У Паставах стартаваў комплекс мерапрыемстваў па супрацьдзеянні педафіліі
З 26 красавіка па 31 мая ў рамках дадатковых мер па процідзеянні злачынствам супраць палавой свабоды і палавой недатыкальнасці непаўналетніх на тэрыторыі Пастаўскага раёна праводзіцца рэспубліканскі аператыўна-прафілактычны комплекс.
Гэты комплекс накіраваны на процідзеянне злачынствам супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх, а таксама абароту дзіцячай парнаграфіі. Асноўная мэта ініцыятывы – заахвоціць насельніцтва неадкладна паведамляць у міліцыю аб здзяйсненні сексуальных дзеянняў у дачыненні да дзяцей. Гэта дапаможа супрацоўнікам праваахоўных органаў своечасова прымаць меры рэагавання.
Комплекс мерапрыемстваў прадугледжвае сумесную працу з усімі зацікаўленымі суб'ектамі прафілактыкі. У прыватнасці, з работнікамі адукацыі, аховы здароўя, а таксама грамадскімі аб'яднаннямі. Супрацоўнікі міліцыі давядуць спецыялістам механізм ранняга выяўлення фактаў педафіліі і іншых супрацьпраўных паводзін.
На жаль, па-ранейшаму захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў сферы здзяйснення злачынстваў супраць палавой свабоды і палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Высокая латэнтнасць злачынстваў, звязаных з сексуальным гвалтам у дачыненні да дзяцей, дазваляе вінаватым асобам доўгі час заставацца па-за полем зроку праваахоўнікаў, а іх ахвярам – падвяргацца далейшаму гвалту. Для гэтага і праводзіцца дадзеная прафілактыка, у першую чаргу на выяўленне і прадухіленне падобных злачынстваў.
На тэрыторыі Пастаўскага раёна за мінулы перыяд 2022 года выяўлена 10 злачынстваў супраць палавой свабоды і палавой недатыкальнасці непаўналетніх. За мінулы перыяд 2023 года выяўлена 1 злачынства па ч.2 арт.343-1 КК Рэспублікі Беларусь (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў і прадметаў парнаграфічнага характару з выявай заведама непаўналетняга).
Так у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» мужчына пазнаёміўся з 17-гадовай навучэнкай адной з устаноў адукацыі Пастаўскага раёна, пачалася перапіска, у працэсе якой глыбачанін пачаў прасіць у непаўналетняй яе фотавыявы, спачатку простыя, потым парнаграфічнага зместу. Непаўналетняя ўсяляк спрабавала адмовіцца, адказваючы глыбачаніну, што ў яе ўстанову адукацыі прыходзіў міліцыянер і расказваў пра адказнасць за такія дзеянні. Аднак інтэрнэт-знаёмы быў настойлівым і пераканаў пастаўчанку ў тым, што ёй нічога не будзе, бо ён не збіраецца перасылаць нікому дадзеныя фотавыявы. У выніку ён атрымаў фотавыявы парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняй. Праз некаторы час пасварыўся з непаўналетняй, пасля чаго адправіў парнаграфічныя матэрыялы яе непаўналетняй сяброўцы, якая звярнулася да сацыяльнага педагога. Цяпер глыбачаніну пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама ўстаноўлены палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. 18-гадовы хлопец пазнаёміўся з 14-гадовай школьніцай з нашага раёна. Віртуальнае знаёмства перарасло ў рэальныя сустрэчы, якія сталі праходзіць дома ў хлопца і па ўзаемнай згодзе заканчвацца палавымі кантактамі. Матэрыялы праведзенай праверкі па дадзеным факце супрацоўнікі міліцыі перадалі ў Следчы камітэт для прыняцця рашэння па ўзбуджэнні крымінальнай справы па ч.1 арт.168 КК Рэспублікі Беларусь. Адказнасць за якое прадугледжвае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.
Калі вы сталі ахвярай злачынства або валодаеце інфармацыяй аб здзейсненым злачынстве, звярніцеся неадкладна ў міліцыю па адрасе: г. Паставы, вул. Савецкая, д.43 або па нумары тэлефона 102. Ананімнасць гарантуецца.