Вінаватыя будуць пакараныя…

Вінаватыя будуць пакараныя…

Вінаватыя будуць пакараны…

Усім вядомая фраза з рамана Ільфа і Пятрова «Дванаццаць крэслаў», прамоўленая адным з яго герояў: «Аўтамабіль – не сродак раскошы, а сродак перамяшчэння!». У наш час стаўленне да гэтага транспартнага сродку ў кожнага сваё. Нягледзячы на гэта, усе хочуць захаваць сваю маёмасць у цэласці, і вельмі непрыемным з'яўляецца пашкоджанне аўтамабіля ў ходзе злачыннага замаху, а пра выкраданне яго частак альбо пакінутай у салоне маёмасці наогул можна не казаць.

Штогод на тэрыторыі Віцебскай вобласці рэгіструецца вялікая колькасць крадзяжоў, учыненых з аўтамабіляў грамадзян. Наш раён не выключэнне. Толькі за 10 месяцаў 2017 года па Пастаўскім раёне зарэгістравана 8 такіх фактаў, асноўная іх колькасць учынена ў г. Паставы. Не заўсёды праваахоўным органам удаецца ўстанавіць злачынцаў, і часта яны застаюцца беспакаранымі.

Адным з выключэнняў з'яўляецца факт затрымання двух злачынцаў, якія ў ноч з 8 на 9 лістапада шляхам разбіцця бакавых шыб прыпаркаваных па вул. Юбілейная ў г. Паставы аўтамабіляў выкралі маёмасць, якая належыць грамадзянам. Пры далейшым правядзенні вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што гэтыя грамадзяне ўчынілі яшчэ два крадзяжы акумулятарных батарэй з аўтамабіляў па вул. Касманаўтаў.

Дзякуючы зладжаным дзеянням участковых інспектараў міліцыі Мурзёнка А.І., Гарбуля В.Я., а таксама вадзіцеля Іжмайловіча П.К. злачынцы панясуць сваё пакаранне. За ўчыненне злачынстваў па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж) у складзе групы, вінаватым асобам пагражае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

У сваю чаргу хачу звярнуцца да жыхароў нашага раёна з просьбай быць больш пільнымі і прымаць меры да захаванасці сваёй маёмасці. Бо ніхто не зможа забяспечыць бяспеку Вашай маёмасці так, як Вы самі.

У выпадку ўчынення ў дачыненні да Вас або Вашай маёмасці злачынстваў і правапарушэнняў, неадкладна паведамляйце пра гэта ў міліцыю па тэлефоне 102.

На здымку (злева направа): Гарбуль В.Я., Іжмайловіч П.К., Мурзёнак А.І.

Начальнік аддзела
Гарус А.М.

16.11.2017