Воіны-інтэрнацыяналісты
Лапко Міхаіл Іванавіч
Нарадзіўся 27 верасня 1961 года ў в. Станелевічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1977 годзе скончыў 8 класаў Воўкаўскай васьмігадовай школы, паступіў у Пастаўскае СПТВ № 165 на курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў. Са снежня 1977 года працаваў трактарыстам у калгасе «Чырвоны Сцяг» Пастаўскага раёна.
У 1979 годзе скончыў Шаркаўшчынскую школу ДТСААФ.
23 кастрычніка 1979 года Пастаўскім раённым ваенкаматам Віцебскай вобласці прызваны ў рады Узброеных Сіл. Да сакавіка 1980 года служыў вадзіцелем у г. Маладзечна, адкуль быў накіраваны ў Афганістан у 311 асобны батальён урадавай сувязі (вайсковая часць палявая пошта 26153). Частка дыслакавалася ў г. Кабул.
11 верасня 1981 года ефрэйтар М. І. Лапко загінуў пры выкананні баявога задання. Аўтамабіль Міхаіла, на якім ён ехаў з баявымі таварышамі за будаўнічымі матэрыяламі для электрастанцыі г. Кабул, трапіў пад абстрэл душманаў.
Пахаваны ў в. Ласіца Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.
За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Крыніца: https://afgan.vlib.by/index.php/mtree-lib/pogibshie-i-propavshie-bez-vesti/lapko-mikhail-ivanovich
Урбель Аляксандр Казіміравіч
Нарадзіўся 24 чэрвеня 1965 года ў вёсцы Турлы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1980 годзе скончыў Целякоўскую васьмігадовую школу, у 1983 годзе – СПТВ № 165 у горадзе Паставы Віцебскай вобласці.
29 кастрычніка 1983 года Пастаўскім райваенкаматам Віцебскай вобласці прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР. Прайшоў падрыхтоўку ў навучальным падраздзяленні ў горадзе Каменнагорск Ленінградскай вобласці.
У студзені 1984 года накіраваны ў Афганістан у 808 асобны батальён сувязі 108-й мотастралковай дывізіі (вайсковая часць палявая пошта 83572). Служыў у горадзе Баграм старшым вадзіцелем-электрыкам станцыі спадарожнікавай сувязі.
Падчас рэйдавай аперацыі яго радыёстанцыя была абстраляна праціўнікам з гранатамётаў і стралковай зброі. Заняўшы разам з баявымі таварышамі абарону, Аляксандр адкрыў агонь з аўтамата, адбіваючы напад. Калі заглух рухавік радыёстанцыі, ён хутка выявіў няспраўнасць і ліквідаваў яе. Пры вяртанні на агнявую пазіцыю быў цяжка паранены.
5 студзеня 1985 года ад атрыманых ран радавы Урбель памёр у ваенным шпіталі горада Кабул.
Пахаваны ў в. Турлы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.
За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Мішута Радзівон Сяргеевіч
Нарадзіўся 26 студзеня 1953 года ў в. Вінаграды Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1970 годзе скончыў сярэднюю школу № 2 у г. Паставы Віцебскай вобласці, працаваў кінамеханікам у калгасе імя Мічурына Пастаўскага раёна.
У 1974 годзе скончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае вучылішча. Служыў у Далёкаўсходняй ваеннай акрузе на Курылах, з 1983 года ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе на пасадзе камандзіра артылерыйскай батарэі.
У жніўні 1983 года накіраваны ў Афганістан камандзірам артылерыйскай батарэі ў 860-ы асобны мотастралковы Пскоўскі Чырванасцяжны полк (вайсковая часць 89933).
11 лютага 1984 года загінуў пры выкананні баявога задання падчас артылерыйскага абстрэлу агнявой пазіцыі батарэі. Падчас бою выйшла са строю рацыя, для сувязі з гарматнымі разлікамі неабходна было выйсці з-пад броні, капітан Мішута пайшоў сам замест маладога салдата. Разрыўная душманская куля трапіла ў шыю.
Пахаваны ў в. Валохі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.
