Ева Іванова — трохразовая чэмпіёнка вобласці
![](https://postavy.vitebsk-region.gov.by/images/storage/news/000258_352196.jpg)
З 19 па 22 студзеня ў шахматна-шашачным клубе «Ладдзя» адбылося першынство Віцебскай вобласці па шахматах сярод школьнікаў ва ўзроставых катэгорыях да 12, 14, 16 і 18 гадоў. У стартавыя пратаколы былі занесены прозвішчы 64 спартсменаў. Пастаўшчыну на спаборніцтвах прадстаўлялі выхаванцы гуртка па інтарэсах «Віцязь» раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ева Іванова, Віталій Дзямідаў (абое — СШ №2 імя Н. М. Асяненкі) і Максім Мацкевіч (СШ №3), якія займаюцца шахматамі пад кіраўніцтвам кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатолія Салацінскага.
Нягледзячы на розны ўзрост, дзяўчынкі ўсе разам гулялі ў адным турніры, а ўжо па яго выніках вызначалі наймацнейшую ў кожнай узроставай групе. У нашай Евы Івановай старт задаўся. У першай партыі яна лёгка і ўпэўнена абыграла віцябчанку Арыну Пагасян. У наступным туры пры вялікай перавазе пагадзілася на нічыю з Алесяй Любчанкай з Оршы, старэйшай за пастаўчанку на 3 гады. Пасля чатырох тураў Ева мела 3,5 ачка і аднаасобна лідзіравала. Анатолій Салацінскі асабліва адзначыў перамогу сваёй вучаніцы ў пятым туры над тытулаванай Вікторыяй Варанкінай (Віцебск), якая мае вопыт выступленняў на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У В. Варанкінай шахматны каэфіцыент складае 1 800, а ў Е. Івановай — на 200 балаў менш. Згуляўшы ў шостым туры ўнічыю з Марыяй Мядзвецкай (Орша), за тур да заканчэння спаборніцтваў Ева стала трохразовай чэмпіёнкай вобласці ва ўзросце да 14 гадоў. Віншуем!
Максім Мацкевіч у даволі моцнай групе заняў 9-е месца пры 15 удзельніках у катэгорыі да 12 гадоў. У яго актыве 3 перамогі, пры гэтым хлопчык палепшыў свой шахматны каэфіцыент.
Дэбютнымі сталі выступленні на такім узроўні для дзевяцікласніка Віталія Дзямідава. У выніковай турнірнай табліцы ён апярэдзіў прадстаўнікоў Глыбокага і Талачына. А вось большасць шахматыстаў з Полацка, Оршы, Віцебска аказаліся мацнейшымі за яго. У выніку юнак заняў 15-е месца з 24-х удзельнікаў. Трэнер адзначыў прагрэс у гульні Віталія.
З 23 па 30 сакавіка 2022 года ў Палацы шахмат і шашак у Мінску запланавана першынство краіны па шахматах сярод юнакоў і дзяўчат ад 12 да 18 гадоў, у якім ва ўзросце да 14 гадоў прыме ўдзел наша зямлячка Е. Іванова. Падтрымаем Еву і пажадаем лаўраў пераможцы!
Дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Ромель выказвае вялікую ўдзячнасць Алене Мацкевіч за дапамогу ў арганізацыі паездкі і суправаджэнне дзяцей на першынство вобласці ў Віцебск.
Юрый Катовіч