У Пастаўскім раёне стартуе рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы год!»
Ах, Новы год! Увесь снежань мы знаходзімся ў стане прадчування цуду, чакаючы арыгінальныя падарункі, зарад станоўчых эмоцый і тую ўнікальную абстаноўку, якую зноў можна адчуць толькі праз год. У той жа час пераднавагодні перыяд суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўм у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да святаў, неасцярожнага абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі. Папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі з падобнымі наступствамі – мэта рэспубліканскай акцыі «Бяспечны Новы год!».
Акцыя будзе праходзіць у 3 этапы.
Першы пачынаецца з 14 па 17 снежня, работнікі МНС правядуць прафілактычныя мерапрыемствы з асобамі сталага ўзросту на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў ветэранаў і інвалідаў, а таксама санаторыяў, у якіх адпачывае дадзеная катэгорыя насельніцтва. Выратавальнікі прапануюць рознабаковы фармат мерапрыемстваў на дадзеным этапе – тэматычныя конкурсы і віктарыны, інтэрактыўныя гутаркі, бяспройгрышныя латарэі, правядзенне тэатра-экспромту.
З 20 па 24 снежня падчас другога этапу работнікі МНС правядуць прафілактычныя мерапрыемствы з навучэнцамі школ на базе агульнаадукацыйных устаноў, устаноў пазашкольнай работы, інтэрнатаў, з бацькамі і іх дзецьмі ў тых сем'ях, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у дзіцячых дамах і ў дамах сямейнага тыпу. У гэтыя дні да дзяцей прыйдзе пажарны Дзед Мароз і Снягурка, роставыя лялькі герояў «Чароўная кніга» і разам з выратавальнікамі правядуць віктарыну «Хто хоча стаць геніем бяспекі?», гутаркі па асновах бяспекі жыццядзейнасці, тэматычныя конкурсы і віктарыны, бяспройгрышныя латарэі, прадэманструюць відэафільмы і відэаролікі па тэматыцы АБЖ.
На трэцім этапе з 27 па 31 снежня Дзед Мароз, Снягурка, казачныя персанажы (роставыя фігуры) наведваюць месцы продажу піратэхнічных вырабаў, дзіцячыя ўстановы аховы здароўя, лядовыя каткі і месцы з масавым знаходжаннем людзей. Віншаванні ад выратавальнікаў і заклік выконваць правілы пажарнай бяспекі прагучаць на навучальных пляцоўках МНС.
На працягу ўсёй акцыі тэматычныя віншаванні з Новым годам праз тэлефонную або відэасувязь – «На сувязі з Вамі Дзед Мароз-выратавальнік» разляцяцца ў розныя куткі вобласці. На базе цэнтраў бяспекі пройдзе навагодні квэст. На хвалях радыё слухайце тэматычныя радыёпраграмы з розыгрышамі прызоў. І гэта не ўсе сюрпрызы, якія падрыхтавалі выратавальнікі.
Запрашаем усіх прыняць удзел у акцыі, папоўніць багаж ведаў у галіне бяспекі і правесці час не толькі цікава, але і з карысцю!