Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
11 января 2021

Дзякуй за прафесіяналізм!

Гэтыя словы прагучалі шмат разоў перад пачаткам аператыўнай нарады, якая адбылася 30 снежня ў Пастаўскай ЦРБ, і адрасаваліся адразу некалькім медыкам — Людміле Сямёнавай, Мікалаю Васюковічу, Таццяне Дацэнцы і Наталлі Дзеўгуць.

Чалавек-эпоха

Безумоўнай гераіняй дня стала Людміла Сямёнава — намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. Цяпер ужо былы. Па ўласнай ініцыятыве яна вырашыла больш не займаць гэту пасаду. Але з бальніцай не развітваецца — узначаліць арганізацыйна-метадычны аддзел.

— Людміла Васільеўна! Вы — эпоха ў пастаўскай медыцыне, — пачаў з асноўнага галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы. — Пасля размеркавання былі педыятрам, потым — раённым педыятрам, а неўзабаве сталі самым маладым начмедам у Віцебскай вобласці, змяніўшы на пасадзе Станіслава Саковіча. Пра ўсе гады вашай работы немагчыма расказаць у некалькіх словах, як і пра той вялікі асабісты ўклад, які вы ўнеслі ў развіццё медыцыны раёна. І гэта пры тым, што працаваць даво­дзілася ў няпростых умовах.

Функцыянальныя абавязкі Людмілы Сямёнавай былі шырокімі. На працягу многіх гадоў яна кантралявала рух усіх медыкаментаў і абсталявання, сачыла за выкананнем санэпідрэжыму, право­дзіла атэстацыю медыцынскіх работнікаў, інвентарызацыю, праз кансіліумы аказвала дапамогу хворым. І не было ніводнага выпадку, каб вынесенае Людмілай Васільеўнай на лячэбна-кансультацыйнай камісіі рашэнне, адмяніла вышэйстаячая камісія.

Талент урача і арганізатара, якім надзелена Людміла Сямёнава, заўсёды дазваляў ёй знаходзіць кантакт з усімі. Хто зменіць яе на пасадзе начмеда, пакуль вырашаецца. Аднак Уладзімір Мікалаевіч паабяцаў, што пры зацвярджэнні новага намесніка абавязкова прыслухаецца да парады былога, каб захаваць пераемнасць і зададзены рытм работы. Пажадаў Людміле Васільеўне здароўя і актыўнага даўгалецця.

«Наша мама нас пакідае», — так ад імя загадчыкаў аддзяленняў шкадаваў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ Мікалай Васюковіч. Ён заўважыў, што заўсёды здзіўляўся жалезнаму цярпенню калегі, якая не адну ноч правяла «на тэлефонах». Ад прафсаюзнага камітэта і савета медыцынскіх сясцёр за слушныя парады дзякавала старшая медсястра наркалагічнага аддзялення Алена Кузьмінова. Сама ж Людміла Васільеўна ўпэўненая, што дасягнуць многага дазволіла падтрымка калег.

Цёплыя словы і падарункі

Летась увесь свет выпрабоўваў на трываласць СOVID-19. Асабліва дасталася медыкам, якія аказаліся на пярэднім краі барацьбы з хваробай. Пачынаючы з першай хвалі пандэміі, людзі розных прафесій і ўзростаў не стамляюцца дзякаваць ім за цярпенне, міласэрнасць, прафесіяналізм, мужнасць і самаадданасць. З гэтай прыемнай місіяй завітала ў той дзень у бальніцу і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Галіна Чаплінская.

Наша аб’яднанне займаецца рэалізацыяй многіх праграм, у тым ліку гуманітарных, — гаварыла пра дзейнасць фонда. — Мне прыемна ў чарговы раз адзначыць ваш талент, дабрыню і сапраўды гераічную працу ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі. Ахвяруючы сабой, вы ратуеце жыцці і здароўе іншых. Шчыры вам дзякуй.

За асабісты ўклад у барацьбу з СOVID-19 Галіна Мікалаеўна ўручыла начальніку і старшай медыцынскай сястры аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ Мікалаю Васюковічу і Наталлі Дзеўгуць, а таксама ўрачу-тэрапеўту аддзялення ўрачоў агульнай практыкі паліклінікі Таццяне Дацэнцы пледы.

Вераніка Філановіч, газета «Пастаўскі край».Фота аўтара

Людміла Сямёнава атрымлівае букет ад галоўнага ўрача

Галіна Чаплінская ўручае плед Наталлі Дзеўгуць