Тэрмін прыдатнасці 28 гадоў
Вырвіч Віктар Уладзіміравіч, старшы інструктар-выратавальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага поста гарадскога пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна, аддаў 28 гадоў жыцця пажарнай справе, і вось вынік.
Свой прафесійны шлях пачаў у далёкім 1995 годзе ў ваенізаванай пажарнай службе.
У 2007 годзе па збегу абставін прыйшлося пакінуць службу, аднак праз непрацяглы час вярнуўся да любімай справы і ў выніку застаўся ёй верным на працягу 28 гадоў. Як сціпла кажа сам новаспечаны пенсіянер: «Заўсёды хацелася быць карысным людзям, а рамантызм ад пагонаў толькі падштурхоўваў на ўступленне ў шэрагі выратавальнікаў. Цяпер, прайшоўшы такі нялёгкі шлях, у памяці ўсплываюць самыя розныя моманты са службовага жыцця. Ёсць і кур'ёзныя, калі можна было па-таварыску бяскрыўдна паджартаваць. Ёсць і тыя, калі здавалася, быў на валаску ад гібелі. У такія моманты час не мае ліку, усё замірае як у фільме, і жыццё праносіцца перад вачыма. Але нават у тыя па-сапраўдзе страшныя імгненні я ні разу не пашкадаваў пра тое, што прыйшоў сюды і апынуўся менавіта тут, менавіта ў гэтую хвіліну, менавіта ў гэтым самым месцы. А значыць, я зрабіў правільны выбар і застануся яму верным да канца.»
Як распавёў сам ветэран МНС, тэхніка крочыла наперад, і калі раней пра камфорт і мабільнасць можна было толькі марыць, то цяпер – гэта стала явай, і служыць стала куды прыемней.
На развітанне Віктар Уладзіміравіч пачуў шмат шчырых і цёплых слоў і па традыцыі атрымаў падарункі, якія нагадваюць пра калег. Таксама не абышлося і без урачыстага праходжання пад бадзёрым душам, дзе ў апошні раз даводзіцца мачыць сваё абмундзіраванне.
У сваю чаргу ён пакінуў наказ: «Служыць сумленна і прынцыпова ставіцца да сваіх абавязкаў!»
