У Пастаўскім раёне знайшлі чалавека, які згубіўся ў лесе
14 жніўня ў 9:40 у цэнтр аператыўнага кіравання Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што ў лясным масіве паблізу вёскі Буцэвічы Камайскага сельскага савета Пастаўскага раёна згубілася жанчына 1986 года нараджэння.
Жанчына самастойна патэлефанавала ратавальнікам і сказала, што падчас збору ягад яна захапілася і не заўважыла, як заблудзілася. Хоць аматарка збору лясных дароў і чула гук бліжэйшых дарог, аднак ніяк не магла выйсці з масіва, бо вакол былі глыбокія каналы.
Да месца паведамлення было неадкладна накіравана падраздзяленне пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №1 Пастаўскага раённага аддзела па НС.
Па прыбыцці на месца ратавальнікі Саўчук Мікіта Іванавіч і Бабровіч Дзмітрый Іосіфавіч уключылі сірэны і, зарыентаваўшыся на мясцовасці, прыступілі да пошуку жанчыны. Праз некаторы час жанчына была знойдзена і ў дапамозе медыкаў не мела патрэбы.
Як расказала сама згубленая, рана раніцай яна адправілася ў лес для збору ягад і заблудзілася, праз некаторы час безвыніковых спроб выйсці з лесу яна патэлефанавала ратавальнікам. Добра, што тэлефон быў з сабой і зараджаны.