За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Крыніца: https://afgan.vlib.by/index.php/mtree-lib/pogibshie-i-propavshie-bez-vesti/mishuto-rodion-sergeevich
Сяргей Сяргеевіч Галяк
Нарадзіўся 12 лістапада 1963 года ў вёсцы Рылькі Пастаўскага раёна. Маці Вера Флярыянаўна працавала на ферме, бацька Сяргей Вячаслававіч быў рабочым будаўнічай брыгады.
У 1971 годзе Сяргей пайшоў у першы клас Лукашоўскай сярэдняй школы. Першая настаўніца Рамановіч Аляксандра Сяргееўна.
У 1979 годзе Сяргей скончыў 8 клас і паступіў у Пастаўскае сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў прафесію трактарыста-машыніста з кваліфікацыяй слесара і вадзіцеля аўтамабіля.
У 1982 годзе Сяргей прызваны ў рады Савецкай Арміі. Свой інтэрнацыянальны абавязак выконваў у Сірыйскай Арабскай рэспубліцы. 15 мая 1984 яго не стала. Радавы Сяргей не вярнуўся дадому, ён загінуў у Сірыі, ад яго засталіся толькі ўспаміны сяброў і родных.
Емец Сяргей Андрэевіч
Нарадзіўся 5 снежня 1964 года ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. У 1982 годзе скончыў сярэднюю школу. Ва Узброеных Сілах СССР з 5 жніўня 1982 года. У 1986 годзе скончыў Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Службу праходзіў у 65-м асобным верталётным палку ваенна-паветраных сіл Беларускай ваеннай акругі ў г. Кобрын.
У верасні 1988 года накіраваны ў Афганістан у 4-ю эскадрыллю 50-га асобнага змешанага авіяцыйнага палка (вайсковая часць палявая пошта 97978 «К») лётчыкам-штурманам верталёта Мі-8.
С.А. Емец загінуў 13 лістапада 1988 года падчас абстрэлу душманамі аэрадрома горада Кабул рэактыўнымі снарадамі. У той дзень загінула і было паранена некалькі камандзіраў і штурманаў верталётаў.
Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.
За мужнасць і адвагу пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Крыніца: https://afgan.vlib.by/index.php/mtree-lib/pogibshie-i-propavshie-bez-vesti/emets-sergej-andreevich
Жумаеў Міхаіл Аляксеевіч
Нарадзіўся 10 снежня 1952 года ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. У 1969 годзе скончыў сярэднюю школу № 15 горада Барысаў Мінскай вобласці.
У 1971 годзе Барысаўскім аб'яднаным гарваенкаматам прызваны ў рады Узброеных Сіл СССР.
Пасля праходжання тэрміновай службы скончыў Ленінградскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча і быў накіраваны ў Афганістан у вайсковую часць палявая пошта 93992.
У Рэспубліцы Афганістан са снежня 1981 года. Служыў камандзірам мотастралковага ўзвода 9-й роты 3-га батальёна 66-й асобнай Выбаргскай Чырванасцяжнай ордэнаў Леніна і Аляксандра Неўскага мотастралковай брыгады ў раёне горада Джэлалабад.
Прымаў удзел у 8 баявых аперацыях. 30 верасня 1982 года з групай салдат прыкрываў адыход батальёна, які трапіў пад перакрыжаваны агонь праціўніка. Атрымаўшы цяжкае раненне, апошняй гранатай падарваў сябе і мяцежнікаў, якія яго акружылі, каб пазбегнуць захопу.
Пахаваны ў горадзе Барысаў Мінскай вобласці.
За мужнасць і воінскую доблесць узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга і медалём «За адвагу».
Кулажэнка Генадзь Уладзіміравіч
Нарадзіўся 27 ліпеня 1952 года ў г. Нароўля Гомельскай вобласці. У 1969 годзе скончыў сярэднюю школу № 9 г. Мінска, затым працаваў слесарам-зборшчыкам на заводзе вылічальных машын імя Арджанікідзэ ў г. Мінску. У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ імя В. І. Леніна. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў накіраваны дырэктарам 8-гадовай школы ў Пастаўскі раён. У тым жа 1975 годзе яго выбралі другім сакратаром Пастаўскага РК ЛКСМБ. З 1976 па 1978 гг. вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе ЦК УЛКСМ, пасля заканчэння якой нядоўгі перыяд часу працаваў інструктарам Віцебскага абласнога камітэта ЛКСМБ. У 1978–1980 гадах – першы сакратар Пастаўскага РК ЛКСМБ.
