Уключы блізкае святло! З 25 жніўня па 5 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць СКМ «Увага – дзеці!»
У сувязі з заканчэннем летніх канікул і напярэдадні новага навучальнага года з 25 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўтаінспекцыяй будзе праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага – дзеці!». У гэты перыяд вадзіцелі абавязаны рухацца з уключаным блізкім святлом фар. За невыкананне дадзенага патрабавання ПДР прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 2 базавых велічынь.
Мэта дадзенага мерапрыемства – прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, прывіццё юным удзельнікам дарожнага руху навыкаў бяспечных паводзін на дарозе, прыцягненне ўвагі вадзіцеляў, бацькоў і педагогаў да праблемы дзіцячага траўматызму.
Паважаныя дарослыя, убачыўшы дзяцей, якія гуляюць на праезнай частцы дарогі ці каля яе, не заставайцеся абыякавымі, зрабіце дзецям заўвагу, пастарайцеся прыняць меры, каб ізаляваць іх ад патоку транспарту. Бацькі, на вуліцы будзьце асабліва асцярожныя з малымі-дашкольнікамі, не пакідайце іх без нагляду. Памятайце, што нават адзін няправільны крок дзіцяці на праезнай частцы дарогі можа прывесці да няшчасця. Кожны раз, калі Ваша дзіця выходзіць з дому, не палянуйцеся нагадаць яму няхітрыя правілы паводзін на вуліцы. Будзьце прыкладам для дзяцей у выкананні правілаў дарожнага руху.
Аляксандр Арэхаў, начальнік АДАІ Пастаўскага РАУС