Умее паспяваць усюды
14 кастрычніка ў аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём з нагоды Дня маці. На ім Ганаровы дыплом лаўрэата прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, букет і падарункі з рук намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Пеніна атрымала і наша зямлячка Таццяна Дзюшко.
Прэмія зацверджана рашэннем
Віцебскага аблвыканкама ў 2003 годзе. За гэты час яе ўладальніцамі сталі 522
жанчыны, якія з’яўляюцца ўзорам у духоўна-маральным выхаванні дзяцей,
падтрымліваюць гарманічныя адносіны ў сем’ях, актыўныя ў грамадскім жыцці.
Таццяна Дзюшко жыве ў Ляхаўшчыне, загадвае мясцовым фельчарска-акушэрскім
пунктам. Яна мае глыбокія тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, лічыцца
кваліфікаваным спецыялістам. Фельчара паважаюць вяскоўцы, любяць пацыенты.
Таццяна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег, яе прафесіяналізм цэніць
адміністрацыя цэнтральнай райбальніцы.
З 2003 года прэмію імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі атрымалі 522 жанчыны, якія з’яўляюцца ўзорам у духоўна-маральным выхаванні дзяцей.
Жанчына ўмела сумяшчае работу, дом, грамадскую дзейнасць. З мужам Генадзіем, які працуе ў Дунілавіцкім лясніцтве, выхоўваюць сына і дачку. Дзеці вучацца ў Варапаеўскай сярэдняй школе. Васьмікласнік Саша захапляецца гісторыяй, шмат чытае. Другакласніца Каця любіць рысаваць, ляпіць. Абое актыўныя ў грамадскім жыцці школы. Сям’я Дзюшко — узор для іншых. Іх дом – візітная картка Ляхаўшчыны. На прыдамавой тэрыторыі шмат яркіх кветкавых кампазіцый, малых архітэктурных форм, дэкаратыўных насаджэнняў.
Таццяна дбае пра прыгажосць не толькі каля свайго дома. Як старэйшына вёсак Ляхаўшчына і Рэдзькаўшчына клапоціцца пра парадак і там. Умее арганізаваць вяскоўцаў на суботнікі. Сумесна з Валкоўскім сельвыканкамам вырашае пытанні па добраўпарадкаванні помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам, мясцовых могілак. Актыўная і ў правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.
У гэтыя дні жыве ўражаннямі ад прыёму ў аблвыканкаме.
– Нас сабралася больш за 30 жанчын. Розных узростаў, прафесій і лёсаў, – расказвала Таццяна Дзюшко. – Былі мнагадзетныя, прыёмныя мамы, а таксама якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю і дапамагаюць такім жа сем’ям. 7 жанчын атрымалі ордэн Маці, 25 – прэмію імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Панавала святочная і ўрачыстая атмасфера, якая запомніцца надоўга. Для мяне дом, сям’я, дзеці – гэта тое, што сілкуе, натхняе на добрыя справы.
Анна Анішкевіч, газета “Пастаўскі край”
Фота даслала Таццяна Дзюшко