Стартуе рэспубліканская акцыя «У цэнтры ўвагі – дзеці!»
З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў з прычыны пакідання іх без нагляду з 16 жніўня па 10 верасня ў рэспубліцы будзе праходзіць прафілактычная акцыя «У цэнтры ўвагі – дзеці!»
Першы этап акцыі пройдзе з 16 па 31 жніўня на аб'ектах гандлю, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Для прыцягнення ўвагі дарослых у аддзелах продажу дзіцячага адзення, акрамя школьнай формы, нібыта на продаж, будзе выстаўлена сапраўднае адзенне пажарных-ратавальнікаў, а ў аддзелах канцылярскіх прылад – вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Такім чынам, ратавальнікі нагадаюць бацькам, што, збіраючы дзяцей у школу, трэба не забываць пра правілы бяспекі, якія нельга купіць, а можна толькі самому навучыць ім сваё дзіця. З бацькамі і дзецьмі будзе праводзіцца прафілактычная работа па папярэджанні надзвычайных сітуацый. Ратавальнікі, актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і члены клубаў юных ратавальнікаў-пажарных нагадаюць пра прычыны ўзнікнення НС, у тым ліку з удзелам дзяцей, раскажуць, як правільна сябе паводзіць, каб захаваць жыццё і здароўе, растлумачаць, да чаго можа прывесці неасцярожнасць у абыходжанні з агнём і ўручаць маленькія падарункі да школы ад МНС: брашуры, памяткі, буклеты і інш.
Правядзенне другога этапу акцыі запланавана з 1 па 10 верасня ў агульнаадукацыйных установах, дзе работнікі МНС правядуць тэматычныя «Урокі бяспекі», інструктажы з педагагічным складам, а таксама прымуць удзел у бацькоўскіх сходах. Акрамя гэтага, мерапрыемствы ў рамках другога этапу акцыі пройдуць у працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, дзе акрамя прафілактычных гутарак, будзе арганізавана работа тэматычных пляцовак па навучанні правілам бяспекі і дзеянням у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый.