Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
17 февраля 2021

Стартавала вакцынацыя

15 лютага ў Пастаўскай ЦРБ пачалася вакцынацыя супраць COVID-19.

Падчас яе першага этапа прышчэпяць работнікаў райбальніцы, АДРАЦ «Ветразь», а таксама сацыяльных работнікаў, якія працуюць у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання грамадзян.

Вакцынацыя бясплатная. Яна праводзіцца за кошт рэспубліканскага бюджэту. У панядзелак расійскім медпрэпаратам «Гам-КОВИД-Вак» (гандлёвая марка «Спутник V») прышчэплена 10 чалавек. У саставе вакцыны два кампаненты, якія ўводзяцца ў арганізм у 2 этапы: спачатку адзін, а праз тры тыдні — другі. Імунітэт пачынае фарміравацца пасля першай прышчэпкі, а паўторная яго ўмацоўвае. Увесь гэты час (паміж дзвюма ін’екцыямі) неабходна насіць медыцынскую маску, захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне, сачыць за чысцінёй рук — перыядычна мыць іх з мылам альбо апрацоўваць сродкамі дэзынфекцыі. Гэтых мер бяспекі рэкамендуецца прытрымлівацца і пасля вакцынацыі.

— Колькі будзе захоўвацца імунітэт, дакладна не вядома, бо выпрабаванні вакцыны яшчэ працягваюцца, — расказвала ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ Людміла Сафронава. — Аднак на сайце стопкоронавирус.рф адзначаецца, што двукратная схема ўвядзення вакцыны дазваляе сфарміраваць працяглы імунітэт, які, згодна з назіраннямі спецыялістаў, захоўваецца да двух гадоў. Менавіта да такіх вектарных вакцын (якія ўводзяцца ў 2 этапы) і адносіцца «Гам-КОВИД-Вак».

Кампанентаў жывога віруса COVID-19 расійскі медпрэпарат не ўтрымлівае, таму лічыцца, што заразіцца ад яго немагчыма. Калі ж вы захварэеце ў перыяд паміж дзвюма ін’екцыямі, то, хутчэй за ўсё, вы ўжо былі інфіцыраваныя альбо «падчапілі» каранавірус дадаткова, тлумачыцца на тым жа інтэрнэт-рэсурсе.

Мяркуецца: каб вызначыць ці ёсць супрацьпаказанні да вакцынацыі, перад ін’екцыяй пацыента павінен агле­дзець урач. Нават пры вялікім жаданні нельга прышчапляцца «Гам-КОВИД-Вак» тым, хто мае гіперадчуваль­насць да якога-небудзь яго кампанента, цяжкія алергічныя рэакцыі, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні. Супрацьпаказанні да вакцынацыі таксама маюць непаўналетнія, жанчыны ў перыяд цяжарнасці і груднога выкормлівання. Нельга рабіць прышчэпку і ў перыяд абвастрэння хранічных захворванняў, трэба пачакаць 2-4 тыдні пасля выздараўлення альбо наступлення рэмісіі.

Да канца тыдня ў ЦРБ плануецца прышчапіць 160 чалавек. Масавая вакцынацыя ўсіх ахвотных, як і паведамлялася, павінна распачацца ў красавіку. Па-ранейшаму запісацца на прышчэпку можна ва ўчастковых тэрапеўтаў.

Вераніка Філановіч, газета «Пастаўскі край». Фота Людмілы Сафронавай