Распаўсюджванне наркаманіі ўяўляе сабой глабальную пагрозу здароўю насельніцтва, эканоміцы, правапарадку і бяспецы дзяржавы. Гэтаму пытанню надаецца велізарная ўвага на самым высокім узроўні. Кіраўніком дзяржавы на рэгулярнай аснове праводзяцца нарады, на якіх ставяцца канкрэтныя задачы па прафілактыцы ўжывання наркотыкаў. Нягледзячы на прымаемыя меры, праблема застаецца актуальнай. У рэспубліцы, і Віцебская вобласць не выключэнне, назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці злачынстваў названай катэгорыі. Штогод рэгіструюцца яны і на Пастаўшчыне.Так, за 2023 год на тэрыторыі нашага раёна выяўлена 2 злачынствы па лініі незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў: па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і па арт. 330 КК (парушэнне правіл абыходжання з наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі). У першым выпадку пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманы пастаўчанін, які па месцы свайго жыхарства вырабляў з наркаўтрымліваючай сыравіны экстракцыйны опій (экстракт макавай саломкі). У другім работнікі адной з устаноў аховы здароўя раёна парушылі правілы захоўвання псіхатропных рэчываў, што пацягнула за сабой страту 1 ампулы псіхатропнага рэчыва «Прамедол».Таксама 2 злачынствы былі выяўлены ў 2022 годзе. Адно — па ч.1 арт. 328, другое — па ч.1 арт. 329 КК Рэспублікі Беларусь (незаконны пасеў і (або) вырошчванне раслін альбо грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы). У прыватнасці, пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў затрыманы ўраджэнец Пастаў, які пражывае ў Мінску і працуе там жа таксістам. Ён рэгулярна прыязджаў у Паставы, дзе на ўчастку мясцовасці паблізу аднаго з дамоў па вул. Ленінскай вырошчваў каноплі. У момант затрымання ў яго пры сабе знаходзілася наркатычны сродак марыхуана ў колькасці 76,04 грама. Аналагічныя злачынствы рэгістраваліся і ў 2021, 2020 гадах.З мэтай папярэджання, выяўлення і спынення правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з незаконным пасевам, вырошчваннем, зборам і наступным абаротам наркаўтрымліваючых раслін, аддзелам унутраных спраў райвыканкама штогод праводзіцца комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў у рамках спецыяльнай праграмы «Мак», якая праходзіць з 1 чэрвеня па 15 верасня. У ходзе яе насельніцтву тлумачацца згубныя наступствы ўжывання наркотыкаў, прадугледжаная заканадаўствам адказнасць за пасеў і вырошчванне раслін маку і канопляў, іх пасевы знішчаюцца, правапарушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Таксама ўстанаўліваюцца і затрымліваюцца асобы, якія займаюцца нарыхтоўкай наркатычнай сыравіны і вырабляюць з яе наркатычныя сродкі.У мінулым годзе за перыяд правядзення праграмы «Мак» на Пастаўшчыне было выяўлена 15 фактаў незаконнага пасеву і вырошчвання маку і канопляў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 15 грамадзян, знішчана 6,31 кг раслін маку, які рос на агульнай плошчы 32 м. Акрамя таго, выяўлена адно злачынства, звязанае з вырабам з макавай саломкі экстракцыйнага опію.У гэтым годзе ёсць ужо 2 факты вырошчвання маку, знішчана 2,1 кг расліны на агульнай плошчы 6 м. Асобы, якія вырошчвалі яго, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.Хачу нагадаць садаводам-аматарам пра тое, што за незаконны пасеў або вырошчванне без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў маку і канопляў надыходзіць адказнасць па арт. 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яе санкцыя прадугледжвае штраф у памеры да 20 базавых велічынь. І ў дадзеным выпадку не мае значэння, для асабістага спажывання або для прыгажосці расліны растуць на ўчастку землеўладальніка. Калі ж яны вырошчваюцца з мэтай рэалізацыі або вырабу наркатычных сродкаў, то надыходзіць адказнасць па арт. 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Такое супрацьпраўнае дзеянне караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў, а тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна альбо групай асоб, цягнуць за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.У сувязі з вышэйсказаным заклікаю грамадзян неадкладна знішчыць мак і каноплі на сваіх прысядзібных і садовых участках.
Крыніца: postawy.by