Выпальванне расліннасці
Пра тое, наколькі страшная і разбуральная вогненная стыхія, ведае кожны. Аднак далёка не ўсе разумеюць, што агонь бушуе не толькі ў дамах і кватэрах – з-за няспраўных печаў, перагрузкі электрасеткі, кінутай на канапу ці падлогу непатушанай цыгарэты. Маштабны пажар узнікае і ад палаючай сухой травы, і ад няправільна разведзенага вогнішча: як на прысядзібных участках, у палях, так і ў лясах.
Дарослыя людзі свядома парушаюць правілы пажарнай бяспекі і сваімі рукамі ствараюць «максімум» для таго, каб пажар пачаўся ў лесе, у полі, на прыдамавой тэрыторыі. Потым засмучаюцца, вінавацяць сябе – але хіба шкадаваннямі можна дапамагчы справе? У неапраўданай спешцы хутчэй навесці парадак на прысядзібным участку, няправільным прыгатаванні шашлыкоў і развядзенні вогнішчаў наогул няма сэнсу! Ёсць толькі велізарная небяспека: для жыцця людзей і жывёл, маёмасці і экасістэм. Як пазбегнуць палаючых гектараў сухой расліннасці, лясных угоддзяў? Усім выконваць правілы пажарнай бяспекі.
«МОЖНА»:
- разводзіць вогнішчы на прысядзібных участках (з захаваннем усіх неабходных супрацьпажарных мер, маючы ў наяўнасці першасныя сродкі пажаратушэння) і на спецыяльных пляцоўках у лясах (калі не ўведзена забарона на наведванне лясоў);
- смажыць шашлыкі на прысядзібных участках (з захаваннем усіх неабходных супрацьпажарных мер) і на спецыяльных пляцоўках у лясах (калі не ўведзена забарона на наведванне лясоў).
«НЕЛЬГА»:
- падпальваць сухую расліннасць;
- кідаць непатушаныя запалкі і цыгарэты;
- разводзіць вогнішчы па-за спецыяльна прызначанымі (у лесе) і па-за спецыяльна падрыхтаванымі (на прыдамавой тэрыторыі) участкамі, на балконах, у лоджыях, на тэрасах, дахах і стылабатах;
- разводзіць вогнішчы ў ветранае надвор'е, абсталёўваць вогнішча на блізкай ад будынкаў і збудаванняў адлегласці, выкарыстоўваць адкрыты агонь у дварах шматпавярховых дамоў;
- пакідаць вогнішча без нагляду, давяраць нагляд дзецям, сыходзіць і пакідаць вогнішча непатушаным.
Не дазваляйце сабе, знаёмым і незнаёмым людзям выпальваць сухую расліннасць, няправільна разводзіць вогнішчы! Калі вы сталі сведкам пажару, ацаніце свае сілы, ступень рызыкі і паспрабуйце ліквідаваць невялікае загаранне: засыпайце полымя пяском, збівайце агонь галінкамі дрэў. Калі плошча пажару вялікая, выклікайце ратавальнікаў па нумарах 101 або 112.