Са снежня 1980 года накіраваны ў Афганістан саветнікам дэмакратычнай арганізацыі моладзі Афганістана па паўночна-заходняй зоне (Герат–Гур–Бадгіс).
28 чэрвеня 1981 года падчас руху на мясцовым таксі з аэрапорта ў г. Герат Г. В. Кулажэнка быў захоплены бандытамі і забіты. Месцазнаходжанне яго астанкаў засталося невядомым. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, Г. В. Кулажэнка пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Сіўцоў Эдуард Іванавіч
Гады службы ў ДРА: 22.02.1983–06.06.1984
Нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. У 1961 годзе скончыў 7 класаў Аршанскай сярэдняй школы № 14. З 1961 года працаваў токарам на заводзе «Чырвоны баец» у горадзе Орша.
19 кастрычніка 1965 года Аршанскім аб’яднаным гарваенкаматам Віцебскай вобласці прызваны ў рады Узброеных Сіл, накіраваны для праходжання службы ў вайсковую часць 31561 (горад Ніжні Тагіл, Расія). Быў тэхнікам-апаратчыкам. 4 ліпеня 1968 года звольнены ў запас па заканчэнні тэрміну службы. Працаваў слесарам на заводзе «Легмаш».
1970 годзе скончыў 10 класаў вячэрняй школы № 7 горада Оршы.
21 сакавіка 1971 года Аршанскім аб’яднаным гарваенкаматам Віцебскай вобласці прызваны на звыштэрміновую ваенную службу, накіраваны ў вайсковую часць палявая пошта 25687 Паўднёвай групы войскаў. У 1976 годзе скончыў школу прапаршчыкаў. З 16 лістапада 1976 года службу праходзіў начальнікам лабараторыі гаручага ў вайсковай часці 23418 (аэрадром «Паставы»).
22 лютага 1983 года накіраваны ў Афганістан, вайсковая часць палявая пошта 29761. Быў начальнікам лабараторыі гаручага.
6 чэрвеня 1984 года верталёт, у якім знаходзіўся прапаршчык Э. І. Сіўцоў, падчас баявога вылету быў збіты. Э. І. Сіўцоў і ўвесь экіпаж загінулі.
Пахаваны ў вёсцы Зайцава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.
За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».
Крыніца: http://afgan.vlib.by/index.php/mtree-lib/pogibshie-i-propavshie-bez-vesti/sivtsov-eduard-ivanovich
Шакола Пётр Сцепанавіч
Нарадзіўся 17 сакавіка 1959 года ў вёсцы Жылінскія Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля смерці бацькоў выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Лёзненскую сярэднюю школу Віцебскай вобласці.
1 жніўня 1977 года Пастаўскім райваенкаматам Віцебскай вобласці прызваны ў рады Узброеных Сіл. У 1979 годзе скончыў Кіраўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Служыў у Ташкенце (вайсковая часць 22523). У Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан са студзеня 1980 года ў якасці бортавага тэхніка – паветранага стралка 3-й эскадрыллі 280 асобнага верталётнага палка (вайсковая часць палявая пошта 17668). Полк дзейнічаў з аэрадрома ў г. Кандагар.
У складзе экіпажа верталёта Мі-8Т неаднаразова выконваў баявыя заданні па прыкрыцці баявых дзеянняў наземных войскаў у Афганістане.
Прапаршчык П.С. Шакола загінуў 9 красавіка 1980 года падчас чарговага баявога вылету па перакіданні дэсантнай групы. Верталёт быў падбіты і ўзарваўся.
Пахаваны ў горадзе Віцебск на могілках Мазурына.
За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».
Крыніца: https://afgan.vlib.by/index.php/mtree-lib/pogibshie-i-propavshie-bez-vesti/shakola-petr-stepanovich