Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
17 февраля 2021

Не сціхае боль, жыве памяць

Мінулі 32 гады, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю, а ў нашай краіне не забываюць пра гэту дату.

Больш за 9 гадоў, якія доўжылася вайна, загінула звыш 15 тысяч ваеннаслужачых. Сярод іх і жыхары нашага раёна Радзівон Мішута, Міхаіл Лапко, Аляксандр Урбель і Сяргей Галяк. У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў групы ў складзе прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў наведалі іх магілы. Разам з першым сакратаром райкама БРСМ Кацярынай Малевіч, начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Міхаілам Сінкевічам і ветэранам афганскай вайны Юрыем Каравацкім я накіравалася ў Груздава, дзе пахаваны Сяргей Галяк. Да нас далучыўся старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Юрый Кісялёў.

— Калі я працаваў у райвыканкаме, адпраўляючыся на могілкі, мы заўсёды бралі з сабой маму Сяргея — Вераніку Фляр’янаўну, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Два гады таму яна адышла ў вечнасць і пахавана побач з сынам, які быў яе надзеяй, але загінуў у 20-гадовым узросце.

Міхаіл Лапко — ураджэнец Станелевіч. Варожая куля спы­ніла яго жыццё за 16 дзён да 20-га дня нараджэння. Пахаваны ў Ласіцы. Сюды старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы прыехала з сястрой Міхаіла Людмілай.

— Брату сёлета споўнілася б 60 гадоў, — гаварыла Людміла Іванаўна. — 40 яго няма побач з намі. Мама плача кожны дзень. Пакуль была маладзейшая, на могілкі са Станелевіч ў Ласіцу ез­дзіла на веласіпедзе. Сёлета зімуе ў мяне ў Валках. Шмат гаворым пра Мішу. Ён быў вельмі добрым, працавітым. Вайна абарвала і яго, і нашы планы. Сёння раскажу маме пра ваш прыезд і памяць.

Пасля абеду ў райцэнтры, у скверы па вуліцы Гагарына каля помніка воінам, загінулым у лакальных войнах, адбыўся мітынг-рэквіем. На яго сабраліся ветэраны-«афганцы», прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам і старшынёй райсавета Пятром Курто, грамадскіх арганізацый, Узброеных Сіл, прадпрыемстваў, моладзь.

Да прысутных звярнуўся старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Лушчык.

— Тыдні, месяцы, гады, праве­дзеныя на чужой зямлі, не забыць ніколі, — гаварыў Валерый Антонавіч. — Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана святы для ветэранаў, баявых таварышаў, сяброў, родных тых салдат, якія назаўжды засталіся вернымі ваеннай прысязе. Вайна па-ранейшаму болем адклікаецца ў нашых сэрцах. Мы абавязаны расказваць пра яе маладому пакаленню. Яно павінна ведаць, якой цаной даецца мір.

Шчыміла сэрца, калі слухала вытрымкі з пісем, якія атрымлівалі родныя «афганцаў». Іх зачытвалі хлопцы-прызыўнікі. «Мама! Не трэба ліць слёзы. Я буду служыць не вечна, а толькі два гады. Не хвалюйся за мяне. Я абавязкова вярнуся! Моцна абдымаю. Твой сын Сяргей». Праз дзень хлопец загінуў. «Добры дзень, мае дарагія! Прабачце, што доўга не пісаў. Знаходжуся на вучэннях, і зусім няма часу. У мяне ўсё добра. Як справы ў вас?» Пра тое, што Аляксандр служыў у Афганістане, бацькі даведаліся толькі тады, калі прывезлі цынкавую труну.

За мужнасць і гераізм воінам-інтэрнацыяналістам ад імя навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 падзякаваў Ігар Нежавец. Ён запэўніў, што маладыя нашчадкі не забудуць тых, хто прайшоў вогненнымі дарогамі афганскай вайны, і зробяць усё магчымае, каб захаваць мір у Беларусі.

— Не ўсё можна змераць залатым дынарам, — гаварыў атаман Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандр Зазулін. — Ёсць яшчэ гонар, сумленне. Вы, браты-«афганцы», з’яўляецеся легендарнай старонкай гісторыі, якая праслаўляла сілу і магутнасць нашай тэхнікі і зброі, моцны дух савецкіх салдат. І цяпер вы актыўныя ў патрыятычным выхаванні моладзі. Дзякуй вам за гэта.

Жыццё ідзе, радзеюць рады ветэранаў-«афганцаў». Толькі ў мінулым годзе не стала Мікалая Рудзіка, Сяргея Цярэшчанкі, Юрыя Бірука, Рамуальда Штуры, Васілія Зарэцкага, Віктара Глазава, Вячаслава Кананчука, Мікалая Пучкова, Анатолія Голада, Уладзіміра Кайды, Антона Квяткоўскага, Васілія Артамонава, Станіслава Парневіча, Сяргея Мыраева, Сяргея Станелевіча, Валерыя Клімчэні, Анатолія Калмыка, Віктара Бельскага, Уладзіміра Краўчанкі, Мікалая Сяргеева.

Прысутныя ўшанавалі па­мяць пра загінулых і памерлых хвілінай маўчання. Затым прагучаў збройны залп. Да помніка ляглі вянкі і жывыя кветкі. Мітынг завяршыўся, а ветэраны той неаб’яўленай вайны не спяшаліся разыходзіцца. Яны цікавіліся адно ў аднаго здароўем, справамі, ва ўспамінах вярталіся ў мінулае.

Анна Анішкевіч, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара