.Залуцкі – выдатны хірург, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, вялікі вучоны ў галіне анкалогіі. Асноўныя напрамкі яго навуковай дзейнасці - распрацоўка і ўкараненне ў клінічную практыку новых метадаў лячэння і рэабілітацыі хворых на анкалогію. Ён вядомы ў краінах блізкага і далёкага замежжа як вучоны-анколаг і пластычны хірург, высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне анкалогіі апорна-рухальнага апарата, галавы, шыі, рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі.

Пад кіраўніцтвам Залуцкага І.В. абаронена 15 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 300 навуковых і навукова-метадычных прац, 7 манаграфій і мае 17 патэнтаў.

Прафесар І.В.Залуцкі - член праўлення Міжнароднай асацыяцыі пластычных хірургаў і анколагаў, член Еўрапейскага таварыства прамянёвых тэрапеўтаў-анколагаў, сапраўдны член Таварыства пластычных, рэканструктыўных і эстэтычных хірургаў Расіі. Член рэдкалегіі навуковых часопісаў “Здравоохранение”, «Медицинские новости», «Український радіологічний журнал», галоўны рэдактар штогадовых зборнікаў навуковых прац “Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі”, рэдактар штогадовага зборніка “Злаякасныя ўтварэнні ў Беларусі”.

Іосіф Віктаравіч Залуцкі – выдатны вучоны і ўрач, чалавек, сэрца якога адкрыта да роднай зямлі і людзей, якія апынуліся ў цяжкай, іншы раз у крытычнай сітуацыі. Навуковы вопыт і майстэрства Іосіфа Віктаравіча даюць ім вялікую надзею на выздараўленне.

Казаравец Мікалай Уладзіміравіч

Казаравец Мікалай Уладзіміравіч

доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт НАНБ

Нарадзіўся 26 сакавіка 1949 г. у в. Харкі Пастаўскага раёна. Вучыўся ў Варапаеўскай сярэдняй школе, Добрушскім ГПТВ электрыкаў. У 1977 г. закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пасля заканчэння працаваў у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці ў саўгасе “Навасёлкі” галоўным заатэхнікам, потым дырэктарам саўгаса “Мышанка”. З 1980 па 1984 год вучыўся ў завочнай аспірантуры пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце жывёлагадоўлі і ў 1984 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1987 г. працаваў дацэнтам і дэканам зааінжынернага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1999 г. атрымаў ступень доктара сельскагаспадарчых навук. З 2000 г. працаваў начальнікам Упраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. З 2003 г. – рэктарам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

На Еўрапейскім форуме па аграрнай адукацыі праца рэктара Казараўца М.У. і яго навукова-педагагічнага калектыва атрымала вышэйшую адзнаку, і ў хуткім часеОксфардскі ўніверсітэт адзначыў дзейнасць рэктара пазалочанай статуэткай Сакрата “За значны ўклад у развіццё грамадства”. З 2004 г. Мікалай Уладзіміравіч Казаравец з’яўляецца членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. З 2012 г. – член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, сацыяльных пытаннях Саюза Беларусі і Расіі.

У навуковай сферы займаўся даследаваннямі па селекцыі малочнага статка. Аўтар больш 500 навуковых работ, у тым ліку 13 манаграфій, 47 вучэбных дапаможнікаў і даведнікаў, 11 патэнтаў. Асабіста кіраваў дысертацыйнымі працамі сваіх вучняў, трыз якіх ужо атрымалі дыпломы кандыдатаў навук. Казаравец М.У. – выдатны вучоны ў вобласці сельскагаспадарчай жывёлагадоўлі, педагог са шматгадовым стажам і арганізатар зааінжынернай навукі ў нашай краіне.

