Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
17 февраля 2021

Калі праца ў радасць

Кантралёр Пастаўскага раёна газазабеспячэння Наталля Раманенка стала лаўрэатам звання «Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны».

З-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі ўшаноўванне лаўрэатаў праходзіла віртуальна, у анлайн-рэжыме. Нягледзячы на гэта, атрымалася цёплым і падарыла віноўнікам урачыстасці шмат прыемных хвілін.

— Вельмі радасная падзея! — прызналася Наталля. —І ў той жа час мне няёмка перад калегамі, бо ў нашым калектыве ўсе працуюць з поўнай аддачай, а вылучылі толькі мяне.

У 2019 годзе Наталлі Раманенцы прысвоілі званне «Ветэран працы». Гледзячы на маладую прыгожую жанчыну, у яе ветэранства цяжка паверыць. Аднак факты — рэч упартая: у газавай гаспадарцы яна адпрацавала ўжо 22 гады. Спачатку прымала заяўкі ад насельніцтва на дастаўку балонаў, потым дзяжурыла ў аварыйнай службе. Праз 6 гадоў пасля прыходу ў калектыў перавялі кантралёрам.

—Асабліва ўдзячная майстру Чаславу Зянонавічу Раманоўскаму. Працавала пад яго непасрэдным кіраўніцтвам, і ён многаму мяне навучыў, — расказвала Наталля. — Працаваць з насельніцтвам няпроста, але я заўсёды знаходжу ўзаемаразуменне. Здымаю кантрольныя паказчыкі лічыльнікаў у кватэрах і дамах, вяду разлікі, прымаю заяўкі. Працоўны дзень напружаны. Іншы раз даводзіцца затрымацца ў кабінеце, каб паспець аформіць дакументацыю. Безумоўна, стамляюся, але вельмі люблю сваю справу. І лічу, што пры жаданні ўсяму можна навучыцца. Напрыклад, не так даўно ўстанавілі новую камп’ютарную праграму. Было складана асвойваць яе. Па некалькі разоў на дзень па тэлефоне кансультавалася ў глыбоцкіх праграмістаў, якія абслугоўваюць наш участак. Тыя цярпліва і даступна тлумачылі незразумелае, за што я ім вельмі ўдзячная. Зараз я з праграмай на «ты».

Начальнік Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалай Жданковіч адзначыў:

— Ганарымся, што з трох раёнаў — Пастаўскага, Глыбоцкага і Докшыцкага, якія ўваходзяць у склад вытворчага ўпраўлення «Глыбокаегаз», менавіта нашага работніка вылучылі на званне «Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны». Наталля Раманенка заслугоўвае гэтага. У яе вялікі стаж, выконвае значны аб’ём работы. Акрамя абавязкаў кантралёра, адказвае за ўнясенне даных па абслугоўванні ўнутрыдамавога газавага абсталявання, шмат працуе з дакументацыяй. Акрамя таго, уводзіць у курс справы маладога майстра Віталія Протаса.

Пра тое, што Наталля — настойлівая ў дасягненні мэты, сведчыць многае з яе біяграфіі. Пасля школы закончыла Віцебскае вучылішча швейнікаў, пазней — Полацкі аграрна-тэхнічны каледж. У ДТСААФ вывучылася за вадзіцеля і ўпэўнена водзіць машыну. Мае дваіх дарослых дзяцей. Дачка Каця ўжо замужам. Сын Мікіта — студэнт Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта. А колькі радасці ад зносін з двухгадовым унукам Мішам!

Бесперапынна пагутарыць з лаўрэатам высокага звання на яе рабочым месцы не ўдавалася. Раз-пораз раздаваліся тэлефонныя званкі, і яна адказвала на іх. Па розных неадкладных вытворчых пытаннях захо­дзілі то майстар, то галоўны інжынер. Працоўны рытм на ўчастку дакладны і напружаны. І Наталля Раманенка цалкам падпарадкаваная яму, што ў рэшце рэшт прыносіць ёй як матэрыяльнае, так і маральнае задавальненне.

Фаіна Касаткіна, газета «Поставский край»

Фота з сямейнага архіва Наталлі Раманенкі