Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
19 октября 2021

Будзем ведаць і ганарыцца

5 кастрычніка 75 гадоў споўнілася нашаму земляку, доктару тэхнічных навук, прафесару, генеральнаму дырэктару Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Зянону Лоўкісу. Да яго юбілею ў раённым краязнаўчым музеі адкрылася невялікая выстава.

Экспазіцыя размясцілася ў рэкрэацыі на другім паверсе ўстановы. Складаецца яна з фота­здымкаў і пераважна навуковай літаратуры, падораных музею самім вучоным.

Зянон Лоўкіс — часты госць у гэтых сценах, — расказвала галоўны захавальнік фондаў музея Дзіна Вялічка. — Штогод ён прыязджае на сваю малую радзіму, у вёску Мажэйкі, каб праведаць магілы бацькоў і тое месца, дзе калісьці стаяла бацькоўская хата. Сёння ад былой сядзібы застаўся толькі калодзеж, пабудаваны ў свой час Зянонам Валянцінавічам. І ў кожны такі прыезд ён абавязкова заглядвае да нас. Прыходзіць, як правіла, не з пустымі рукамі. Прынясе то фотаздымак, то зборнік матэрыялаў са сваімі навуковымі работамі, то нейкі новы прадукт, распрацаваны навукова-практычным цэнтрам, які ўзначальвае. Пры гэтым раскажа, як распрацоўвалася навінка і чым яна карысная, правядзе для нас невялікі лікбез на тэму здаровага харчавання.

Што да выставы, то ўвагу наведвальніка прыцягваюць перш за ўсё фотаздымкі. На іх Зянон Валянцінавіч дома ў акружэнні жонкі, дзвюх дачок і ўнукаў, на Пастаўшчыне разам з роднымі і блізкімі, са сваёй першай настаўніцай, на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік», міжнароднай выставе-кірмашы «Прадэкспа», адкрыцці новабудоўлі для супрацоўнікаў НПЦ НАН Беларусі па харчаванні, падчас выступлення на навукова-практычным семінары, падпісання дамоўленасці аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі, прысваення звання «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь». Акрамя гэтай дзяржаўнай узнагароды, Зянон Лоўкіс мае медаль «За працоўныя заслугі» і ордэн Пашаны. Таксама ў 2015 годзе яму ў складзе калектыву аўтараў прысуджана прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл работ «Мадыфікаваныя крухмалы для народнай гаспадаркі». Пра шлях вучонага ў навуку і ўклад у яе апавядае змешчаная побач з экспанатамі кароткая даведка.

Экспазіцыя пра славутага земляка была гатова яшчэ ў канцы верасня. А неўзабаве музей наведалі сябры і калегі Зянона Лоўкіса з акадэміі навук, якія прыязджалі на Пастаўшчыну, каб зняць фільм пра юбіляра. Выстава ўвайшла ў яго.

 У раённым краязнаўчым музеі ёсць матэрыялы і пра іншых ураджэнцаў пастаўскага краю, якія многага дабіліся ў жыцці, сталі вядомымі ў Беларусі людзь­мі. Па словах Дзіны Вялічкі, у далейшым пра іх таксама будуць зроблены выставы, каб жыхары раёна ведалі сваіх землякоў і ганарыліся імі.

Алена Шапавалава, газета «Паcтаўскі край»