Лоўкіс Зянон Валянцінавіч

Лоўкіс Зянон Валянцінавіч

заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт НАНБ, доктар тэхнічных навук, прафесар

Нарадзіўся 5 кастрычніка 1946 г. у в. Мажэйкі Пастаўскага раёна. Пасля школы скончыў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў інжынерам-механікам калгаса імя Мічурына Пастаўскага раёна. У 1971 г. скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці імя В.П. Гарачкіна, потым аспірантуру. У 1975 г. там жа абараніў кандыдацкую дысертацыю і застаўся працаваць старшым выкладчыкам і дацэнтам. У 1982 г. вяртаецца ў Беларусь і ўладкоўваецца працаваць дацэнтам у БІМСГ. Там жа ён узначальвае кафедру “Тэорыя механікі і механізмаў”, а потым – кафедру “Гідраўліка і гідраўлічныя машыны”. У 1990 г. абараняе доктарскую дысертацыю. Дзякуючы яго навукова-практычнай дзейнасці ў серыйную вытворчасць паступілі новыя бульбаўборачныя камбайны (КПК-2(3)-01) і іншыя эфектыўныя сельскагаспадарчыя машыны.

У 1997 г. пераходзіць на пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2000 г. узначальвае Галоўнае ўпраўленне навукі, адукацыі, кадраў і сертыфікацыі прадуктаў канцэрна “Белдзяржхарчпрам”. У 2001 г. Зянон Валянцінавіч стварыў і ўзначаліў Беларускі навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут харчовых прадуктаў. З 2006 г. інстытут стаў галоўным у НПЦ НАНБ па харчаванню, а Зянон Валянцінавіч быў прызначаны генеральным дырэктарам.

За час сваёй навуковай і педагагічнай дзейнасці Зянон Валянцінавіч здолеў падрыхтаваць 28 кандыдатаў навук і 2 дактароў навук, напісаць 23 кнігі і падручнікі, апублікаваць звыш 530 навуковых прац. Атрымаў 108 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, многія з якіх укаранёны ў тэхналогіях і машынах народнай гаспадаркі. 20 красавіка 2009 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці прадуктаў харчавання”. У 2013 г. яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”, узнагароджаны шэрагам грамат і медалямі.

Майсяёнак Андрэй Георгіевіч

Майсяёнак Андрэй Георгіевіч

доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар

Нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 г. у г. Глыбокае. У 1948 г. сям’я пераехала ў г.п. Варапаева. Пасля заканчэння Варапаеўскай школы ў 1959 г. Майсяёнак А.Г. паступае ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1965 г. там жа паступае ў аспірантуру па біяхіміі і працуе асістэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі. У 1970 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю, пасля чаго пераходзіць на пасаду вучонага сакратара і далей загадчыка лабараторыі ў Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР у Гродна (з 1985 г. – Інстытут біяхіміі АН БССР). У 1992-1996 гг. працаваў намеснікам дырэктара, а ў 1996-1998 гг. – выконваючым абавязкі дырэктара Інстытута біяхіміі НАН Беларусі. З 2011 г. працуе ў РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванню”. Тут яго вопыт і багатыя веды ў вобласці вітаміналогіі і нутрыцыялогіі запатрабаваныя поўнасцю. Выкладаў фізіялогію харчавання ў ГрДУ імя Я. Купалы. З 2016 г. узначальвае аддзел вітаміналогіі і нутрыцэўтыкі ДП “Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі” (г. Гродна). Як член НАН Беларусі супрацоўнічае з аддзяленнем медыцынскіх навук.

Доктарскую дысертацыю абараніў у 1996 г. У 1997 г. атрымаў званне прафесара. У 2000 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Напісаў звыш 450 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. Шэраг распрацовак прафесара Майсяёнка А.Г. атрымалі сусветны прыярытэт, аб чым сведчаць 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і патэнтаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 3 доктарскія і 18 кандыдацкіх дысертацый. Заснавальнік і рэдактар перыядычнага выдання “Харчаванне і абмен рэчываў” (2002-2016 гг.). На міжнародных форумах даклады члена-карэспандэнта Майсяёнка А.Г. праходзяць з вялікім поспехам.

Яго імя ўнесена ў біяграфічныя сусветныя выданні “Хто ёсць хто ў Еўрапейскіх даследаваннях і развіцці?” і “Хто ёсць хто сучаснікі?”. Стаў лаўрэатам прэмій Polkul-Fundation (2002 г.) Boris Kit – Preis (2003 г.). Больш за 10 гадоў узначальваў Гродзенскую краязнаўчую асацыяцыю. Быў абраны ў праўленне Беларускага фонда культуры. Актыўна супрацоўнічае з краязнаўцамі Гродна, Глыбокага, Браслава і Пастаў, аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі навукі, медыцыны, краязнаўству.