Жывыя факелы
Гісторыі, калі гаспадары дамоў тапілі печ, а ў выніку самі сталі жывымі факеламі, – не рэдкасць. Напрыклад, пенсіянер са Слоніма не зачыніў дзверцы топкі, і гарачыя вуглі выпалі на перадтопачны ліст, дзе ляжалі дровы. У лічаныя хвіліны яны загарэліся. Гаспадар стаў тушыць полымя, але на ім успыхнула адзенне. У шоку пенсіянер выбег на ганак. Мужчыну несказанна пашанцавала: менавіта ў гэты момант на падворак зайшоў яго брат, які зрэагаваў імгненна: набраў вады з бочкі і збіў полымя. З апёкамі 40% цела пацярпелы быў шпіталізаваны.
А вось падобная гісторыя з жыхаром вёскі Карэнец Крычаўскага раёна скончылася зусім трагічна. Мужчына распальваў печ з дапамогай лёгкаўзгаральных вадкасцей. Успыхнулі не толькі дровы, але і адзенне на ім. Пенсіянер атрымаў апёкі, несумяшчальныя з жыццём.
З-за няўважлівасці пацярпела жыхарка вёскі Монькавічы Мастоўскага раёна. Яна грэлася каля печы, не зачыніўшы дзверцы топкі. На гаспадыні загарэлася адзенне. У выніку пенсіянерка з апёкамі 1-3 ступені трапіла ў рэанімацыю.
Але часцей «факеламі» становяцца самі дамы. У лютым з-за расколіны ў коміне пажар адбыўся ў аграгарадку Пагост Бярэзінскага раёна. Калі ратавальнікі прыбылі да месца выкліку, будынак гарэў адкрытым полымем. Загінулі дзве пенсіянеркі. Такая ж гісторыя адбылася ў вёсцы Дарасіна Любанскага раёна. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, выявілі ў доме гаспадара без прыкмет жыцця.