Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
14 сентября 2021

Мнагадзетная і шчаслівая

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ордэнам Маці ўзнагароджана жыхарка Кураполля Ларыса Барадай.

У канцы жніўня на яе картачку, на якую звычайна сацыяльная служба пералічвае адрасную дапамогу, паступіла больш за 1 000 рублёў. Ларыса разгубілася ад такой унушальнай сумы. Неадкладна патэлефанавала ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і даведалася, што гэта выплата да ордэна Маці, якога яна ўдастоена за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей.

— Радасць перапаўняла сэрца! — дзялілася эмоцыямі мнагадзетная мама. — Паведаміла мужу, нашым бацькам. Узнагарода высокая, і грошы вельмі дарэчы. Пасля нараджэння Захаркі, якому нядаўна споўніўся годзік, за сродкі мацярынскага капіталу купілі ў Кураполлі дом. Робім рамонт, а гэта немалыя выдаткі. А тут такая сума!

Ларыса ў сям’і была старэйшай. Таму часта даводзілася прыглядваць за малодшымі сястрой і братам. Калі выйшла замуж, колькасць дзетак з мужам не планавалі, бо лічаць, што на ўсё воля Бога. Рома, Аксана і Толя — пагодкі, нарадзіліся адно за адным. Старэйшыя цяпер ходзяць у 5 клас, малодшы — у 3-ці. Праз пяць гадоў пасля Толі на свет з’явіўся Арсеній, яму 4. Усеагульны любімец — аднагадовы Захарка, з якім бавяцца ўсе.

— Клопатаў хапае і з адным дзіцем, а тут пяцёра, — гаварыла Ларыса Барадай. — Найбольшае шчасце — калі дзеткі здаровыя. Толю і Арсенію, напрыклад, выдалілі апендыцыт. У першага былі цяжкія наступствы. Лячыўся ў абласной бальніцы. А я тым часам толькі нарадзіла Захара. На каго пакінуць немаўлятка? І свякроў — гэта мая другая мама — увесь перыяд лячэння была побач з Толем. Увогуле баць­кі мужа нам так шмат дапамагаюць!

Вячаслаў працуе механізатарам у ААТ «Кураполле-агра». З ранняй вясны і да позняй восені ён ад святла да цямна ў полі. Але мяняць сельскую прапіску на гарадскую Барадаі не збіраюцца, а пускаюць карані ў Кураполлі. Старэйшыя дзеці дапамагаюць ім па гаспадарцы і дома. Яны разам гуляюць, чаму-небудзь вучацца адно ў аднаго. У той жа час кожны патрабуе мамінай увагі і клопату. І яна павінна паспяваць усюды і ўсё трымаць на кантролі. Акрамя таго, што трэба прыгатаваць сняданне, абед, вячэру, навесці парадак у доме, неабходна знайсці час, каб паслухаць пра справы ў школе і дзіцячым садку, пасядзець побач, пакуль будуецца з кубікаў вежа, дапамагчы намаляваць малюнак, расказаць казку і многае іншае. І ў такім рытме кожны дзень. Менавіта ў гэтым Ларыса бачыць сваё шчасце.

На ўручэнне ордэна Маці ў адміністрацыйны будынак Курапольскага сельскага Савета Барадаі збіраліся прыйсці ўсёй сям’ёй. Вячаслаў якраз знаходзіцца ў чарговым водпуску, займаецца рамонтам дома. Ды захварэў Захарка, і бацька застаўся з ім. Ларыса прыйшла з Арсеніем. Са школы  прыбеглі трое старэйшых.

Узнагароду Ларыса Барадай атрымала з рук намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга.

— Ордэн Маці — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода для жанчыны, — гаварыў Станіслаў Уладзіміравіч. — Дзяржава падтрымлівае статус жанчыны-маці, магадзетнай сям’і, аказвае фінансавую дапамогу, стварае ўмовы для камфортнага жыцця, развіцця здольнасцей дзяцей. Дзякуй вам, Ларыса Юр’еўна, за тое, што далі жыццё пяцярым дзеткам. Выхавайце іх годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Да віншаванняў далучыліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, выконваючая абавязкі старшыні мясцовага сельскага Савета Лілія Гедроец. Яны пажадалі маладой маме здароўя, цярпення, мудрасці ў выхаванні дзяцей, а дзецям — поспехаў у вучобе і быць паслухмянымі.



Анна Анішкевіч. Фота аўтара

Ларыса Барадай са сваімі дзецьмі