Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
17 марта 2021

Шасціграннае шчасце

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага бягучага года, Ала Курыловіч з Белек, якая нарадзіла і выхавала 6 дзяцей, удастоена ордэна Маці.

Гэту ўзнагароду ёй уручыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Да віншаванняў далучыліся начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская.

— Узнагарода вельмі высокая, — гаварыла расчуленая да слёз гераіня. — Я старалася, каб дзеці раслі працавітымі, прыстойнымі, з павагай адносіліся да іншых. Дзякуй Іне Генадзьеўне Касарэўскай за ўдзел у выхаванні: старэйшыя вучыліся ў гуцкай школе ў той час, калі яна была там дырэктарам. Цяпер школьнік толькі Жэня. Сёлета трэба вызначыцца з яго далейшым жыццёвым шляхам: або прадоўжыць вучобу ў Варапаеўскай СШ, або выбраць прафесію. А галоўны мой памочнік — Саша. Ён жыве таксама ў Бельках, і ўся цяжэйшая работа на ім.

Жаночы лёс Алы Іванаўны быў няпростым. Дзяцей выхоўвала практычна адна: з першым мужам разышлася, а другі раптоўна памёр, калі малодшаму, Жэню, ішоў чацвёрты год. Яна зведала, што такое адчай, і навучылася яму процістаяць.

— Працавала аператарам машыннага даення кароў, — расказвала. — Работа нялёгкая. А яшчэ — свая гаспадарка, прысядзібны ўчастак. Не заўсёды хапала часу, каб у дзяцей праверыць урокі, але прытуліць да сябе, пацала­ваць старалася кожнага. Сыны і дочкі бачылі маю занятасць, былі адказнымі, імкнуліся ва ўсім дапамагаць і мне, і адно аднаму. Раскошы не мелі, бо зарплата і дапамога на малодшых з прычыны страты карміцеля невысокія. Апошнім часам стала падводзіць здароўе, таму мінулай восенню прыйшлося збыць карову. У 50 гадоў я як мнагадзетная мама атрымала права на льготную пенсію.

Ала Іванаўна лічыць сябе моцнай духам. Разлічвае на сябе, гэтаму вучыць і дзяцей. Старэйшыя ўжо знайшлі сваё месца ў жыцці. Алеся жыве ў Мінску, працуе ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Веснік Белнафтахіма». Радуюць бабулю ўнукі: 12-гадовы Дзяніс і 4-гадовы Мікітка. У сталіцы пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўніцтва №12 працуе Дзіма. У гэтым жа ліцэі заканчвае вучобу Максім. Аксана выбрала прафесію прадаўца і ўладкавалася ў Паставах.

—  Усе дзеці жаданыя, — працягвала Ала Курыловіч. —  Я імкнулася не толькі падарыць ім жыццё, але і навучыць самастойнасці, падтрымаць у выбары прафесіі, падчас вучобы. Заўсёды цешуся сваімі дзеткамі. Іх усмешкі, цёплыя словы — найдаражэйшыя ў свеце. Сэрца за кожнага трывожыцца, асабліва ў наш складаны час. Для мяне вельмі важна, каб сыны і дочкі заставаліся чалавечнымі, спагаднымі. Стараюся быць моцнай, энергічнай, усміхацца. Дзяцей таксама вучу не пасаваць перад праблемамі, знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. Хоць жыццё напоўнена клопатамі, хваляваннямі, няма большага шчасця, чым мацярынства. Прыемна, што на ўзроўні Прэзідэнта і ўрада надаецца такая вялікая ўвага жанчынам, якія прысвяцілі сябе выхаванню дзяцей.

Анна Анішкевіч, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара.