Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
7 апреля 2021

7 новых аб’ектаў адкрылася ў Паставах за першыя тры месяцы 2021 года

Яшчэ тры прымуць першых наведвальнікаў у самы хуткі час.

Пра гэта «ПК» паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама.

Самы буйны гандлёвы аб’ект расчыніў свае дзверы ў мікрараёне 6-га гарадка — у перадапошні дзень сакавіка тут пачаў дзейнічаць магазін нізкіх цэн Fix Price. Непадалёк ад яго, таксама па вуліцы Зялёнай, адкрыўся «Питомец» — там прадаюць зоатавары. Па Касманаўтаў сёлета з’явіўся магазін «Товары по 2,99», па вуліцы Ленінскай запрацаваў «Амур», па Савецкай — «Мясо тут» і«Адель» (у апошнім можна набыць тавары для манікюра, педыкюра і іншыя). Па вуліцы Крупскай пачалі прадаваць лесаматэрыялы.

Тым часам поўным ходам ідзе падрыхтоўка да адкрыцця магазінаў «Светофор» (ён размесціцца на рынку «Гарызонт»), «ХитЭкспресс» (па вуліцы Чырвонаармейскай), «Свежина» (па Ленінскай).

У красавіку адбудзецца і пераспецыялізацыя ўніверсама «Цэнтральны»: замест яго адкрыецца магазін «ProЗапас».

— Там стане выгадна куп­ляць не адну адзінку тавару, а некалькі. Тады яго кошт стане ніжэйшым, бо будзе прымяняцца дыферэнцыраваная скідка. І чым больш аднолькавых тавараў вы купіце, тым большую выгаду атрымаеце, — тлумачыла дырэктар Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Ганна Сянько. — У асноўным будуць прадавацца прадукты, хаця прапануем і невялікую групу нехарчовых тавараў: бытавую тэхніку, бытавую хімію і іншыя. Цяпер у магазіне ідзе рамонт. Ужо закуплена новае халадзільнае абсталяванне, шафы, вітрыны. На больш сучасны памяняецца і дызайн памяшкання — ён будзе ў шэра-чорных колерах.

У хуткім часе з’явіцца ў Паставах і новы аб’ект грамадскага харчавання — сямейнае кафэ DZ Burger па вуліцы Савецкай. Яго адкрыццё запланавана на другую палову красавіка.

Іна Сняжкова, газета “Пастаўскі край.”